Арцём Задруцкі быў адным з тых, хто за кароткі каментар пра забойства Андрэя Зельцара атрымаў 3 гады пазбаўлення волі. Гэта было адно слова: “Карнік”. Гукарэжысёр і 2D-аніматар цалкам адбыў тэрмін, згубіўшы ў зняволенні слых на адно вуха, і цяпер ён пачынае жыццё ў Польшчы. Мы паразмаўлялі з былым палітвязнем пра асаблівыя ўмовы для затрыманых у межах “справы Зельцара”, раз’яднанне ягонай сям’і і сустрэчы з Анджэем Пачобутам.
На BySol адкрыты збор для падтрымання Арцёма Задруцкага – заданаціць можна праз спасылку.
– У няволі вы згубілі слых на адно вуха. Як здароўе цяпер?
– Лекары кажуць, што вярнуць цалкам слых нерэальна, але можна паспрабаваць узнавіць яго часткова. Дзякуй праграмам падтрымкі – я праходжу лячэнне.
– Праблема са слыхам ці ўплывае на вашую прафесійную дзейнасць?
– Без бінаўральнага слыху я больш не магу працаваць гукарэжысёрам. Я ў прынцыпе цяпер не магу працаваць, бо гуманітарная віза скончылася, а рашэння аб міжнароднай абароне можна чакаць нават цягам года. З гэтай праблемай сутыкаюцца многія, хто прыязджае ў Польшчу. Пакуль была дзейная віза, я шукаў працу. Я доўга працаваў у IT-сферы 2D-аніматарам, але ў турме часткова страціў навыкі. За гэты час узровень спецыялістаў стаў значна вышэйшы, мне складана з імі канкураваць.
За два ці тры месяцы я падаўся на больш як сто вакансіяў у сферы IT, але многія (у тым ліку беларускія) кампаніі не хацелі браць мяне на працу праз пэўны бэкграўнд і праблему прафесійных навыкаў. Цяпер я жыву на назапашаныя сродкі, кампенсацыя за адвакатаў пайшла на арэнду, штомесячных 750 злотых ад польскага ўраду хапае на мінімальны прадуктовы кошык. Пакуль займаюся творчасцю – ужо не музыкай, але спрабую пісаць кнігу і перапісваю вершы, якія ад рукі пісаў у турме, каля трохсот. Таксама малюю карціны – магчыма, удасца зрабіць выставу.
– У турме творчасць дапамагала вам ператрываць?
– Вядома, гэта своеасаблівая псіхалагічная практыка – ты канцэнтруешся, трэнуеш мозг, выліваеш эмоцыі, каб не згубіць сябе. Але кожны аператыўнік можа знайсці вершы і нейкія не тыя словы ў іх, і ты рызыкуеш атрымаць пакаранне альбо нават новы крымінальны артыкул.
– Ці адчулі вы, што да затрыманых у межах справы Зельцара асаблівае стаўленне?
– Мяркуючы з усяго, быў асобны загад КДБ, як сябе з намі паводзіць. Нас з розных гарадоў звезлі ў Жодзіна і трымалі ў асаблівым рэжыме, які называлі каранцінам, але фактычна прымянялі да нас меры, якія ўжываюць да асуджаных на смяротную кару. Мы паўтара месяца заставаліся ў рэжыме інкамунікада. На нас хіба выпрацоўвалася следчая і судовая практыка, як весці такія масавыя справы.
– Як зняволенне паўплывала на вас агулам?
– Не скажу, што выйшаў у дрэнным псіхалагічным стане, пазіцыя старонняга назіральніка дапамагла захаваць адэкватнасць і нават зрабіцца мацнейшым. Але ўжо па вызваленні мне прыкра бачыць, што з-за дробных сварак губляецца нашая салідарнасць, што кожны цягне лапік гэтай няшчаснай коўдры на сябе, замест таго, каб аб'ядноўвацца і разам развязваць праблемы. Я шмат чаго не разумею: напрыклад, як так званыя палітычныя лідары прапаноўваюць дамаўляцца з рэжымам. Дамаўляцца з кім, з людажэрам? Гандлявацца з тэрарыстам бязглузда, ён не будзе выконваць абяцанняў, у калоніях усе разумеюць, што сістэма падманвае цябе штодня, на хаду мяняючы правілы. Мяне дзівіць таксама, што нават тыя, хто з’ехаў, зараджаныя страхам.

– А вы чаго баіцеся?
– Мне баяцца няма чаго, я згубіў сям'ю, прафесію і ўсё, што ў мяне было, – у мяне нічога не засталося, я з'ехаў з пустымі кішэнямі. Мая сям'я раз'яднаная, родныя вырашылі застацца, і я не магу паўплываць на іхны выбар. Жонка ад мяне сышла – рашэнне аб разводзе прыйшло перад судом. Я ўспрымаю гэта як здраду, і я больш не кантактаваў з гэтым чалавекам.
– Як гэта, атрымаць такое паведамленне ў няволі?
– Для многіх, не толькі для мяне, гэта вялізны шок і стрэс. Такое здараецца часта і лічыцца звычайным. Мой шлюб распаўся пасля дванаццаці гадоў, а ў некаторых – пасля дваццаці гадоў. Ад асуджаных за тэрарызм, бывае, адхрышчваюцца ўсе сваякі, і чалавек застаецца сам-насам з людажэрскай сістэмай.
– Што самае разбуральнае для вас было ў беларускай турме?
– Стаўленне – яно ўражвае. Уражвае, як хутка чалавек робіцца садыстам, што за прэміі і новыя пагоны ён ламае, збівае, катуе і гатовы пасадзіць цябе на шалёныя тэрміны. І ён не адчувае сябе садыстам, хіба спакойна ідзе дадому, цалуе жонку і дачку.
– Чаму вы абвяшчалі галадоўкі?
– У мяне не было іншага выйсця. Першы раз, калі я часткова згубіў слых, мне была патрэбная медычная дапамога, другі раз я абвясціў галадоўку, каб да мяне запрасілі доктара. На першай мяне хапіла на 10 содняў, мне тады было ўжо зусім кепска, на другой я пратрымаўся менш за содні, пакуль не прыйшоў доктар. Я пісаў афіцыйныя заявы аб галадоўцы, начальнік аператыўнай службы абяцаў размазаць мяне па нарах. У калоніях медычнай дапамогі не аказваюць – як палітычным, так і непалітычным, бо ты для іх апрыёры сімулянт. Да таго ж палітычным, у тым ліку людзям з хранічнымі захворваннямі, не перадаюць лекаў. Пры мне ў калоніі Кірыл Камароў з'ехаў з прабадной язвай – ён больш за дзесяць дзён скардзіўся на боль у жываце, у выніку яго проста вынеслі з жылога блоку і выклікалі хуткую. Хваробы звязаныя з псіхалагічным ціскам, людзі хварэюць з-за банальнай псіхасаматыкі.

– Ці бачылі вы ў наваполацкай калоніі Анджэя Пачобута, Віктара Бабарыку, Ігара Лосіка?
– З Анджэем я бачыўся, калі ён толькі-толькі прыехаў з турмы, ён быў змучаны і бледны, як усе людзі з турмы, але трымаўся малайцом, не выказваў упадніцкіх настрояў. Таксама бачыў яго, калі пасля дзесяці дзён у ШІЗА яго ненадоўга паднялі ў атрад, і ён два разы выходзіў на прамзону. Потым яго закрылі ў ПКТ. Ён трымаўся вельмі добра, стойка. Усе адэкватныя хлопцы стараліся яго нейкім чынам падтрымаць, пыталі, ці яму нешта патрэбна.
Віктар Дзмітрыевіч таксама стойкі чалавек, хаця ў дачыненні яго ўжываюць інтрыгі і маніпуляцыі. Шмат хто хацеў дапамагчы яму хоць неяк, але любая дапамога яму абарочваецца соднямі ў ШІЗА. Я бачыў яго ўвечары падчас праверак, калі быў на каранціне, – ён моцна схуднеў, яго тады некалькі разоў выводзілі ў медсанчастку. Хутка прайшла пагалоска, што яго вывезлі ў шпіталь на аперацыю, маўляў, ён упаў, зламаў дзве рабрыны і прабіў сабе лёгкія. Але ён не выглядаў як чалавек, які можа настолькі згубіць канцэнтрацыю, і я ведаю, што ў калоніях людзей збіваюць у ШІЗА, а ў СІЗА і сам атрымліваў па нырках. Ігара я не бачыў, але чуў размовы ў курылцы, што ён дрэнна выглядае, ён тады акурат атрымаў апавяшчэнне аб разводзе і быў моцна прыгнечаны гэтаю весткай.
– Вас не раз’юшвае, што вы згубілі амаль тры гады жыцця за адно слова?
– Раз’юшвае, вядома. Злуе неразуменне, што такое прававая база. Я вучыўся ў МДУ імя Ламаносава ў Маскве, але калі працаўнікі ФСБ на лекцыях пачалі трактаваць законы так, як ім хочацца, зразумеў, што далей вучыцца ў гэтай сферы не хачу. Мяне раз’юшвае, што людзі лічаць сябе абаронцамі права і справядлівасці, але самі банальныя садысты і фашысты. Мяне злуе, што ў зняволенні застаюцца людзі, гэтак жа, як я, несправядліва асуджаныя праз амбіцыі іншых на 300 рублёў павысіць сабе заробак.

– Што вы думаеце рабіць далей, якія планы?
– Вучыцца, спрабаваць знайсці працу, будаваць жыццё наноў, працягваць змагацца і выказваць сваё меркаванне – у мяне іншага выбару няма. Шкада, што частка праграмаў падтрымкі можа хутка згарнуцца праз адсутнасць фінансавання. Гэта праблема, бо эвакуявацца цяпер будуць больш, і пасля турмы людзі часта застаюцца без сродкаў на існаванне. Падтрыманне былых палітвязняў і так разрозненае, няма сістэматычнага аднаўлення для тых, хто выйшаў з турмы. Табе дапамогуць матэрыяльна і з медыцынай, але важная і адаптацыя ў іншай краіне. Каб знайсці працу, я звяртаўся ў агенцтвы, створаныя ўкраінцамі, бо беларусы стварыць такіх не змаглі. Беларускі бізнес, які рэлакаваўся, цудоўна разумее гэтыя праблемы, і ўсё ж праблемы застаюцца. Таму адаптацыяй ты займаешся сам.
Размаўляла Ірэна Кацяловіч belsat.eu