навіны

Чэргі на мяжы ў Берасці не зменшацца: польскія службы заявілі, што не могуць прапускаць транспарт хутчэй

Памежны пераход «Тэрэспаль» на польска-беларускай мяжы. Фота: Белсат
Памежны пераход «Тэрэспаль» на польска-беларускай мяжы. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Апошнім часам 500 легкавікоў у чарзе на ўезд з Беларусі ў Польшчу — звычайная справа. «Белсат» спытаў у памежнікаў і мытнікаў суседняй краіны, ці будуць прынятыя захады, каб падарожнікі міналі мяжу хутчэй. Адказ атрымалі несуцяшальны.

Пункт пропуску «Грыгароўшчына – Патэрніекі» на беларуска-латышскай мяжы. Фота: granica_bypl / Telegram

Латвія пастанавіла пускаць у асобных выпадках аўты з беларускімі нумарамі

навіны

Яшчэ перад анансаваным закрыццём літоўскай мяжы для легкавых аўтамабіляў з беларускімі нумарамі «Белсат» спытаў Памежную ахову Польшчы, ці плануецца павялічыць лік афіцэраў у Тэрэспалі, бо чакалася, што транспартавыя плыні скіруюцца туды. Два тыдні таму спікер Надбужанскага аддзелу Дар'юш Сеніцкі запэўніваў, што «калі ўзнікне неабходнасць, будуць накіраваныя дадатковыя афіцэры, каб зарэгістраваць болей падарожнікаў».

Вільня правілы змякчыла, дазволіўшы пры пэўных умовах уезд зарэгістраваных у Беларусі аўтаў. Адно з такіх умоваў — віза, выдадзеная Літвою, або дазвол на жыхарства ў Літве. Таму, нягледзячы на паслабленне, чэргі ў Берасці ўсё адно падраслі.

«Белсат» зноў звярнуўся ў Памежную ахову Польшчы з пытаннем, ці не настаў час, каб паскорыць працу службоўцаў у Тэрэспалі і каб падарожнікі не стаялі ў чарзе больш за содні. Прадстаўнік Надбужанскага аддзелу Павэл Смык даў зразумець, што нічога не зменіцца:

«Памежная служба адэкватна рэагуе на колькасць аўтамабіляў і аўтобусаў, што чакаюць памежнага кантролю, тым самым забяспечваючы бесперабойнае мінанне памежнага кантролю».

У мытнай службе, афіцэры якой таксама працуюць у Тэрэспалі, заявілі, што нагоды для дадатковых сілаў у пункце пропуску няма. Такі адказ «Белсат» атрымаў ад прэс-сакратара палаты падатковага адміністравання ў Любліне Міхала Дэруся:

«Цяперашні лік мытнікаў на памежным пераходзе з улікам інфраструктуры і колькасці палос з’яўляецца дастатковым для існай турыстычнай плыні».

Дэрусь растлумачыў чэргі на адзіным памежным пераходзе, які цяпер працуе на беларуска-польскай мяжы, уведзенымі супраць Беларусі і Расеі санкцыямі:

«Доўгі час чакання тлумачыцца не адсутнасцю дастатковай колькасці службоўцаў, а цяперашняй геапалітычнай сітуацыяй і чыннікамі, што не залежаць ад памежных службаў. Ідзецца пра неабходнасць правяранняў з мэтаю выканання санкцыяў, уведзеных з увагі на вайну ва Украіне, спраўджваюцца тавары і арганізацыі, залучаныя ў санкцыйныя спісы».

Пры гэтым у мытнай службе адзначылі, што складана падлічыць прапускную здольнасць пераходу ў Тэрэспалі, бо яна «залежыць ад шэрагу чыннікаў». Сярод такіх фактараў — лік асобаў у адной машыне, ці дэкларуюцца тавары, ці маюцца падставы для дэталёвага дагляду аўта.

«Кожны выпадак разглядаецца індывідуальна, і мытная служба праводзіць афармленне без празмерных затрымак», — запэўніў Міхал Дэрусь.

Ён таксама нагадаў, што хуткасць мінання мяжы залежыць і ад беларускіх службаў у пункце «Варшаўскі мост».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат

Паводле звестак Дзяржаўнага памежнага камітэту на 14:00, у чарзе ў Берасці — 500 легкавікоў. У Telegram-чатах пішуць, што гэта каля 38 гадзінаў чакання. Дадому — свабодна, на абедзве мяжы патрабуецца каля 40 хвілінаў.

Аўтобусаў у «Варшаўскім мосце» цяпер 16. Гэта прыкладна 12 гадзінаў чакання.

У «Каменным Лозе» на мяжы з Літвою — 35 аўтаў, варта закладаць каля 7—8 гадзінаў. У сумежным «Мядзінінкаі» чарга невялікая, не больш за 10 легкавікоў.

«Беняконі» — пустыя, чэргаў няма ў абодва бакі. Як сведчаць у чатах, мяжу мінаюць за некалькі гадзінаў.

Аўтобусных чэргаў на мяжы з Літвою таксама няма.

Такая ж сітуацыя ў «Грыгароўшчыне» на мяжы з Латвіяй: чэргаў няма, на ўсё пра ўсё патрабуецца каля гадзіны.

Сцяпан Кубік belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10