Еўрапейскі Звяз працягне даваць зброю Украіне нават падчас магчымага спынення агню, каб умацаваць яе пазіцыі на перамовах і перадухіліць новую атаку з боку Расеі.
Пра гэта заявілі некалькі дыпламатаў у Бруселі напярэдадні паседжання Рады ЕЗ у замежных справах, піша выданне DW.
Адзін з еўрапейскіх дыпламатаў адзначыў, што «Еўразвяз дамагаецца таго, каб Украіна была ў найбольш моцнай пазіцыі на мірных перамовах і магла адмовіцца ад “дрэннай”, як сказаў бы Трамп, угоды і выбраць найбольш выгадны для сябе момант для перамоваў». Паводле яго, Еўразвяз не спыніць перадачы зброі, нават калі Расея запатрабуе гэтага як умовы замірэння.
Іншы дыпламат таксама падкрэсліў неабходнасць узмацняць Украіну нават падчас спынення агню: «Ні ў якім разе нельга рабіць наадварот».
Трэці прадстаўнік ЕЗ заявіў, што Украіну трэба ператварыць у «сталёвага дзікабраза»: «Баявыя дзеянні працягваюцца, але нават калі наступіць перапынак, важна зрабіць Украіну моцнай, каб не даць Расеі шанец на перагрупоўванне і новую атаку».
,,«Ідэя ў тым, каб Украіна, знаходзячыся ў моцнай пазіцыі, магла стрымліваць Расею ў выпадку аднаўлення баявых дзеянняў», – падкрэсліў яшчэ адзін дыпламат, адзначыўшы, што мэта хаўруснікаў – умацаваць абаронныя магчымасці Украіны.
Пытанне пра спыненне агню і падтрыманне Украіны будзе абмяркоўвацца 17 сакавіка на паседжанні Рады ЕЗ у замежных справах, у якім возьме ўдзел украінскі міністр Андрэй Сыбіга.
У Бруселі адзначаюць, што бяспека Украіны звязаная з бяспекай усяго Еўразвязу, таму ЕЗ не прыме ніякіх перамоваў пра будучыню Еўропы без свайго ўдзелу.
Акрамя таго, міністры разгледзяць ініцыятыву Каі Калас адносна новага пакету вайсковай дапамогі Украіне на суму ад 20 да 40 мільярдаў еўраў. У пакет плануецца ўключыць перадачу артылерыйскіх снарадаў, сістэмаў супрацьпаветранай абароны і навучанне ўкраінскіх вайскоўцаў у 2025 годзе.
Паводле аднаго з дыпламатаў, 20 мільярдаў еўраў – гэта сума, якую ЕЗ ужо вылучыў Украіне ў 2024 годзе, а 40 мільярдаў павінны кампенсаваць магчымую адмову ЗША ад дапамогі. Тым не менш на саміце ЕЗ 20–21 сакавіка наўрад ці будзе прынятае канкрэтнае рашэнне. Вугоршчына, як чакаецца, адмовіцца падтрымліваць ініцыятыву, і нават сярод краінаў, якія падтрымліваюць план, застаюцца пытанні пра яго рэалізацыю, уключаючы фінансаванне і тэрміны даставы.
Нагадаем, падчас перамоваў з Украінай у Джыдзе 11 сакавіка ЗША прапанавалі 30-дзённае спыненне агню. Уладзімір Зяленскі пацвердзіў гатовасць да замірэння, калі на гэта пагодзіцца РФ. 13 сакавіка стала вядома, што спецпасланнік Доналда Трампа Стыў Ўіткаф ужо правёў перамовы ў Расеі.
Да гэтага падчас сумеснай прэс-канферэнцыі з Аляксандрам Лукашэнкам Уладзімір Пуцін сказаў, што ён выступае за трывалы мір, але не супраць і прапановы ЗША, толькі пры гэтым сфармуляваў некалькі пытанняў, якія замінаюць такому сцэнару. Адно з іх датычыць лёсу ўкраінскіх вайскоўцаў, якія нібыта застаюцца на тэрыторыі Курскай вобласці ў Расеі і блізкія да акружэння. Пуцін прапанаваў, каб яны здаваліся ў палон. Кіраўнік Расеі таксама сказаў, што не разумее, як забяспечыць маніторынг выканання замірэння на ўсёй лініі фронту, якая мае працягласць больш за 2000 кіламетраў.
Раман Шавель belsat.eu