Яе папулярнасць настолькі вялікая, што «феномен Тэйлар Сўіфт» вывучаюць у амерыканскіх універсітэтах, а журналісты ўпэўненыя, што кантры-спявачка магла б лёгка перамагчы на выбарах прэзідэнта ЗША.
Тэйлар Сўіфт – адная з самых прадаваных музыкаў усіх часоў, якая перасягнула поспех Бітлз, Майкла Джэксана і Брытні Спірс. Яна – самая папулярная спявачка ў «Spotify» і адзіная музыка ў гісторыі, якая стала чалавекам года па версіі часопіса «TIME».
Яна – самая багатая жанчына-музыка, у якой музыка – асноўная крыніца даходу (у адрозненне, напрыклад, ад Рыяны, якая зарабляе не на музыцы). Яе апошні тур «The Eras» мае ўсе шанцы стаць самым касавым у гісторыі музыкі. І пры гэтым яна неверагодна прадуктыўная: мала хто паспеў выдаць 11 альбомаў, усе з якіх камерцыйна паспяховыя. Дадайце сюды рэкордныя чатыры «Грэмі» за лепшы альбом, званне самай маладой у спісе ўплывовых жанчын «Forbes» і шмат іншых рэкордаў.
Нядрэнна для 34-гадовай дзяўчыны з простай амерыканскай сям'і, праўда?
Пра феномен Тэйлар Сўіфт «Белсат» паразмаўляў з музычным крытыкам і пісьменнікам Аляксандрам Чарнухам.

Дзякуючы чаму і каму з'явіўся феномен Тэйлар Свіфт?
– Кантры – супер папулярны жанр у ЗША са сваімі лакальнымі суперзоркамі. Ці чулі вы што-небудзь пра Зака Браяна (тры намінацыі і перамога на Грэмі), ці пра Моргана Уолена (стос узнагарод ад Білборд). ЗША – гэта велізарны рынак, і ты можаш быць супер паспяховым артыстам у роднай краіне і зусім невядомым спеваком у іншых.
Яшчэ адзін важны складнік яе поспеху – яе вобраз.
Гэта такая сэлфмэйд дзяўчына, якая прайшла пакручасты шлях і дагэтуль пакутуе ад фантомных аб’юзіўных стасункаў, але неяк здолела пераступіць праз іх і стаць паспяховай артысткай. Тэма зразумелая і блізкая, Тэйлар – ролевая мадэль для сваёй аўдыторыі. Але за вобразам тоненькай дзяўчыны з гітарай у руках стаіць цэлая каманда піяршчыкаў, маркетолагаў, кам’юніці-менеджараў, якія ствараюць гэты глабальны поспех артысткі. Гэта не ўнікальны прыклад менавіта такога падыходу, але самы паспяховы. Ты можаш не ведаць ніводнай песні Тэйлар Сўіфт, але яе імя ўсё роўна будзе гучаць з кожнага праса. Такі эфект масавай гістэрыі захоплівае, і нават калі ты не дужа фанат артысткі, усё роўна захочаш зірнуць, вакол чаго столькі захаплення і спрэчак.

Яе вобраз настолькі рафінаваны і салодкі, каб падабацца найбольшай колькасці людзей па ўсім свеце – гэта як з фільмамі карпарацыі «Марвэл». Законы глабальнага бізнесу, перанесеныя на шоў-індустрыю, – кажа Аляксандр Чарнуха. – Усе ведаюць, што яна звышпапулярная, але калі гаворка заходзіць пра саму творчасць, пачынаецца шмат пытанняў. Мне падаецца, у гэтым і есць галоўны парадокс спявачкі – вось такі глабальны поспех пры адсутнасці чалавечай суперхарызмы. Мне складана ідэнтыфікаваць песні Сўіфт і нават яе тэмбр голасу. Гэта такі джэнерык-кантэнт, які вельмі ўдала прадаюць як унікальную гісторыю. Мы такое бачылі не адзін раз, але гэта, бадай, галоўны поспех маркетолагаў шоў-індустрыі.
Але ва Усходняй Эўропе ў яе куды менш паклоннікаў, чым у ЗША і Заходняй Еўропе, таму зразумець яе феномен яшчэ складаней.
Я б сказаў, што гістарычна мы больш успрымаем музыку праз яскравыя мелодыі. Меладызм – гэта асноўны складнік поспеху замежных артыстаў у славянскіх краінах.
Відавочна, Тэйлар Сўіфт не пра запамінальныя мелодыі, таму ўспрымаецца ў нашым кантэксце не так адназначна. Плюс, думаю, глабальны брэнд пад шыльдай «Тэйлар Сўіфт» проста не зацікаўлены ў сваіх «прадстаўніцтвах» у нашым рэгіёне.
Тэса Анэйда belsat.eu