навіны

У Літву вярнулі 10 чалавек, аўтобусы з ЕЗ цяпер моцна спазняюцца. Сітуацыя на мяжы

«Варшаўскі мост» 2 жніўня 2024 года
«Варшаўскі мост» 2 жніўня 2024 года. Фота: gpk.gov.by
podpis źródła zdjęcia

На выездзе з Беларусі ў ЕЗ да поўдня 2 жніўня ўтварыліся вялізныя чэргі – амаль 1000 легкавых машынаў і 65 аўтобусаў. Пры гэтым беларусаў пачалі пільна правяраць пры выездзе з Літвы, а аўтобусы з Варшавы і Вільні моцна спазняюцца. «Белсат» распавядае пра галоўнае на мяжы.

Літоўцы не пускаюць у Беларусь з еўрамі


Аўтобусныя чэргі памежкамітэт Беларусі фіксуе каля Тэрэспалю – 65 аўтобусаў, а таксама каля Мядзінінкаю – 11 аўтобусаў.


Пры ўездзе ў Польшчу людзі працягваюць ратавацца ад доўгага чакання, перасаджваючыся ў аўтобусы бліжэй да шлагбаума. Аднаму з пасажыраў гэта каштавала 35 рублёў, а іначай давялося б стаць у адну з лініяў, дзе чэргі з 27–28 аўтобусаў. Пішуць і пра кошты € 60 за месца ля мяжы.


«Я так разумею, лепш пад мяжу ехаць, чым два разы плаціць за квіток», – пішуць у чаце.


«Здаецца, палова нашага аўтобуса перасела», – дадае іншы карыстальнік.


Людзі адзначаюць, што чарга рухаецца вельмі павольна – прапускаюць у Польшчу аўтобусы радзей, чым раз у гадзіну.

Аўтобусныя чэргі на ўезд у Польшчу ноччу 2 жніўня 2024 года. Фота: скрыншот з памежнага чату
Аўтобусныя чэргі на ўезд у Польшчу ноччу 2 жніўня 2024 года. Фота: скрыншот з памежнага чату

Пра вялікія чэргі на ўездзе ў Беларусь не паведамляецца, аднак аўтобусы з Варшавы прыходзяць са спазненнем на 3 – 5 гадзінаў. Некаторым перавознікі дасылаюць СМС з папярэджаннем.


«Белсат» даведаўся, што такая ж сітуацыя адносна выезду з Літвы. Там затрыманні складаюць да 9 гадзінаў. Гэта звязанае з тым, што аўтобусы, якія едуць у Літву, доўга стаяць у чэргах і папросту не паспяваюць да рэйсу, які мусіць ісці назад у Беларусь.


Калі казаць пра ўезд у Літву, то чакаць даводзіцца таксама досыць доўга. Адзін з пасажыраў распавядае, што купіў квіток на аўтобус, які выязджае за 20 гадзінаў да самалёта ў Літве – атрымліваецца вельмі блізка да вылету.


На Каменным Лозе стаіць транспартная інспекцыя і штрафуе кіроўцаў, якія бяруць людзей з іншых аўтобусаў за грошы.


«Кіроўцы добрыя – некаторыя па € 50 просяць», – піша чалавек, які прадставіўся кіроўцам аўтобуса.


Для тых, хто едзе з Літвы на аўтобусе, у чаце тэма чэргаў не актуальная, але людзі скардзяцца на жорсткія правяранні. Напрыклад, у Шальчынінкаі ў пасажыраў аўтобусаў глядзяць, колькі грошай яны вязуць. Згодна з санкцыямі ЕЗ, у Беларусь нельга ўвозіць еўры. Дапушчальная норма для асабістага карыстання – € 60. З аднаго аўтобуса высадзілі 10 чалавек, склалі пратаколы і вярнулі ў Літву за перавышэнне ліміту ў € 10 – 30, а вось з новым пыласосам у Беларусь пусцілі, пішуць у чаце.


Пасажыраў, якія едуць у Беларусь, правяраюць «са значна большаю перадузятасцю, чым тых, хто кіруецца ў бок Літвы».


«Рэчы выгружаюць на стол, усе кішэнькі і гаманцы самі глядзяць», – адзначаюць у чаце. «Ужо не ведаюць, як яшчэ зняважыць беларусаў», – піша іншы.


Калі ехаць з Беларусі ў Літву, то цікавяцца толькі цыгарэтамі і спіртным, распавядаюць пасажыры.


600 легкавых аўтаў у Польшчу


Самая вялікая чарга з легкавых машынаў на ўездзе ў Польшчу – 604. Велізарная чарга сабралася праз тое, што польскія калегі тыдзень афармлялі не больш за 40 % ад нормы, адзначае Дзяржпамежкамітэт.


Людзі ў чатах, дзе абмяркоўваюць мінанне мяжы, пішуць, што бачылі, як машыну старанна даглядаў польскі бок – правяралі людзей, якія ў ёй ехалі, падымалі ашалёўку. Таксама пішуць, што праблемы менавіта праз польскіх памежнікаў.


«17 гадзінаў да зоны чакання. 7 гадзінаў у зоне чакання», – распавядае адзін з карыстальнікаў, які праходзіў мяжу амаль 30 гадзінаў. Іншы кіроўца адзначае, што на мяжу выдаткаваў 23 гадзіны.


Тыя, хто ехаў з Польшчы ў Беларусь на аўтамабілі, часцей за ўсё кажуць, што на мяжу трэба каля 10 гадзінаў.


Перад літоўскімі памежнымі пераходамі «Мядзінінкай» і «Шальчынінкай» памежны камітэт Беларусі налічыў 210 і 180 легкавікоў адпаведна.


Каб заехаць у Літву праз Мядзінінкай, адной з машынаў спатрэбілася 40,5 гадзіны – паездка доўжылася з вечара 30 ліпеня да раніцы 1 жніўня. Раніцаю 2 жніўня адзін з кіроўцаў піша, што правёў 24 гадзіны ў зоне чакання, але ўсё яшчэ 56-ы ў чарзе.


Заязджаць у Беларусь праз Мядзінінкай нашмат прасцей – пішуць, што ў чэргах да 20 машынаў, камусьці хапіла 3,5 гадзіны на праходжанне мяжы з улікам чакання ў чэргах.


Каля Шальчынінкаю ўезду ў Літву таксама чакаюць 35 – 40 гадзінаў. На доўгае чаканне пры выездзе з Літвы ў чатах не скардзяцца.


Арсен Рудэнка, «Белсат»

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10