20 жніўня Васілевостраўскі раённы суд Санкт-Пецярбургу спыніў судовую вытворчасць па справе кампаніі «Эрарта» аб нібыта «публічным дэманстраванні нацысцкай сімволікі або атрыбутыкі». Гаворка ідзе пра карціну «Фестываль» гарадзенскага мастака-манументаліста Сяргея Грыневіча і надпіс «Жыве Белаурсь» пад ёю.
Гісторыя з судом цягнецца ўжо некалькі месяцаў. У траўні гэтага году на музей сучаснага мастацтва «Эрарта» у Санкт-Пецярбургу быў складзены пратакол «за дэманстрацыю нацысцкай сімволікі», а дакладней – за надпіс «Жыве Беларусь». Інфармацыя аб гэтым з'явілася ў тэлеграм-канале кіраўнічкі аб'яднанай прэс-службы судоў Санкт-Пецярбургу Дар'і Лебедзевай. Паведамлялася, што матэрыялы справы былі перададзеныя ў суд. У іх сцвярджаецца, што 6 траўня 2024 года музей сучаснага мастацтва «Эрарта» зладзіў «публічнае дэманстраванне нацысцкай атрыбутыкі». Гэтым жа днём у экспазіцыі музею была «выяўлена» карціна беларускага мастака Сяргея Грыневіча «Фестываль», на якой намаляваны танец людзей у народных строях, а побач з імі – трое мужчынаў у строгіх дзелавых касцюмах. Пад выявай – чырвоны надпіс «Жыве Беларусь». І расцэнена гэта было як прапаганду нацызму.

Мабыць, хтосьці начытаўся пастановаў беларускага МУС, якое слоган «Жыве Беларусь!» у спалучэнні з узнятай правай рукой з распрастанай далонню ўключыла ў пералік нацысцкай сімволікі і атрыбутыкі ў лістападзе 2022 года. У адпаведнасці з пастановай, апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, лозуг «Жыве Беларусь!» паставілі нароўні са свастыкай і нацысцкім партыйным прывітаннем «Heil Hitler».
Нагадаем, патрыятычны лозунг «Жыве Беларусь!» з'явіўся яшчэ да Другой сусветнай вайны. Яго можна сустрэць у вершах Янкі Купалы, у вершах часоў Вялікай Айчыннай вайны, а таксама на савецкіх плакатах. Да 2020 году пад гэтым лозунгам выходзіла «Народная газета» – афіцыйны орган Нацыянальнага сходу Беларусі. У 2020-м лозунг «Жыве Беларусь» стаў адным з сімвалаў пратэстаў супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Адпаведна, стаў для яго «чырвонай анучай». З тых часоў за любое вымаўленне гэтага лозунгу беларусаў пераследуюць і кідаюць у турмы.
Сяргей Грыневіч –адзін з найбольш знакамітых мастакоў сучаснай Беларусі. Яго працы можна пабачыць у галерэях ЗША і Бразіліі, Кітая і Швейцарыі, Нідэрландах, Германіі, Літве, Украіне, Польшчы і Францыі… Прыватныя калекцыянеры перапрадаюць яго палотны за дзясяткі тысяч долараў. Вядома, што карціну «Фестываль» ён напісаў яшчэ ў 2014 годзе. У музеі «Эрарта» у Санкт-Пецярбургу яна з'явілася ў 2015 годзе. Таксама ёсць дадзеныя, што надпіс «Жыве Белаурсь» пад ёй быў зроблены ў 2020-м па ініцыятыве адміністрацыі самога музею.

Вядома, што адміністрацыйны пратакол на музей склалі па ч. 1 арт. 20.3 КаАП РФ («Прапаганда альбо публічнае дэманстраванне нацысцкай атрыбутыкі або сімволікі, альбо атрыбутыкі або сімволікі экстрэмісцкіх арганізацый, альбо іншых атрыбутыкі або сімволікі, прапаганда альбо публічнае дэманстраванне якіх забароненыя федэральнымі законамі»).
20 жніўня стала вядома, што суд спыніў справу аб прапагандзе нацызму супраць Пецярбургскага музею. Паведамляецца, што падчас судовага пасяджэння прадстаўнік «Эрарты» заявіў, што лозунг быў нанесены невядомым наведвальнікам музею. Таксама, як заявіла абарона, «з пратаколу вынікае, што пра негатыўны сэнс фразы «Жыве Беларусь!» можна казаць толькі ў выпадку, калі яе гавораць з паднятай правай рукой». Дадзеных фактаў, як падкрэсліў адвакат музею, устаноўлена не было. Такім чынам, бок абароны заключыў, што вытворчасць па справе павінна быць спынена з-за адсутнасці складу правапарушэння. Акрамя таго, адвакат адзначыў, што тэрміны прыцягнення музею да адказнасці скончыліся. У выніку суд вынес рашэнне спыніць вытворчасць па справе з фармулёўкай «праз заканчэнне тэрмінаў даўнасці».
Дарэчы, у снежні 2019-га Уладзімір Пуцін зняў забарону на выкарыстанне нацысцкай сімволікі і атрыбутыкі ў навуцы, мастацтве і літаратуры, калі пры гэтым няма прапаганды і апраўдання нацызму. Раней расейскія суды былі проста перагружаныя такімі справамі.
Надзея Вольная, «Белсат»