навіны

«Вечнае змаганне бяспекі і свабоды». Эксперт у лічбавай бяспецы пра затрыманне Дурава

Павел Дураў ва Узбекістане
Архіўнае фота. Павел Дураў ва Узбекістане. 30 чэрвеня 2024 года. Фота: Du Rove's Channel / Telegram
podpis źródła zdjęcia

Заснавальнік Telegram працягвае ўтрымлівацца пад вартай у Францыі, дзе ад яго, мяркуючы па ўсім, спрабуюць атрымаць доступ да інфармацыі, якая цікавіць як праваахоўнікаў, гэтак і спецслужбы. А ў Расеі ўжо пазбаўляюцца ад месінджара, які стаў вельмі карысным на вайне.

Нягледзячы на ​​тое, што афіцыйных каментароў з боку ўладаў Францыі і Еўразвязу з нагоды арышту не было, французскія медыі паведамляюць, што Дураў усё яшчэ знаходзіцца пад вартай. Гэта можа цягнуцца сама меней да чатырох дзён.


Падраздзяленне жандармерыі кібербяспецы і нацыянальнае падраздзяленне французскай паліцыі ў барацьбе з махлярствам вядуць расследаванне, паведаміла крыніца, дадаўшы, што следчы суддзя спецыялізуецца на арганізаванай злачыннасці, піша «Reuters».


У сваю чаргу ў Telegram заявілі, што платформа выконвае законы ЕЗ, у тым ліку Закон аб лічбавых паслугах, а ейная сістэма мадэрацыі адпавядае стандартам галіны і «пастаянна ўдасканальваецца».

,,

«Абсурдна сцвярджаць, што платформа або яе ўладальнік нясуць адказнасць за злоўжыванне гэтай платформай», — напісалі ў кампаніі, дадаўшы, што чакаюць «хуткага развязання гэтай сітуацыі».


Пазітыўныя моманты затрымання

Эксперт у лічбавай бяспецы Мікалай Кванталіяні ў размове з «Белсатам» звязаў затрыманне з «вечным змаганнем бяспекі і свабоды», калі з аднаго боку карыстальнікі хочуць забяспечыць свабоду слова і бяспеку ў камунікацыі, а з другога боку дзяржава пад маркай барацьбы з тэрарызмам імкнецца атрымліваць да гэтага доступ, санкцыянаваны ці несанкцыянаваны.


«Гэта мы можам бачыць на прадмеце такіх сацыяльных сетак, як „Укантакце“ або „Аднакласнікі“, дзе расейская дзяржава з лёгкасцю атрымлівае доступ да любой інфармацыі, якая аперуе карыстальнікаў у гэтых сацыяльных сетках», — сказаў эксперт.


Пры гэтым для самога Кванталіяні права на прыватнасць з’яўляецца важнейшым. У тым ліку і таму, што ў праваахоўных службаў і так ёсць «дастаткова вялікі набор інструментаў, якія дазваляюць ім весці аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы і, адпаведна, адсочваць злачынцаў».

Архіўнае фота. Мікалай Кванталіяні. Вільня, Літва. 11 ліпеня 2024 года. Фота: Svaboda.org
Архіўнае фота. Мікалай Кванталіяні. Вільня, Літва. 11 ліпеня 2024 года. Фота: Svaboda.org

Эксперт прызнаў, што Telegram быў важным інструментам камунікацыі пратэстоўцаў у Беларусі, Іране, Расеі. Але пры гэтым ён жа стаў «дастаткова зручным інструментам рэпрэсіяў», у прыватнасці, з пункту гледжання беларускіх праваахоўных службаў, бо функцыянал месінджара дазваляў «дастаткова лёгка» ідэнтыфікаваць карыстальнікаў.


Тым не менш, паводле эксперта, няма пацверджаных фактаў таго, што якіясьці спецслужбы, у тым ліку беларускія, іранскія ці расейскія, мелі доступ да ўнутранай чат-камунікацыі, хоць часам месінджар і выдаляў няўгодныя тым рэсурсы.


Пры гэтым, на яго думку, як бізнесовец Дураў можа пайсці на саступкі ў плане сакрэтнасці і прыватнасці чатаў у Telegram, якіх ад яго чакаюць французскія ўлады.

,,

«У любым разе большасць карыстальнікаў, хутчэй за ўсё, працягне ім карыстацца, нягледзячы на ​​тое, што патэнцыйна гэта [затрыманне Дурава. — рэд. belsat.eu] можа неяк уплываць на іх бяспеку», — адзначыў Кванталіяні.


Прычыну актыўнага карыстання менавіта Telegram эксперт бачыць у яго большай зручнасці ў параўнанні з іншымі, больш бяспечнымі месэнджарамі: Signal, Delta Chat і г.д.


Агулам, на думку эксперта, у тым, што Дурава затрымалі менавіта ў Францыі, ёсць «пэўныя пазітыўныя моманты». Хаця б таму, што там ёсць вяршэнства закону, дзейнічае прэзумпцыя невінаватасці, і заснавальнік месінджара зможа сябе абараніць з дапамогай адвакатаў. Пакуль жа, адзначыў Кванталіяні, нягледзячы на затрыманне Дурава, Telegram працягвае працаваць, збояў не назіраецца.


Паміж узломам «Энігмы» і цэнзурай


Заснавальнік Telegram Павел Дураў быў затрыманы ў аэрапорце «Ля Буржэ» у Парыжы 24 жніўня. Ён прыляцеў у Парыж з Баку і мусіў правесці ў французскай сталіцы як мінімум адзін вечар, у яго там была запланаваная сустрэча. Паводле RFI, 39-гадовага мільярдэра падазраюць у бяздзейнасці (адсутнасці мадэрацыі і супрацы з праваахоўнымі органамі) супраць злачыннага выкарыстання яго месінджара. Дураву павінны прад’явіць абвінавачанні або вызваліць на свабоду.


Бяздзейнасць, на думку праваахоўнікаў, робіць яго саўдзельнікам тэрарызму, незаконнага абарону наркотыкаў, махлярства і распаўсюду дзіцячай парнаграфіі. Адзін са следчых зазначыў у размове з TF1, што Telegram ужо шмат гадоў з’яўляецца платформай № 1 для арганізаванай злачыннасці.

Старонка Паўла Дурава ў Instagram
Што кажуць пра затрыманне Паўла Дурава і прычым тут вайна ва Украіне навіны

Дураў мае рэпутацыю свабоднага бізнесоўца, амаль што дысідэнта. Вядома, што ў 2014 годзе ён быў вымушаны пакінуць Расею праз ціск пуцінскіх спецслужбаў, якія хацелі атрымаць доступ да асабістай інфармацыі ўдзельнікаў апазіцыйных суполак «Укантакце». Аднак цяпер Масква выказвае занепакоенасць лёсам мільярдэра. Намеснік старшыні Савету бяспекі Расеі Дзмітрый Мядзведзеў нават заявіў, што Дурава пераследуюць у Францыі, таму што ён «іншай крыві», ён расеец.


Выданне «Baza» піша, што пасля затрымання Дурава ў Францыі расейскім чыноўнікам прыйшло даручэнне выдаліць службовыя перапіскі ў Telegram. Такое даручэнне нібы прыйшло супрацоўнікам шэрагу сілавых ведамстваў, Мінабароны, а таксама чыноўнікам адміністрацыі прэзідэнта, ураду Расеі і некаторым буйным бізнесменам. Іншыя чыноўнікі чакалі такіх загадаў 26 жніўня.


Затрыманне таксама выклікала паніку сярод прадстаўнікоў «Z-супольнасці». Паводле іх, Telegram з’яўляецца асноўным сродкам сувязі расейскай арміі падчас вайны ва Украіне, пры яго дапамозе ў тым ліку наводзяць артылерыю, авіяцыю і ракеты. Праваенныя блогеры баяцца, што заходнія спецслужбы атрымаюць доступ да адчувальная для арміі Расеі інфармацыі і пазбавяць расейскую армію «нармальнай сувязі», бо «па сутнасці затрымалі начальніка сувязі УС РФ».


Кіраўнік Цэнтру супрацьдзеяння дэзінфармацыі пры РНБА Украіны Андрэй Каваленка параўнаў арышт Дурава са ўзломам нямецкага коду «Энігма» падчас Другой сусветнай вайны. Ён таксама дапускае, што ў Азербайджане Дураў мог шукаць сустрэчы з Уладзімірам Пуціным.


На Захадзе вядомыя асобы выказваюцца пра затрыманне Дурава ў асноўным крытычна. Амерыканскі мільярдэр Ілан Маск заявіў, што гэты інцыдэнт з’яўляецца найлепшай рэкламай першай папраўкі да Канстытуцыі ЗША, якая гарантуе свабоду слова.


Наступам на свабоду слова і спробай заходніх спецслужбаў атрымаць доступ да асабістых паведамленняў карыстальнікаў Telegram назваў затрыманне заснавальнік файлаабменнай сеткі Megaupload Кім Даткам.


Амерыканскі тэлевядоўца Такер Карлсан заявіў, што затрыманне Дурава з’яўляецца «жывым папярэджаннем для любога ўладальніка платформы, які адмаўляецца цэнзураваць праўду па загадзе ўрадаў і спецслужбаў».


Аднак ягоны калега Кевін Каліер зазначае, што «немагчыма адмаўляць, што практычна поўная адсутнасць мадэрацыі ў Telegram дазволіла злачыннасці квітнець на платформе».


Журналіст-расследавальнік Хрыста Грозеў заўважыў, што несупраца Дурава з ФСБ на карысць свабоды слова, «на жаль, цалкам нейтралізуецца яго несупрацай ні з кім, каб спыніць выкарыстанне Telegram для ўсяго жудаснага».


Вітаўт Сіўчык, Макар Мыш belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10