навіны

Што кажуць пра затрыманне Паўла Дурава і прычым тут вайна ва Украіне

Старонка Паўла Дурава ў Instagram
Старонка Паўла Дурава ў Instagram
podpis źródła zdjęcia

Затрыманне заснавальніка Telegram Паўла Дурава выклікала хвалю абурэння сярод прадстаўнікоў самых розных палітычных поглядаў. У абарону мільярдэра выступілі ў тым ліку ўлады РФ. А праваенныя Z-каналы баяцца, што затрыманне Дурава можа прывесці да таго, што ў расейскай арміі ўзнікнуць праблемы з сувяззю.


Заснавальнік Telegram Павел Дураў быў затрыманы ў аэрапорце «Ля Буржэ» у Парыжы 24 жніўня. Ён прыляцеў у Парыж з Баку і мусіў правесці ў французскай сталіцы як мінімум адзін вечар, у яго там была запланаваная сустрэча. Паводле RFI, 39-гадовага мільярдэра падазраюць у бяздзейнасці (адсутнасці мадэрацыі і супрацы з праваахоўнымі органамі) супраць злачыннага выкарыстання яго месінджэра. Зараз Дураву павінны прад'явіць абвінавачанні або вызваліць на свабоду. Яго перыяд затрымання для допыту можа доўжыцца максімум да 96 гадзін.


Французскія ўлады і праваахоўныя органы па-ранейшаму не пракаментавалі затрыманне Дурава. Першае афіцыйнае паведамленне пракуратура павінна даць сёння, 26 жніўня.


Бяздзейнасць, на думку праваахоўнікаў, робіць яго саўдзельнікам тэрарызму, незаконнага абарону наркотыкаў, махлярства і распаўсюду дзіцячай парнаграфіі. Адзін са следчых зазначыў у размове з TF1, што Telegram ужо шмат гадоў з’яўляецца платформай №1 для арганізаванай злачыннасці. Паводле звестак журналістаў, Дураў ведаў, што яго шукаюць французскія праваахоўныя органы, але ўсё роўна прыляцеў у Парыж.


Дураў мае рэпутацыю свабоднага бізнесоўца, амаль што дысідэнта. Вядома, што ў 2014 годзе ён быў вымушаны пакінуць Расею праз ціск пуцінскіх спецслужбаў, якія хацелі атрымаць доступ да асабістай інфармацыі ўдзельнікаў апазіцыйных суполак «Вконтакте». Аднак цяпер Масква выказвае занепакоенасць лёсам мільярдэра. 


У амбасадзе РФ у Францыі заявілі, што пасля з'яўлення інфармацыі пра затрыманне Дурава яны «неадкладна запыталі ў французскіх уладаў тлумачэнні аб прычынах і запатрабавалі забяспечыць абарону яго правоў і прадаставіць консульскі доступ». Дыпламаты наракаюць, што «французскі бок пакуль ухіляецца ад узаемадзеяння па гэтым пытанні». Масква таксама прапануе сакратарыяту ЮНЕСКА, які выступае за свабоду слова і забеспячэнне доступу грамадзян да інфармацыі, «ацаніць, як дзеянні Парыжа суадносяцца з гэтымі прынцыпамі».


Намеснік старшыні Савету бяспекі РФ Дзмітрый Мядзведзеў заявіў, што Дурава пераследуюць у Францыі, таму што ён «іншай крыві», ён расеец. 


«Дураву трэба, нарэшце, зразумець, што Айчыну, як і часы, не выбіраюць», - зазначыў Мядзведзеў.

З крытыкай дзеянняў уладаў Францыі выступіла прадстаўніца МЗС РФ Марыя Захарава і прадстаўнік Савету Федэрацыі Андрэй Клішас.


Віцэ-спікер Дзярждумы РФ Уладзіслаў Даванкоў заявіў, што Дурава «трэба выцягваць» і ён ужо звярнуўся з гэтай нагоды да кіраўніка МЗС Расеі Сяргея Лаўрова. Партыя Даванкова «Новыя людзі» правяла ля амбасады Францыі ў Парыжы акцыю ў падтрымку бізнесоўца.


Выданне Baza сцвярджае, што расейскім чыноўнікам прыйшло даручэнне выдаліць службовыя перапіскі ў Telegram.


Затрыманне Дурава выклікала паніку сярод прадстаўнікоў Z-супольнасці. Раней яны неаднаразова прызнавалі, што Telegram з’яўляецца асноўным сродкам сувязі расейскай арміі падчас вайны ва Украіне. Пры дапамозе гэтага мэсінджэра ў тым ліку наводзяць артылерыю, авіяцыю і ракеты.


«Telegram на дадзены момант стаў ці ледзь не галоўным сродкам кіравання падраздзяленнямі ў зоне СВА», - піша блізкі да Мінабароны РФ Telegram-канал «Рыбарь».

Цяпер праваенныя блогеры баяцца, што заходнія спецслужбы атрымаюць доступ да адчувальная для арміі Расеі інфармацыі і пазбавяць расейскую армію «нармальнай сувязі».


«Па сутнасці затрымалі начальніка сувязі УС РФ», - піша «ПНВ: Вне Формата».

Кіраўнік Цэнтру супрацьдзеяння дэзінфармацыі пры РНБА Украіны Андрэй Каваленка піша, што Telegram актыўна выкарыстоўваецца расейскай арміяй, таму арышт Дурава можна параўнаць са ўзломам нямецкага коду «Энігма» падчас Другой сусветнай вайны. Каваленка таксама дапускае, што ў Азербайджане Дураў мог шукаць сустрэчы з Уладзімірам Пуціным.


На Захадзе вядомыя асобы выказваюцца пра затрыманне Дурава ў асноўным крытычна, хаця некаторыя прызнаюць, што да Telegram сапраўды ёсць шмат пытанняў. 


Амерыканскі мільярдэр Ілан Маск заявіў, што гэты інцыдэнт з’яўляецца найлепшай рэкламай першай папраўкі да Канстытуцыі ЗША, якая гарантуе свабоду слова.

«Прывяду свой пункт гледжання: на двары 2030 год, у Еўропе вас караюць смерцю за тое, што вы лайкнулі мем. #FreePavel»
, - напісаў ён у сацсетцы X.

Заснавальнік файлаабменнай сеткі Megaupload Кім Даткам лічыць затрыманне Дурава наступам на свабоду слова і абвінавачвае заходнія спецслужбы ў намеры атрымаць доступ да асабістых паведамленняў карыстальнікаў Telegram.


Амерыканскі тэлевядоўца Такер Карлсан заявіў, што затрыманне Дурава з'яўляецца «жывым папярэджаннем для любога ўладальніка платформы, які адмаўляецца цэнзураваць праўду па загадзе ўрадаў і спецслужбаў».

«На раней свабодны свет імкліва апускаецца цемра»,
- кажа ён.


Амерыканскі журналіст Кевін Каліер зазначае, што «немагчыма адмаўляць, што практычна поўная адсутнасць мадэрацыі ў Telegram дазволіла злачыннасці квітнець на платформе», але «гэта ўсё роўна дзіўна і беспрэцэдэнтна».


Журналіст-расследавальнік Хрыста Грозеў заўважыў, што несупраца Дурава з ФСБ на карысць свабоды слова, «на жаль, цалкам нейтралізуецца яго несупрацай ні з кім, каб спыніць выкарыстанне ТГ для ўсяго жудаснага».


Глеб Нержын «Белсат»

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10