Нямецкая амбасада ў Менску зноў пачне выдаваць турыстычныя візы для беларусаў
13.06.2022, 17:41
Краіна зняла ўсе абмежаванні абумоўленыя пандэміяй COVID-19
Тэлеграм-канал «Беларусы замежжа» паведамляе, што нямецкая амбасада ў Менску ізноў пачынае выдаваць турыстычныя візы для беларусаў. З сённяшняга дня можна зноў падаваць дакументы на шэнгенскія візы.
Пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Менск, Беларусь. 16 ліпеня 2021 года. (Фота: АВ / Белсат)
Стала вядома, што ад суботы 11 чэрвеня 2022 г., усе абмежаванні на ўезд на тэрыторыю Нямеччыны, абумоўленыя пандэміяй COVID-19, былі скасаваныя.
Ад гэтага моманту зноў аднавіўся ўезд на тэрыторыю Нямеччыны для грамадзян Рэспублікі Беларусь для любых мэт паездак. У тым ліку для турызму і наведвання сваякоў і сяброў. Патрабаванне прад’яўлення даведкі аб вакцынацыі, даведкі аб перанесеным захворванні, або выніку тэсту на каронавірус, пры ўездзе на тэрыторыю краіны было таксама скасаванае.
Такім чынам амбасада Нямеччыны ў Менску зноў прымае хадайніцтвы аб атрыманні візы для любых мэт паездкі. Аднак, у сувязі з падвышаным попытам час адказу на візавыя хадайніцтвы можа павялічыцца. Таксама ахвотныя атрымаць візу могуць сустрэцца з праблемай вольных месцаў у чарзе на падачу дакументаў.
Таксама людзі, якія звяртаюцца па нямецкія візы ў Менску, адзначаюць, што ў амбасадзе часцей выдаюць мэтавыя візы на кароткі тэрмін дзеяння.