навіны

Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 14 чэрвеня

Барадзянка, Кіеўская вобласць, Украіна. 11 чэрвеня 2022 года. (Фота: Алесь Усцінаў / Белсат)
Барадзянка, Кіеўская вобласць, Украіна. 11 чэрвеня 2022 года. (Фота: Алесь Усцінаў / Белсат)
podpis źródła zdjęcia

«Белсат» падводзіць вынікі апошніх содняў поўнамаштабнай вайны

«Белсат» падводзіць вынікі апошніх содняў поўнамаштабнай вайны, якую распачала Расея ва Украіне. Пра галоўныя падзеі на вечар 14 чэрвеня чытайце ў нашым аглядзе.
Барадзянка, Кіеўская вобласць, Украіна. 11 чэрвеня 2022 года. (Фота: Алесь Усцінаў / Белсат)
Барадзянка, Кіеўская вобласць, Украіна. 11 чэрвеня 2022 года. (Фота: Алесь Усцінаў / Белсат)
Паводле звестак Генеральнага штабу ЗСУ, з моманту поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну страты расейскага войска дасягнулі 32 500 чалавек забітымі.
Цягам апошніх содняў на Данецкім і Луганскім напрамках асноўныя наступальныя дзеянні расейцаў праходзілі на славянскім, бахмуцкім і севераданецкім кірунках. Па-ранейшаму самая складаная сітуацыя цяпер у Севераданецку, дзе трываюць вулічныя баі, расейцы спрабуюць замацавацца ў цэнтры гораду.
Старшыня Луганскай абласной вайсковай адміністрацыі Сяргей Гайдай распавёў, што на тэрыторыі заводу «Азот» у Севераданецку застаюцца каля 500 мірных жыхароў, з якіх 40 – дзеці. Улады спрабуюць дамовіцца наконт гуманітарнага калідору, аднак пакуль беспаспяхова. Часам вайскоўцам удаецца кагосьці эвакуяваць, аднак абстрэлы моцна павялічваюцца, прычым расейскія войскі абстрэльваюць горад усё больш вялікім калібрам, што прыводзіць да вялікіх разбурэнняў.
Завод «Азот» у Севераданецку. (Фота: ua-ru.info)
Завод «Азот» у Севераданецку. (Фота: ua-ru.info)
Гайдай удакладніў, што ў раёне заводу і на ўскраіне гораду ўкраінскія вайскоўцы зрабілі дастаткова добрыя ўмацаванні і дакладна трымаюць пазіцыі, а перыядычна робяць контрнаступленні.
Таксама кіраўнік Луганскай АВА паведаміў пра сітуацыю з трасаю Лісічанск – Бахмут, якую Расея плануе перарэзаць. Цяпер трасу кантралююць украінскія сілы, але расейцы працягваюць яе абстрэльваць.
На іншых участках лініі сутыкнення на Данбасе войскі РФ не вялі наступальных дзеянняў, але актыўна ўжывалі артылерыю і сістэмы залпавага агню.
За межамі Усходняй зоны аперацыі расейцы ў асноўным умацоўвалі свае пазіцыі ды праводзілі ратацыю сярод асабовага складу. Адзначаюць, што на паўднёвабужскім і харкаўскім напрамках расейцы трымалі абарону, каб не дапусціць прарыву ўкраінскіх сілаў.
Запуск аператыўна-тактычнай ракеты «MGM-140 ATACMS» з пускавой сістэмы «M142 HIMARS». (Фота: U.S. Marine Corps)
Запуск аператыўна-тактычнай ракеты «MGM-140 ATACMS» з пускавой сістэмы «M142 HIMARS». (Фота: U.S. Marine Corps)
Дарадца міністра абароны Украіны Юрый Сак заявіў, што Украіна ўдзячная за зброю ад заходніх краінаў, але новыя пастаўкі не такія хуткія, як хацелася б. Ён адзначыў, што было б значна больш эфектыўна адбіваць атакі ворага і вызваляць украінскую зямлю, калі б ЗСУ атрымалі больш цяжкага ўзбраення. Дарадца міністра абароны Украіны падкрэсліў, што на гэты момант Расея мае колькасную перавагу ў артылерыі.
Прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна заявіў, што ўлады Вялікай Брытаніі дасюль не звярталіся да Масквы з мэтаю дапамагчы двум брытанцам, якіх асудзілі да смяротнага пакарання за ўдзел у вайне ва Украіне. Дзмітрый Пяскоў заявіў, што афіцыйнаму Лондану варта звярнуцца наўпрост да ўладаў «ДНР», аднак у Крамлі гатовыя выслухаць, чым могуць дапамагчы, калі да іх звернуцца.
Днямі міністарка замежных справаў Вялікай Брытаніі Ліз Трас заявіла, што зробіць усё магчымае, каб уратаваць двух брытанцаў, прысуджаных да смяротнага пакарання.
Радыё «Свабода» паведаміла пра смерць яшчэ аднаго нарадзінца Беларусі ва Украіне. Гаворка пра 35-гадова Андрэя Бабка, які ваяваў на баку Расеі. Мужчына вучыўся ў школе ў Цвяры ў Расеі, там жа скончыў сувораўскую вучэльню. Пяць гадоў праслужыў на расейскай вайсковай базе ў Таджыкістане. Ва Украіне Бабко быў у складзе танкавага выведнага батальёну.
Нагадаем, што раней стала вядома пра смерць ва Украіне яшчэ пяцёх вайскоўцаў, якія былі звязаныя з Беларуссю і ваявалі на баку Расеі.
Віцька Кавалак belsat.eu
больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10