навіны

У Польшчы хтосьці спыняе рух цягнікоў радыёсігналам. Наўрад ці гэта простыя хуліганы

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Польскія міжгароднія пасажырскія цягнікі. (Фота: Krzysztof D. / Flickr, CC BY-NC 2.0)
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Польскія міжгароднія пасажырскія цягнікі. (Фота: Krzysztof D. / Flickr, CC BY-NC 2.0)
podpis źródła zdjęcia

Серыя акцыяў можа быць працай замежных спецслужбаў, кажа даследчык тэрарызму.

У Польшчы невядомыя здабываюць доступ да радыёчастотаў чыгуначнікаў і пасылаюць спецыяльныя сігналы, якія спыняюць рух цягнікоў. 27 жніўня стала вядома, што затрымалі двух падазраваных, але акцыі не спыніліся. «Белсат» спытаў польскага эксперта, ці сур’ёзная гэтая пагроза.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Польскія міжгароднія пасажырскія цягнікі. (Фота: Krzysztof D. / Flickr, CC BY-NC 2.0)
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Польскія міжгароднія пасажырскія цягнікі. (Фота: Krzysztof D. / Flickr, CC BY-NC 2.0)
Спыненні цягнікоў сігналам «radio-stop» у апошнія дні былі ў Апольскім, Заходнепаморскім, Лодзкім, Мазавецкім, Падляскім і Паморскім ваяводствах. Ад гэтых спыненняў цягнікі не псуюцца і людзі не цярпяць фізічна, але рух цягнікоў збіваецца на пэўны час.
«Radio-stop» – гэта сістэма бяспекі, якую выкарыстоўвае польская чыгунка. Яна працуе як «дыстанцыйны стоп-кран»: калі нешта здараецца, праз радыёчастату цягнікам паступае спецыяльны гукавы сігнал, і калі цягнік ловіць такі сігнал, то ўключае экстранае тармажэнне.
Намеснік дырэктара польскага Цэнтру даследавання тэрарызму ўніверсітэту «Collegium Civitas» Анджэй Мрочэк кажа «Белсату», што за серыяй інцыдэнтаў з сігналам «radio-stop» могуць стаяць замежныя спецслужбы, – расейскія або звязаныя з Расеяй. Непасрэднымі выканаўцамі, лічыць ён, могуць быць асобы, якія дзейнічаюць з ідэалагічных ці эканамічных матываў, або асобы, якіх нечым застрашваюць. Яны могуць і не ведаць, хто кіруе акцыямі.
Хоць шэраг медыяў называе гэта кібератакамі, гэтыя атакі не лічбавыя, а аналагавыя: як расказваў выданню «Wired» польскі даследнік кібербяспекі Лукаш Алейнік, любы ахвочы можа за 30 долараў купіць звычайнае радыёабсталяванне, наладзіцца на частату 150,1 МГц і паслаць пэўныя акустычныя сігналы. Частата не сакрэтная, а апісаная ў рашэнні Еўракамісіі, і магчымасць выкарыстання такіх сігналаў абмяркоўвалі на тэматычных форумах гадамі.
Мрочэк пацвярджае: польская чыгунка ў сістэмах бяспекі абапіраецца на аналагавыя рашэнні, укаранілі яшчэ не ўсе лічбавыя сістэмы. Але ён адзначае, што ніякая сістэма не дасць 100 % бяспекі, а можна толькі аналізаваць і мінімізаваць рызыкі.
Суразмоўца «Белсату» дапускае, што за атакамі могуць стаяць і простыя хуліганы, але лічыць такую версію малаімавернай. Хіба частка спыненняў цягнікоў можа быць аматарскім капіяваннем акцыяў, інспіраваных замежнымі службамі, што ў англійскамоўных краінах называюць «copycat». Але, заўважае Мрочэк, такіх здарэнняў было вельмі шмат, што дае падставы меркаваць аб мэтанакіраванай дэстабілізацыі чыгуначнай інфраструктуры.
Мрочэк кажа, што спыненне руху цягнікоў у Польшчы ўплывае і на пасажырскія, і на грузавыя перавозкі, парушае рух усіх цягнікоў – а значыць, можа быць дыверсіяй, звязанай з пастаўкамі зброі ва Украіну.
Гэтая серыя здарэнняў нечым падобная да атак на чыгуначную інфраструктуру Беларусі ў 2022 годзе, звязаных з вайной ва Украіне. У Беларусі ўжываўся зусім іншы прынцып атак: спачатку «Кіберпартызаны» зладзілі кібератакі на сістэмы чыгункі, а потым нейкія актывісты (магчыма, удзельнікі плану «Перамога») фізічна псавалі рэлейныя шафы. У Польшчы ж дзейнічаюць не хакеры і не «фізічныя псавальнікі».
Польскія самаходныя гаўбіцы «AHS Krab»  (Фота: Bartłomiej Kucharski / Zbiam.pl)
Польскія самаходныя гаўбіцы «AHS Krab» (Фота: Bartłomiej Kucharski / Zbiam.pl)
Але вынік падобны: няма фізічных ахвяраў, але затрыманы рух цягнікоў. Падобна і тое, што чыгунка звязаная з вайной ва Украіне: у Беларусі чыгунку выкарыстоўвалі расейскія войскі, у Польшчы ж чыгунку выкарыстоўваюць для паставак зброі і боепрыпасаў Украіне. Ці могуць цяперашнія дыверсіі ў Польшчы быць праблемай у выпадку ваеннай пагрозы самой Польшчы, пацікавіліся мы ў эксперта.


,,

«Гэта мае перадусім псіхалагічны эфект застрашвання даволі простым спосабам, – адказвае Мрочэк. – Гэта можа быць таксама пэўны эфект адцягвання ўвагі ад іншых дзеянняў, якія могуць праводзіцца паралельна, а мы пра іх яшчэ не ведаем, або дзеянняў, якія ў бліжэйшай будучыні будуць выкрытыя».


Супрацоўнікі Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы (ABW). (Фота: gov.pl)

The Washington Post: расейцы вербавалі шпіёнаў, выкрытых у Польшчы, праз Telegram

навіны
Так гэта ці не, пакуль разбіраюцца польскія праваахоўнікі – распачалі крымінальную справу. Мрочэка насцярожваюць навіны аб тым, што сярод затрыманых паводле падазрэння ў дыверсіях быў, як піша RMF24, беластоцкі паліцыянт, і гэта адбываецца на тле навінаў аб расейскай агентурнай сетцы ў Польшчы ці нават працы ў Польшчы беларускіх спецслужбаў.
Алесь Наваборскі belsat.eu
больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10