Прызнанне «экстрэмісцкім» чата на 10 тысячаў чалавек і «содні» за падпіску на песню
30.01.2024, 01:22
Застаўка для песні «Sumarok-2020» Ігара Палынскага, за падпіску на якую судзілі Яўгена Міхайлоўскага. (Фота: скрыншот з відэа «Sumarok-2020» / YouTube)
podpis źródła zdjęcia
Хроніка рэпрэсій за 29 студзеня.
«Белсат» працягвае хроніку арыштаў, судоў і іншых праяваў палітычнага ціску, які штодзённа чыніць рэжым Лукашэнкі ў нашай краіне.
Застаўка для песні «Sumarok-2020» Ігара Палынскага, з (Фота: скрыншот з відэа «Sumarok-2020» / YouTube)
12 снежня супрацоўніка «Нафтана» Яўгена Міхайлоўскага арыштавалі на 15 содняў за падпіску на «экстрэмісцкую» песню ў сацыяльнай сетцы. Мужчына прызнаў віну на судзе і пацвердзіў, што сапраўды размясціў на сваёй старонцы «Укантакце» відэаролік Ігара Палынскага з назвай «Sumarok-2020», але пры гэтым адзначыў, што не ведаў, што песня была напісана пасля затрыманняў на адным з нядзельных маршаў 2020 года, а таксама не быў у курсе, што кліп уключаны ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.
У Беларусі прызналі «экстрэмісцкім» тэлеграм-чат «Poland.Business Harbour_Belarus», у якім было больш за 10,5 тысяч удзельнікаў. У яго апісанні пазначана, што гэта «суполка для тых, хто пераязджае ў Польшчу з Беларусі». Адпаведнае рашэнне прынятае судом Баранавічаў і Баранавіцкага раёну 23 студзеня. Цягам дня ад чата адпісалася каля тысячы чалавек.
Акрамя таго, спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў папоўнілі тэлегам-канал «ОНА РАЗВАЛИЛАСЬ» з архіўнымі здымкамі з постасавецкай прасторы, а таксама тэлеграм-каналы і чаты: «Наша Ніва українською», «Кадравы Рэзерв», «Хроники идейных Цыган», «Христиане против войны!», «Андрей Луганский тут», «Center Ostropa», «URBANOVICH», «Протесты в мире», «Свядомы Змагар».
Сёння стала вядома, што былога палітвязня і журналіста Сяргея Гардзіевіча арыштавалі на 15 содняў за рэпост артыкула з «экстрэмісцкага» выдання «Ганцавіцкі час», хоць у судзе журналіст спрабаваў давесці, што ў ягоных дзеяннях не было складу правапарушэння. Пры гэтым суддзя вынесла прысуд аб арышце Гардзіевіча, нягледзячы на тое, што ў журналіста пагоршылася задроўе і былі выпадкі страты прытомнасці.
Сёння стала вядома аб тым, што ў Наваполацкай ПК-1, дзе адбываюць пакаранне 106 палітычных зняволеных, у тым ліку Віктар Бабарыка, журналісты Ігар Лосік і Андрэй Кузнечык, верагодна, пачаласяч эпідэмія грыпу. Захварэць маглі сотні зняволеных.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, падчас рэйду сілавікоў на сваякоў палітвязняў 23–24 студзеня пад пераслед трапілі найменей 185 чалавек. Некалькім дзясяткам чалавек інкрымінуюць артыкулы 361-1 («Удзел у экстрэмісцкім фармаванні») і 361-4 («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»), некалькі дзясяткаў чалавек былі асуджаныя паводле адміністрацыйных справаў. Магчымай падставай для рэйдаў сілавікоў КДБ стала дапамога сем’ям палітычных зняволеных ад ініцыятывы «INeedHelpBY», якую ўлады прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем».
Траіх музыкаў з гурта «Nizkiz» перавялі ў следчы ізалятар у Менску, верагодна, на іх заведзеная крымінальная справа.
29 студзеня пачаўся суд над галоўным спецыялістам галоўнага ўпраўлення наяўнага грашовага абарачэння Нацыянальнага банку Аляксандрам Цярэшчанкам. Мужчыну судзяць паводле арт. 361-2 Крымінальнага кодэксу («Фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фармавання»).
КДБ 16 студзеня прызнаў «экстрэмісцкім фармаваннем» фонд «Fund of Belarus Friend LTD». У рашэнні ведамства пазначаныя людзі, якія нібыта маюць дачыненне да фонду: беларусы Алег Стэфановіч і Аляксандр Сырыца, а таксама эстонец Алан Ройа.
20 снежня ў судзе Ленінскага раёна Менска адбыўся суд над інжынерам Міхаілам Стаўровым паводел арт. 369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады»). Як сцвярджала абвінавачанне, у сакавіку 2021 года мужчына абразіў у каментарах Юрыя Караева, а ў ліпені 2022 года – Наталлю Качанаву. Мужчыну асудзілі да 2,5 гадоў «хатняй хіміі» і штрафу ў 3700 рублёў.