Ціск расейцаў пад Бахмутам і Данецкам. Што адбываецца ва Украіне?
26.02.2024, 20:29
Вайсковец Збройных сілаў Украіны блізу Аўдзееўкі (Фота: Генеральний штаб ЗСУ / Facebook)
podpis źródła zdjęcia
Расейцы ціснуць пад Бахмутам і Данецкам. Што вядома?
«Белсат» падводзіць вынікі 733-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 26 лютага чытайце ў нашым аглядзе.
Вайсковец Збройных сілаў Украіны блізу Аўдзееўкі (Фота: Генеральний штаб ЗСУ / Facebook)
Купянскі і ліманскі кірункі (паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)
На купянскім кірунку працягваюцца сустрэчныя баі каля сяла Сынькоўка, пра што сведчаць паведамленні расейскага і ўкраінскага камандаванняў. Таксама ў Харкаўскай вобласці войскі РФ атакавалі ў ваколіцах Табаеўкі, але паўсюль лінія фронту засталася нязменнай.
На суседнім ліманскім кірунку ініцыятыва застаецца за УС РФ, якія цягам апошніх содняў пяць разоў атакавалі каля Цернаў і Белагораўкі ў Данецкай і Луганскай вобласцях адпаведна.
На першым участку ЗСУ двойчы контратакавалі, імкнучыся вярнуць раней страчаныя пазіцыі. Аб прасоўваннях не паведамляецца.
Бахмуцкі кірунак (лінія фронту ў ваколіцах аднайменнага гораду ў Данецкай вобласці)
На бахмуцкім кірунку асноўная наступальная актыўнасць расейцаў засяроджаная ў ваколіцах населеных пунктаў Іванаўскае і Клішчыеўка (на паўднёвым захадзе і поўдні ад Бахмуту адпаведна). Паводле Генштабу ЗСУ, тут сілы абароны краіны за содні адбілі восем атак праціўніка.
Між тым аналітыкі праекту Deepstate фіксуюць прасоўванні УС РФ каля Іванаўскага.
Тэлеграм-канал украінскіх вайскоўцаў «Бахмутський Балу» піша, што і ў самім сяле сітуацыя складаная для Збройных сілаў: праціўнік мае перавагу ў жывой сіле, авіяцыі і артылерыі. Адзначаецца, што на асобных участках ЗСУ даводзіцца адыходзіць, але пра поўны выхад іх з Іванаўскага гаварыць зарана.
Каля суседняй Клішчыеўкі ўкраінцы таксама адышлі з некаторых пазіцыяў.
Аўдзееўскі і мар’інскі кірункі (на поўначы і захадзе ад Данецку)
На аўдзееўскім кірунку расейцы развіваюць наступ на захадзе ад раней занятай Аўдзееўкі – ва ўкраінскім камандаванні пішуць пра 25 безвыніковых атак праціўніка каля населеных пунктаў Севернае, Стэпавое, Бердычы, Ластачкіна і Невельскае.
Пры гэтым у Deepstate паведамляюць аб прасоўваннях войскаў РФ каля Арлоўкі і Танэнькага, і Севернага. Удакладняецца, што расейцы ўжо спрабуюць замацавацца ў крайніх дамах Арлоўкі і ў ваколіцах Танэнькага.
Акрамя гэтага аналітыкі гавораць, што з нейкі момант УС РФ прарваліся да Бэрдычаў, але потым сілам абароны Украіны ўдалося адкінуць праціўніка назад.
Праўкраінскі тэлеграм-канал «Говорять Снайпер» мяркуе, што сяло Танэнькае можа перайсці пад кантроль войскаў РФ цягам наступных некалькіх дзён, што ў першую чаргу звязана з перавагай іх у колькасці жывой сілы, артылерыі і авіяцыі.
У Міністэрстве абароны РФ пішуць, што ЗСУ контратакуюць.
На мар’інскім кірунку, паводле ўкраінскага Генштабу, назіраецца найбольшая інтэнсіўнасць наступальных дзеянняў праціўніка: тут за содні сілы абароны краіны адбілі прынамсі 40 атак у ваколіцах населеных пунктаў Краснагораўка, Георгіеўка, Пабеда і Новаміхайлаўка.
Вайскоўцы 46-й аэрамабільнай брыгады ЗСУ гавораць, што наступ расейцаў на мар’інскім кірунку ставіць на мэце выхад у тыл украінскай групоўцы каля Вуглядару. Але пры гэтым усе хады войскаў РФ чытаюцца наперад, таму цяпер прымаюцца неабходныя меры па стабілізацыі сітуацыі, у прыватнасці, перакідаюцца рэзервы з больш стабільных участкаў фронту.
Бярдзянскі, мелітопальскі і херсонскі кірункі (лінія фронту на поўдні Данецкай вобласці, а таксама ў Запарожскай і Херсонскай вобласцях)
На поўдні Украіны асноўныя баявыя дзеянні лакалізуюцца на тэрыторыі Запарожскай вобласці. У Генштабе ЗСУ паведамілі пра адбіццё адной атакі праціўніка каля сяла Гуляйпольскае (на паўднёвым захадзе ад гораду Гуляйполе) і яшчэ шасці – у ваколіцах сяла Работына (на поўдні ад гораду Арэхаў).
У Deepstate пішуць, што Работына застаецца пад поўным кантролем украінцаў, хоць праціўнік часцяком заходзіць у сяло адзіночнымі групамі, якія хутка знішчаюцца.
Расейскі ваенкор Сямён Пегаў мяркуе, што ЗСУ свядома дазваляюць войскам РФ заходзіць у Работына, каб у выніку браць іх у клешчы.
На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.
Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.