навіны

41 прашэнне і ніводнага адабрэння. Чаму Грузія не дае беларусам прытулак і ці дапамогуць дэмсілы?

Вулічнае жыццё Тбілісі, уличная жизнь в Тбилиси (Фота: Белсат)
Вулічнае жыццё Тбілісі, уличная жизнь в Тбилиси (Фота: Белсат)
podpis źródła zdjęcia

Аб’яднаны пераходны кабінет шукае шляхі выхаду на грузінскія ўлады.

За 5 гадоў, з 2019-га па 2023-ы, 41 беларус папрасіў міжнародную абарону ў Грузіі, згодна з дадзенымі мясцовага МУС. Пры гэтым ніводная заяўка не была ўхваленая. Большасць дагэтуль разглядаюцца. Па шасці кейсах былі адмовы. Разбіраемся, чаму так, што рабіць беларусам, у якіх няма іншага выйсця, акрамя як прасіць прытулак, і ці могуць паспрыяць паляпшэнню сітуацыі беларускія дэмакратычныя сілы?
Вулічнае жыццё Тбілісі, уличная жизнь в Тбилиси (Фота: Белсат)
Вулічнае жыццё Тбілісі, уличная жизнь в Тбилиси (Фота: Белсат)
Беларуска Марыя (імя змененая з меркаванняў бяспекі) жыве ў Грузіі разам з сынам з 2021 года. Пераезд быў вымушаны, як і ў многіх іншых беларусаў, у сувязі з пераследам з боку рэжыму Лукашэнкі. У Грузіі сын Марыі пайшоў у першы клас, за амаль тры гады сям’я адаптавалася да новай краіны. Наша суразмоўца нікуды больш не збіралася ехаць і хацела ў Грузіі дачакацца магчымасці вяртання дамоў, у Беларусь.
Але ў верасні 2023 года Лукашэнка падпісаў консульскі ўказ №278, згодна з якім беларусам больш нельга мяняць пашпарты за мяжой. Тэрмін дзеяння пашпарту сына Марыі скончыўся ў сакавіку 2024 года. Пакуль дакумент яшчэ быў дзейны, жанчына паспела аформіць сабе і дзіцяці дазвол на жыхарства на год. Цяпер жа беларуска збіраецца падавацца на міжнародную абарону.


,,

«Так, я думала пра ад’езд, узважвала розныя варыянты, але ўрэшце зразумела, што не хачу нікуды ехаць і нават не пацягну цяпер яшчэ адзін пераезд – у нас сышло занадта шмат высілкаў і рэсурсаў, каб тут адаптавацца, – кажа Марыя. – Цяпер нарэшце я ведаю, як тут усё працуе, я разумею гэтую краіну, і я не хачу ні для сябе, ні для сына стрэсу новай адаптацыі».


Атрымаць міжнародную абарону Марыя хоча, каб мець магчымасць аформіць медычную страхоўку.
«Бо тэарэтычна я пакуль магла б нічога не рабіць – у мяне пашпарт дзейны яшчэ 8 гадоў, дзіцяці да 12 гадоў не трэба рабіць візаран, у нас пакуль ёсць ДНЖ, але медычную страхоўку без пацверджання легальнага знаходжання ў краіне не дадуць», – тлумачыць Марыя.
Жанчына ведае пра не самую вясёлую статыстыку датычна выдачы статусу ўцекачоў беларусам у Грузіі, аднак настроеная аптымістычна.
«Няхай я стану першай, каму Грузія дасць абарону, – смяецца жанчына. – Я буду змагацца. Пры патрэбе я прыцягну ўсе магчымыя арганізацыі, грузінскія ў тым ліку. Калі адмовяць, буду судзіцца. Суды тут доўга ідуць, а за гэты час, мо, рэжым Лукашэнкі ляснецца. Агулам, я кансультавалася з юрыстамі – мне кажуць, у мяне добры кейс, і мне павінны даць прытулак. Спадзяюся на гэта».
На пытанне, ці чакае Марыя пашпарт Новай Беларусі, які нібыта павінен вырашыць праблему з легалізацыяй, жанчына кажа – не.


,,

«Я ў той пашпарт не надта веру, ды і яны ж сказалі, што дадуць яго найперш тым, у каго ёсць легалізацыя. І ці прызнае яго Грузія? Гэта вялікае пытанне», – кажа наша суразмоўца.


У падобнай сітуацыі знаходзіцца беларуская спартоўка – чэмпіёнка па тайскім боксе – Марына Зялёная – надоечы мы гутарылі з ёй пра жыццё ў Грузіі. У Марыны таксама сканчаецца пашпарт у сына, і таму яна падалася на міжнародную абарону. Агулам, з гэтай праблемай беларусы сутыкаюцца ўсё часцей, бо нашая краіна выдае дзецям пашпарт толькі на 5 гадоў. У тых, хто з’ехаў у 2020 годзе, неўзабаве пачнецца пяты год эміграцыі.
Марына Зялёная ўжо пабыла на першым інтэрв’ю ў дэпартаменце міграцыі і распавядала нам, што грузіны не асабліва разумеюць пагрозаў, з якімі могуць сутыкнуцца беларусы на радзіме, і што ім трэба вельмі дэталёва тлумачыць нашую сітуацыю. Марына таксама мае намер змагацца і выкарыстаць усе даступныя ў рамках закону інструменты, каб атрымаць статус уцекача.
Тым часам беларускія праваабаронцы не ведаюць ніводнага выпадку адабрэння беларусам прашэння аб міжнароднай абароне ў Грузіі. З 2019 па 2023 гады быў зарэгістраваны 41 зварот ад беларусаў з прашэннем прытулку, распавядае праваабаронца Раман Кісляк са спасылкай на дадзеныя грузінскага МУС. Пры гэтым у 2019 годзе быў пададзены адзін зварот – ад мужчыны ва ўзроставай групе 26 – 40 гадоў, а астатнія 40 – у перыяд з 2020 па 2023 гады. Найбольш падаваліся ў 2021 і 2023 гадах – у 2021 годзе было 10 заявак, у 2023 – 21. Колькасць заяваў рэзка павялічылася пасля выхаду консульскага ўказу №278. Да восені 2023 года прытулак прасілі пераважна беларусы, у якіх у Грузіі нараджаліся дзеці, а за пашпартам для немаўляці бацькі не маглі паехаць у Беларусь, зазначае праваабаронца.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Святкаванне Дня Волі ў Тбілісі. Беларусы сабраліся на акцыю да 106-годдзя БНР на плошчы перад будынкам парламента. Тбілісі, Грузія. 24 сакавіка 2024 года. (Фота: Белсат)
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Святкаванне Дня Волі ў Тбілісі. Беларусы сабраліся на акцыю да 106-годдзя БНР на плошчы перад будынкам парламента. Тбілісі, Грузія. 24 сакавіка 2024 года. (Фота: Белсат)
«Заявы не былі ўхваленыя, гэтыя дзеці дагэтуль без дакументаў – і гэта вялізная праблема, якую мы паўсюль падымаем – што дзеці беларусаў, якія нараджаюцца ў Грузіі і чые бацькі не могуць паехаць у Беларусь, не маюць магчымасці атрымаць праязны дакумент акрамя як праз міжнародную абарону, якую ім таксама не даюць», – кажа спадар Раман.
Праваабаронцам вядома пра шэсць адмоваў у прытулку беларусам за апошнія пяць гадоў, але людзі абскарджваюць іх, і гэтыя справы дагэтуль знаходзяцца ў судах. Большасць жа прашэнняў дагэтуль разглядаюцца. Таксама, паводле статыстыкі МУС Грузіі, з 2019 па 2023 гады з краіны выдварылі трох беларусаў: у 2020 і 2021 гадах былі выдвараныя два мужчыны ва ўзросце 26 – 40 гадоў, у 2023 годзе – мужчына ва ўзросце 41 – 65 гадоў.
Адначасова, паводле Рамана Кісляка, цягам апошніх пяці гадоў Грузія давала прытулак грамадзянам такіх краінаў, як Сірыя ці Расея. У 2023 годзе Грузія дала прытулак 16 чалавекам. Сярод іх грамадзяне Бангладэшу, Турцыі, Ірану, Расеі, Сірыі, Танзаніі. Расейцаў – 4 чалавекі. 166 чалавек атрымалі гуманітарны статус. Сярод іх найбольш украінцаў – 130, а таксама грамадзяне Афганістану, Іраку, Эрытрэі, Емену, Сірыі, Казахстану. Што праўда, ад прадстаўнікоў гэтых краінаў і заяваў больш, зазначае беларускі праваабаронца.


,,

«Мне падаецца, што мы сталі ахвяраў спрошчаных магчымасцяў нашага пражывання тут. А па-другое, таго, што можна пераехаць у Еўропу. Ды і няма масы зваротаў. Параўнайце, напрыклад, колькасць зваротаў у Еўразвязе і ў Грузіі. 41 зварот за 5 гадоў – гэта вельмі мала», – кажа юрыст.


Мы напісалі ў грузінскі МУС, у якім папрасілі растлумачыць, чаму ніводнаму беларусу не быў нададзены статус уцекача за апошнія пяць гадоў, а таксама ўдакладніць, якія крытэрам мусіць адпавядаць грамадзянін Беларусі, каб атрымаць прытулак у Грузіі. У адказе МУС толькі накіраваў нас на свой афіцыйны сайт, дзе размешчаная толькі статыстычная інфармацыя ў лічбах без нейкага тлумачэння.
Ці можна паспрыяць паляпшэнню сітуацыі і як дапамагчы беларусам у Грузіі, мы запыталіся ў прадстаўніка па замежных пытаннях Аб’яднанага пераходнага кабінету, намесніка Святланы Ціханоўскай Валера Кавалеўскага.


,,

«Сітуацыя беларусаў у Грузіі сапраўды выклікае сур’ёзную трывогу. Фактычна няма дзейных інструментаў па вырашэнні міграцыйных пытанняў, з якімі яны сутыкаюцца, – адказаў нам палітык. – Гэта ўскладняецца яшчэ і тым, што грузінскія ўлады пакуль не праяўляюць нейкай зацікаўленасці ў тым, каб абмяркоўваць гэтыя праблемы з Аб’яднаным пераходным кабінетам».


Намеснік Ціханоўскай зазначыў, што цяпер ён праз розныя каналы шукае магчымасці выхаду на грузінскія ўлады.
«У прыватнасці, праз дырэктарат па ўнутраных справаў Еўрапейскай камісіі. Таксама задзейнічаў міжнародныя арганізацыі, а менавіта – Міжнародны камітэт Чырвонага крыжа. Яны абяцалі нейкім чынам пасадзейнічаць, але зразумела, што гэта пакуль не з’яўляецца гарантыяй, – распавядае спадар Валер. – Буду шукаць далей. Для нас гэта застаецца важнай задачай для вырашэння на міграцыйным кірунку. Буду старацца знайсці такія кантакты, каб дамагчыся правядзення двухбаковых кансультацыяў па пошуку тых праблемаў, з якімі сутыкаюцца беларусы ў Грузіі».
Валер Кавалеўскі лічыць, што прычына няпростага становішча беларусаў у Грузіі ў геапалітычных раскладах.
«Выглядае, што Грузія не хацела б ствараць умовы для таго, каб Лукашэнка і ягоны рэжым нейкім чынам пашкодзілі інтарэсам краіны, – кажа палітык. – Грузія ў гэтым сэнсе знаходзіцца ў досыць уразлівым становішчы праз тое, што частка яе тэрыторыі акупаваная Расеяй, і гэта вызначае асцярожную пазіцыю да сітуацыі ў Беларусі. Мы з разуменнем ставімся да гэтага, але разам з тым не лічым, што гэта павінна быць перашкодай для вырашэння рэальных пытанняў у жыцці фізічных асобаў, якія, дарэчы, не абавязкова з’яўляюцца часткай дэмакратычнага руху».
Беларусы Грузіі ў сваю чаргу лічаць, што каб змяніць сітуацыю, трэба найперш дзейнічаць самім, а не чакаць дапамогі ад Аб’яднанага пераходнага кабінету ці Святланы Ціханоўскай.


,,

«Я лічу, што трэба аб’ядноўвацца беларусам Грузіі, якія тут застаюцца, і наўпрост без пасярэднікаў весці перамовы з уладамі і тлумачыць нашую сітуацыю, – кажа Марыя. – Офіс Ціханоўскай, па маім меркаванні, уплывовы ў Еўропе, але не ў Грузіі. Ну і каб весці перамовы, трэба хаця б прыехаць у краіну і сустракацца не толькі з беларусамі, але і з мясцовымі ўладамі. А такіх сустрэчаў не было, прынамсі, публічна яны не агучваліся».


Марыя перакананая – у Грузіі каб цябе пачулі, трэба казаць пра сябе і свае праблемы:
«Я зразумела за тры гады жыцця тут, што пра сябе трэба казаць, выходзіць у медыі, знаходзіць падтрымку ў мясцовых палітыкаў. Я чула ад мясцовых тут такую фразу – што беларусы незаўважныя. Дык прыйшоў час станавіцца заўважнымі, адвакатаваць свае праблемы, тлумачыць нашую сітуацыю. Я думаю, што калі размаўляць, заўсёды можна дамагчыся нейкага станоўчага выніку».
Ганна Ганчар belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10