Зяленскі падзякаваў Аб’яднаным Арабскім Эміратам і Ватыкану за пасярэдніцтва ў вызваленні палонных
29.06.2024, 19:07
Сустрэча вызваленых у Беларусі і Расеі ўкраінскіх палонных. Мікалай Швец – чацвёрты злева. Кіеў, аэрапорт «Жуляны». 28 чэрвеня 2024 года. (Крыніца: suspilnenews / Telegram)
podpis źródła zdjęcia
З пачатку вайны з расейскага палону былі вернутыя 3310 украінцаў.
Уладзімір Зяленскі распавёў у сваім відэазвароце, што ў апошнім абмене палоннымі пасярэднічалі Аб’яднаныя Арабскія Эміраты і Ватыкан. Прэзідэнт Украіны выказаў гэтым краінам удзячнасць.
Сустрэча вызваленых у Беларусі і Расеі ўкраінскіх палонных. Мікалай Швец – чацвёрты злева. Кіеў, аэрапорт «Жуляны». 28 чэрвеня 2024 года. (Крыніца: suspilnenews / Telegram)
,,
«Мы доўга працавалі дзеля вызвалення з расейскай няволі Нарымана Джэляля – намесніка кіраўніка Меджлісу (парламенту, нацыянальнага сходу – рэд.) крымскататарскага народу, двух святароў украінскай грэка-каталіцкай царквы і цывільных людзей, якія былі захопленыя расейцамі на акупаваных тэрыторыях яшчэ ў 2017 і 2018 гадах. Нарэшце, нашыя людзі ўдома», – сказаў Зяленскі.
Прэзідэнт Украіны згадаў пра 10 украінцаў, вызваленых 28 чэрвеня, пра 90 вайскоўцаў, якіх таксама атрымалася абмяняць. Агулам з пачатку вайны з расейскага палону былі вернутыя 3310 украінцаў, зазначыў Зяленскі.
«Я дзякую ўсёй нашай камандзе, якая займаецца абменамі: Ярмак, Буданаў, Малюк, Любінец, Кліменка. Дзякую Аб’яднаным Арабскім Эміратам і Ватыкану за пасярэдніцтва ў вызваленнях, якія адбыліся на гэтым тыдні», – сказаў украінскі лідар.
Пра вызваленне ўкраінцаў Зяленскі паведаміў 28 чэрвеня ўвечары. У сваім Telegram-канале ён напісаў, што ўсе дзесяць асобаў былі ў расейскім палоне, хаця пяцёра з іх сядзелі ў беларускіх турмах: Наталля Захаранка, Павел Купрыенка, Людміла Ганчарэнка, Кацярына Бруханава і Мікалай Швец.
Таксама ва Украіну вярнуліся намеснік кіраўніка Меджлісу крымскататарскага народу Нарыман Джэлял, якога схапілі ў акупаваным Крыме ў 2021 годзе, Алена Пех і Валерый Мацюшэнка (былі ў палоне з 2017 – 2018 гадоў у гэтак званай «ДНР») і два святары Украінскай грэка-каталіцкай царквы Багдан Гялета і Іван Лявіцкі, якіх затрымалі ў Бярдзянску за супраціў акупантам, расказаў прэзідэнт Зяленскі.