Каардынацыйная рада ўхваліла новы Статут. Можна быць адначасова «дэпутатам» і «міністрам»
09.07.2024, 12:24
Архіўнае фота. Прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету ў справе нацыянальнага адраджэння Аліна Коўшык і намеснік Святланы Ціханоўскай Павел Латушка. (Фота: скрыншот відэа/Белсат)
podpis źródła zdjęcia
Латушка і Коўшык змогуць быць дэлегатамі КР, але не спікерамі ці кіраўнікамі камісіяў.
Трэці склад Каардынацыйнай рады ўхваліў новы Статут 9 ліпеня. КР расказала пра пяць асноўных зменаў, але поўны тэкст Статуту апублікуюць пазней. Выбары спікера абяцаюць правесці неўзабаве, але даты не называюць.
Архіўнае фота. Прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету ў справе нацыянальнага адраджэння Аліна Коўшык і намеснік Святланы Ціханоўскай Павел Латушка. (Фота: скрыншот відэа/Белсат)
Першае паседжанне Каардынацыйнай рады трэцяга склікання адбылося яшчэ 12 чэрвеня. Ужо там выявіліся вялікія супярэчнасці паміж фракцыямі, што засядалі ў КР і кіравалі ёю дасюль, і тымі, хто атрымаў перамогу на першых і пакуль адзіных выбарах. Месцамі дайшло нават да абвінавачанняў як у нежаданні аддаваць уладу, гэтак і ў памкненні яе ўзурпаваць.
Адным з найбольш спрэчных пунктаў было сумяшчэнне мандатаў у Аб’яднаным пераходным кабінеце і Каардынацыйнай радзе: ці можа «міністр» быць адначасова і «дэпутатам»? Павел Латушка, які займае пасаду намесніка кіраўніцы Кабінету і прадстаўніка ў справе транзіту ўлады, перад выбарамі ў КР даводзіў, што існуюць краіны, дзе дэпутаты ёсць міністрамі і нават прэм’ер-міністрам. Напрыклад, Польшча і Чэхія. Паводле вынікаў выбараў Латушка прайшоў у КР (ягоны спіс заняў першае месца), як і прадстаўніца АПК у справе нацыянальнага адраджэння Аліна Коўшык.
28 чэрвеня КР ухваліла змены ў Статут, што дазволілі дэлегатам КР мець таксама і пасады прадстаўніка ці намесніка ў АПК, але забаранілі сумяшчаць гэтыя пасады ў АПК з пасадамі спікера, кіраўніка сакратарыяту, кіраўніка камісіі ці сябра працоўнай групы для слуханняў АПК у КР.
Цяпер у Статут унеслі і іншыя змены:
• Спікера, віцэ-спікера і сакратара будуць выбіраць простай бальшынёй галасоў, дэлегатаў на іншыя пасады – праз рэйтынгавую сістэму, паводле якой раней выбіралі спікера, віцэ-спікера і сакратара.
• Функцыі Нарады фракцыяў абмежавалі: амаль усе пытанні, акрамя неназваных асобных, разглядаюцца агульным складам КР. Раней было наадварот: Нарада фракцыяў была калектыўным органам кіравання, які вырашаў любыя пытанні, што не адносіліся да адмысловай кампетэнцыі агульнага складу.
• Дэлегатам КР дазволілі мець памочнікаў.
• Апісалі магчымасць пераходу з адной фракцыі ў іншую. Раней у Статуце былі прапісаныя толькі ўтварэнне фракцыяў, далучэнне да фракцыяў і выхад з іх.
На момант публікацыі ў спісе дакументаў КР апублікаваны стары Статут. Калі менавіта з’явіцца новы, не паведамляецца. Таксама не паведамляецца, калі будуць праведзеныя выбары спікера КР.