Вугоршчына адказала на крытыку спрашчэння заезду для беларусаў і расейцаў
31.07.2024, 11:25
Міністр замежных справаў Вугоршчыны Петэр Сіярта ў Менску, Беларусь. 29 траўня 2024 года. (Фота: Надзея Касцецкая/ БелТА)
podpis źródła zdjęcia
«Nemzeti Kártya» – не аналаг карты паляка, а паўнавартасны дазвол на жыхарства, які можна атрымаць з-за мяжы.
Еўракамісія прасіла Вугоршчыну растлумачыць, якім чынам краіна мяркуе пускаць да сябе паводле спрошчанай працэдуры грамадзянаў Беларусі і Расеі. Міністр замежных справаў Вугоршчыны рэзка адказаў у «Фэйсбуку».
Міністр замежных справаў Вугоршчыны Петэр Сіярта ў Менску, Беларусь. 29 траўня 2024 года. (Фота: Надзея Касцецкая/ БелТА)
У пачатку ліпеня Вугоршчына апублікавала дакумент, згодна з якім спрашчае ўмовы заезду для грамадзянаў Беларусі і Расеі. Ім будзе выдавацца «нацыянальная карта» на два гады. Для тых, хто захоча працаваць у краіне, ёсць магчымасць падаўжэння. Гэтая пастанова выклікала абурэнне ў Еўрапарламенце, дзе пабачылі пагрозу краінам Еўразвязу і Шэнгенскай зоны.
Міністр замежных справаў Вугоршчыны Петэр Сіярта напісаў: гэта «балтыйская прапаганда» і «дзіцячая хлусня», што Вугоршчына ставіць пад пагрозу Шэнгенскую зону. Ён заявіў, што грамадзяне Беларусі і Расеі, як і раней, змогуць трапіць у Вугоршчыну і Шэнгенскую зону толькі пры наяўнасці візаў, а атрымаць «нацыянальную карту» можна толькі паводле працэдуры Дырэкцыі замежных справаў.
,,
«Згодна з еўрапейскімі правілам, правядзенне такіх працэдураў, выдача дазволу на жыхарства – нацыянальная юрысдыкцыя, такое права маюць літоўскія, латышскія і эстонскія ўлады, – абурыўся Сіярта. – Было б нашмат лепш, калі б мае балтыйскія калегі правільна інфармавалі сваіх выбарнікаў – замест таго, каб распачынаць чарговую кампанію хлусні».
«Нацыянальная карта» (Nemzeti Kártya) – не аналаг карты паляка для вугорцаў за мяжой, як можна падумаць з назвы. Гэта паўнавартасны дазвол на жыхарства з мэтай працы, які могуць выдаваць у тым ліку і за межамі Вугоршчыны людзям, якія не маюць візы. Калі заяўку ўхваляць, аўтаматычна даюць права на атрыманне візы ў Вугоршчыну для атрымання «нацыянальнай карты».
Петэр Сіярта апошнім часам двойчы наведваў Беларусь: у лістападзе 2023 года і ў траўні 2024-га. У час першага візіту ён асабіста сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам. Улады Вугоршчыны нярэдка пратэстуюць супраць пастановаў Еўразвязу і часта выступаюць з падтрыманнем Расеі. Нядаўна намеснік кіраўніка МЗС Польшчы прапанаваў Вугоршчыне стварыць саюз з Расеяй замест Еўразвязу і NATO.