Венесуэла зрабілася як Беларусь? Фальсіфікацыя выбараў, пратэсты, АМАП – што падобна і непадобна
30.07.2024, 15:03
Мужчына са сцягам Венесуэлы насупраць чальцоў Нацыянальнай гвардыі падчас акцыі пратэсту пасля таго, як Нацыянальны выбарчы савет абвясціў, што прэзідэнт Венесуэлы Нікаляс Мадура перамог на прэзідэнцкіх выбарах. Каракас, Венесуэла, 29 ліпеня 2024 года. (Фота: Alexandre Meneghini / Reuters / Forum)
podpis źródła zdjęcia
Вусаты аўтакрат прайграў і не аддае ўладу. Але ёсць шмат адрозненняў ад Беларусі-2020.
Нікаляс Мадура назваў сябе пераможцам прэзідэнцкіх выбараў у Венесуэле і сабраўся на трэці тэрмін. Апытанні перад выбарамі паказвалі, што яго чакае разгром. Пасля выбараў пачаліся масавыя пратэсты. «Белсат» расказвае, чым гэта падобна і непадобна да Беларусі.
Мужчына са сцягам Венесуэлы насупраць чальцоў Нацыянальнай гвардыі падчас акцыі пратэсту пасля таго, як Нацыянальны выбарчы савет абвясціў, што прэзідэнт Венесуэлы Нікаляс Мадура перамог на прэзідэнцкіх выбарах. Каракас, Венесуэла, 29 ліпеня 2024 года. (Фота: Alexandre Meneghini / Reuters / Forum)
28 ліпеня 2024 года ў Венесуэле прайшлі прэзідэнцкія выбары. Яны адбываліся ва ўмовах працяглага палітычнага і эканамічнага крызісу, цэнзуры і рэпрэсіяў. Дзейны кіраўнік дзяржавы Нікаляс Мадура ішоў на трэці тэрмін – абмежаванні ў два прэзідэнцкія тэрміны скасавалі па выніках «рэферэндуму» яшчэ ў 2009 годзе.
Перад выбарамі Мадура намякаў на гвалт: «Калі мы хочам пазбегчы крывавай бойні ці братазабойчай грамадзянскай вайны, што распачнуць фашысты, мы мусім гарантаваць найвялікшую электаральную перамогу».
Да выбараў не пусцілі апазіцыйную кандыдатку Марыю Карыну Мачада, якая перамагла на праймерыз праціўнікаў рэжыму Мадура. На замену ёй праціўнікі Мадура выставілі Карыну Ёрыс, яе таксама не дапусцілі. Але ўсё ж зарэгістравалі кандыдатам выбранага аб’яднанаю апазіцыяй былога дыпламата Эдмунда Гансалеса.
Мноства апытанняў паказвала, што Гансалес мае перамагчы, атрымаўшы ў першым туры звыш 60 % галасоў. Экзітполы ў дзень выбараў далі апазіцыянеру 65 % галасоў, дзейнаму кіраўніку – 31 %. Апазіцыя заявіла, што мае доказы перамогі: на 73 % участкаў, да якіх яна мела доступ (а на многія ўчасткі незалежных назіральнікаў не пускалі), Гансалес набраў удвая больш галасоў за Мадура. На выбарчых участках фіксавалі шматлікія парушэнні, у тым ліку запалохванні выбарнікаў, фальсіфікацыю вынікаў і адмову публікаваць пратаколы падліку галасоў.
Нацыянальная выбарчая камісія 29 ліпеня абвясціла Мадура пераможцам. Той назваў такія вынікі «трыумфам міру і стабільнасці». Але пачалося роўна адваротнае міру і стабільнасці.
У розных гарадах Венесуэлы людзі выйшлі на мірныя пратэсты (або ладзілі са сваіх дамоў cacerolazo – груканне пустымі рондлямі). Паліцыя сустрэла пратэсты гвалтам і адвольнымі затрыманнямі, слезацечным газам і гумовымі кулямі. За першы дзень пасля выбараў загінулі не менш за дзве асобы. Мадура абвінаваціў у беспарадках і «спробе дзяржаўнага перавароту» сваіх праціўнікаў, «узброеных і напампаваных наркотыкамі». Апазіцыйныя лідары ў сваю чаргу заклікалі да спакою і пазбягання канфліктаў.
Можа здавацца, што Венесуэла ідзе тым жа шляхам, што Беларусь пасля выбараў-2020: пратэсты могуць быць, як і раней, здушаныя паліцэйскім гвалтам, аўтакрат захавае ўладу і пачне выбудоўваць яшчэ больш жорсткую дыктатуру, трапіўшы ў частковую ізаляцыю. Некаторыя эксперты кажуць не чакаць пазітыўных зменаў і папярэджваюць, што ў міжнароднай супольнасці мала рычагоў ціску на Мадура.
Апазіцыйныя лідары звярталіся да вайскоўцаў і сілавікоў з заклікам не падтрымліваць Мадура, але тыя захоўваюць лаяльнасць. Спецыяліст у нееўрапейскіх рэгіёнах Яўген Красулін тлумачыць у эфіры «Белсату», што сілавікі падтрымліваюць Мадура, бо яшчэ ягоны папярэднік Уга Чавэс прывёў войска назад у палітыку, даў генералітэту высокія пасады ва ўладзе і дзяржаўнай эканоміцы, доступ да карупцыйных схемаў, кантрабанды і наркатрафіку. Ніжэйшае за генералітэт войска падтрымлівае Мадура праз папулісцкую рыторыку, але жыве ў галечы і можа раптам перадумаць.
Дый Венесуэла-2024 насамрэч вельмі не падобная да Беларусі-2020 шмат якімі акалічнасцямі. Чым скончацца пратэсты, прадказаць цяжка, але некаторыя эксперты запэўніваюць, што «гэта яшчэ не канец»: апазіцыя захавала еднасць, а ў элітах можа пачацца раскол.
Ад рэжыму Аляксандра Лукашэнкі на выбары ў Венесуэле паслалі чатырох назіральнікаў – і яны мелі пабачыць вялікія адрозненні ў «братняй» дыктатуры.
Шмат якія з іх бачныя простым вокам. Так, на экранах электронных кабінак для галасавання было аж 38 фота кандыдатаў, з якіх 13 – фота Мадура і 3 – фота Гансалеса, бо выбарнікам паказвалі партыі і кандыдатаў, якіх гэтыя партыі падтрымалі.
Электронны бюлетэнь на прэзідэнцкіх выбарах у Венесуэле. 2024 год. (Выява: Cne.gob.ve)
У афіцыйных выніках Мадура атрымаў сціплыя 51,2 %, а не лукашэнкаўскія 80,1 %, а перад выбарам у медыях ішла «вайна апытанняў» – не ўвесь венесуэлнэт быў у мэмах пра 3 %. Замест беларускіх «людзей у цывільным» дзейнічаюць colectivos – групы ўзброеных невядомых прыхільнікаў Мадура на матацыклах. Пратэстоўцы куды часцей адказваюць сілавікам камянямі і куды менш гатовыя «падстаўляць другую шчаку».
Таксама шмат якія адрозненні бачныя на мапе. Венесуэла не залежыць ад аднаго суседа, як Беларусь. Не толькі Злучаныя Штаты і Еўразвяз не прызналі перамогі Мадура, а і ўсе суседзі Венесуэлы і наагул бальшыня краінаў Лацінскай Амерыкі (за выключэннем Кубы, Нікарагуа, Балівіі і Гандурасу). Венесуэла не толькі не баіцца ўварвання суседа ў выпадку паразы Мадура – той Мадура сам нядаўна пагражаў нападам аднаму з суседзяў. Кітай, Расея, Іран могуць падтрымаць Мадура, але дапамогу ўсё ж давядзецца перапраўляць праз акіян.
У палітычнай перадгісторыі адрозненні вялізныя: Мадура – не першы аўтакрат у Венесуэле, цяперашнія пратэсты – далёка не самыя маштабныя, а Гансалес – не першы прэтэндэнт на званне выбранага прэзідэнта. Мадура прыйшоў да ўлады ў 2013 годзе, стаўшы пераемнікам аўтарытарнага лідара Венесуэлы Уга Чавэса. Той перад смерцю заклікаў галасаваць за Мадура, на ягоную перамогу на прэзідэнцкіх выбарах працаваў увесь адміністрацыйны рэсурс. Затым праз няўдалую эканамічную палітыку і падзенне цэнаў на нафту здарыўся катастрафічны эканамічны крызіс з гіперінфляцыяй і шматлікімі масавымі пратэстамі.
У студзені 2019 года спікер Нацыянальнай асамблеі Хуан Гуаідо заявіў, што Мадура ўзурпаваў уладу, і абвясціў сябе кіраўніком дзяржавы. Дзясяткі краінаў прызналі Гуаідо легітымным лідарам. Але Гуаідо (якога параўноўвалі са Святланай Ціханоўскай) не змог здабыць уладу, з’ехаў у выгнанне, а праціўнікі Мадура распусцілі альтэрнатыўны ўрад і вырашылі змяніць стратэгію.
«Эскадроны смерці» ў Венесуэле ўчынілі ў сотні разоў больш забойстваў, чым у Беларусі, але адкрытую апазіцыю на тэрыторыі краіны і вулічныя пратэсты яшчэ не разграмілі. Да цяперашніх выбараў, пасля дзесяці гадоў пратэстаў, у Венесуэле налічвалі толькі 270 палітвязняў на ўтрая большае насельніцтва, а за ўвесь гэты час праз палітычныя арышты там прайшло ўдвая менш чалавек, чым у Беларусі за адзін 2020 год.
Эканамічны крызіс у Венесуэле куды глыбейшы за тое, што бачыла Беларусь: паводле звестак Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў, 82 % венесуэльцаў жылі ў беднасці і 53 % у абсалютнай беднасці, пры якой не зараблялі на базавае харчаванне. З Венесуэлы з’ехала не менш за 7,7 млн чалавек. Гіперінфляцыя дасягала дзясяткаў тысяч адсоткаў за год і ператварала венесуэльскія грошы ў бессэнсоўныя фанцікі.
Прытым Венесуэла магла быць шалёна багатаю: яна мае найвялікшыя ў свеце даказаныя запасы нафты. І была даволі багатай да Чавэса. Але цяпер Венесуэла здабывае няшмат: менш за мільён барэляў нафты на дзень – на парадак менш за Саудаўскую Аравію ці Расею, на ўзроўні Азербайджану.
Злучаныя Штаты прыпынялі санкцыі адносна венесуэльскай нафты ў абмен на абяцанне справядлівых выбараў, але аднавілі яшчэ ў красавіку. Венесуэла можа спадзявацца на экспарт нафты ў Кітай, але наўрад ці ва ўмовах санкцыяў і з Мадура ва ўладзе нафтавая галіна выйдзе са стагнацыі. На момант публікацыі ЗША толькі выказалі занепакоенасць хадою выбараў у Венесуэле і не рабілі новых сур’ёзных крокаў.
Красулін мяркуе, што генералітэт у Венесуэле можа падтрымаць выбар народу, калі народ будзе бараніць свой выбар, дый апазіцыя абяцала тым дараваць мінулыя злачынствы. Палітычны аглядальнік, вядоўца праграмы «Двубой» на «Белсаце» Віталь Цыганкоў адзначае, што вайскоўцы ў Лацінскай Амерыцы не абавязкова заўсёды адыгрывалі негатыўную ролю ў палітыцы – і армія можа зразумець, што яна лепш за паўбандыцкія фармаванні на баку Мадура. Але эксперт мае скептычны прагноз: або пратэсты скончацца нічым, або скончацца грамадзянскаю мінівайной.