Прагучалі тры выбухі.
навіны
У Расеі спрабавалі падарваць нафтаправод «Дружба»
У Бранскай вобласці РФ невядомыя паставілі тры выбуховыя прылады, з дапамогай якіх паспрабавалі падарваць нафтаправод «Дружба». Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал «Baza».
Раніцай 11 чэрвеня каля паселішча Гулеўка, за 40 км ад мяжы з Украінай, прагрымелі тры выбухі. Паводле папярэдніх звестак, спрацавалі безабалонкавыя выбуховыя прыстасаванні.
Адзін з выбухаў пашкодзіў трансфарматарную падстанцыю з энергаблокам засаўкі нафтаправоду. Яшчэ адзін выбух адбыўся ў месцы, дзе пракладзены кабель, а трэці пашкодзіў супрацьпадкопную трубу. На месцы выбухаў утварыліся варонкі.
Сам трубаправод «Дружба» не пацярпеў, аднак супрацьпадкопная труба і падстанцыя былі пашкоджаныя. Таксама адлучыўся ад электрычнасці энергаблок кіравання засаўкай.
11 чэрвеня а 6-й раніцы ў населеным пункце Клінцы Бранскай вобласці РФ пасля некалькіх выбухаў загарэлася вайсковая частка. Папярэдне паведамляецца, што ад пажару пацярпела вайсковая тэхніка, што была на рамонце пасля баявых дзеянняў ва Украіне.
Якуб Хруст belsat.eu