навіны

У Гомлі пенсіянер трапіў у турму за ліст у раённую газету. На яго данесла рэдактарка

Belsat
Belsat
podpis źródła zdjęcia

16 чэрвеня набыў юрыдычную моц прысуд у дачыненні Мікалая Віцікава.

Як паведамляе «БАЖ», 16 чэрвеня набыў юрыдычную моц прысуд Навабеліцкага раённага суда Гомля ў дачыненні колішняга вясковага настаўніка, сталага аўтара газеты «Народная воля» Мікалая Віцікава.
Прысуд быў вынесены 7 чэрвеня: 68-гадовага Мікалая Віцікава пакаралі 8 месяцамі зняволення за ліст у газету «Маяк». Ягоныя развагі пра сітуацыю ў краіне суд кваліфікаваў як «распаўсюд дыскрэдытацыйных для Рэспублікі Беларусь і яе органаў улады заведама непраўдзівых звестак у публічных выступах, скіраваных на нанясенне шкоды дзяржаўным і грамадскім інтарэсам» (арт. 14 і 369.1 КК). Вырак вынес суддзя Аляксандр Зінчук.
«БАЖ» распавядае дэталі гэтай справы. Аказваецца, на пенсіянера-настаўніка заявіла ў міліцыю галоўная рэдактарка гомельскай раённай газеты «Маяк» Ірына Канавалава.
Сёлета 5 студзеня, амаль за два месяцы да рэферэндуму, неабыякавы вясковец узяў Канстытуцыю, выразаў з мясцовай газеты надрукаваныя папраўкі і дапаўненні ў асноўны закон, прапанаваныя ўладай на ўсенароднае абмеркаванне, і накіраваўся спачатку да дэпутата Гомельскага абласнога Савету Ігара Дзягцярыка, а пасля – да рэдактаркі раёнкі.
Меў з сабой Мікалай Віцікаў таксама падрыхтаваны ліст з асабістым меркаваннем. Гэткі «погляд з ускраіны», як ён называў: наконт сітуацыі ў краіне, гвалту сілавікоў пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ды прапанаванага на плебісцыт новага органу – Усебеларускага народнага сходу. Поглядаў сваіх вясковец не хаваў, прапаноўваў зладзіць у Церусе дыялогавую пляцоўку, каб і сельскія жыхары маглі абмяркоўваць змены ў Канстытуцыю. Лічыў, што падзея лёсавызначальная – і ўлада мусіць раіцца з людзьмі.
У рэдакцыю газеты «Маяк» зайшоў, бо на той час рэдактарка Канавалава была яшчэ і кіраўніцай раённай арганізацыі РГА «Белая Русь», адказнай за збор прапановаў і заўвагаў грамадзянаў наконт Канстытуцыі. Але ў выніку ліст настаўніка-пенсіянера быў дасланы з рэдакцыі ў міліцыю.
Следам за гэтым у газеце «Маяк» быў апублікаваны артыкул «Минута славы» любой ценой», дзе аўтарка, якая схавалася пад псеўданімам Лидия Никифорава, здзекавалася з Віцікава і ягонага ўчынку. У тэксце яго называлі «правакатарам», які дзеля «хайпу» спрабуе «бліснуць падабенствам розуму».
На судзе дэпутат Ігар Дзягцярык і рэдактарка дзяржаўнай раёнкі Ірына Канавалава выступалі сведкамі. У іх і запытаўся Мікалай Віцікаў, ці прасіў ён распаўсюджваць свой «погляд з ускраіны». Аказваецца, даваў толькі для асабістага азнаямлення.
Выраку Віцікаў не абскарджваў. З улікам таго, што адзін дзень пазбаўлення волі ў СІЗА да суда лічыцца як паўтара дня ў калоніі, яму пасля вынясення прысуду засталося адбыць два тыдні пакарання. У канцы чэрвеня настаўнік-пенсіянер мае выйсці на волю.
Глеб Нержын belsat.eu
больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10