«Пуцін ірацыянальны». Польскі генерал заклікаў пачаць ставіць вайсковыя бар’еры Расеі
18.06.2022, 16:19
Краіны NATO. (Фота: nato.int)
podpis źródła zdjęcia
У тым ліку збіваць іх ракеты над Украінаю.
Краіны NATO мусілі б увесці над заходнімі вобласцямі Украіны рэжым закрытага неба. Пра гэта ў размове з Onet.pl заявіў былы кіраўнік Бюро нацыянальнай бяспекі Польшчы, генерал Станіслаў Козей.
Краіны NATO. (Фота: nato.int)
Паводле Станіслава Козея, вайсковыя здольнасці Украіны залежаць ад Захаду: наколькі і як доўга ён будзе падтрымліваць Украіну:
,,
«І я кажу не толькі пра цяперашнюю форму падтрымкі, але і пра магчымае больш шырокае аператыўнае прыцягненне».
На думку эксперта, NATO павінна прыкрываць вайсковую тэхніку, перададзеную Захадам, у тым ліку на тэрыторыі Украіны, дзе яе спрабуюць знішчыць расейцы:
«Гэта непрымальна. Расейскія ракеты вялікай дальнасці, якія запускаюцца з Чорнага мора або з дапамогаю стратэгічнай авіяцыі, якія ляцяць у бок межаў NATO, павінны збівацца на адпаведнай адлегласці ад гэтай мяжы».
З улікам таго, што такія ракеты здольныя несці ядравыя боегалоўкі, «ёсць поўныя аргументы ўзяць прэвентыўную страхоўку і абвясціць Расеі, што калі яна не спыніць абстрэльваць нашай мяжы ракетамі далёкага дзеяння, то з нейкага дня мы ўвядзем супрацьракетную абарону над Заходняй Украінай.
,,
Пуціну трэба пачаць ставіць бар’еры. І менавіта яму трэба пастанаўляць, ці варта іх перакрочваць», мяркуе польскі вайсковец.
Генерал таксама падкрэсліў важнасць бітвы за Данбас. Яе вынік можа быць вызначальным для будучыні Украіны, а таксама краінаў Балтыі ды Польшчы:
,,
«Магчымы напад войскаў Пуціна на краіны Балтыі ці Польшчу не палітычная фікцыя. Гэта вельмі верагодная сітуацыя, якая можа адбыцца, але толькі ў выпадку поўнай перамогі Расеі ва Украіне».
На думку Станіслава Козея, на хвалі эйфарыі ад перамогі над Украінаю расейскі народ будзе больш трывала «несці нягоды, звязаныя ў тым ліку з санкцыямі». І ў выніку пасля некалькіх гадоў аднаўлення сваіх узброеных сілаў Расея магла б пачаць новы наступ, напрыклад, на сувальскі калідор у бок Калінінграду.
«Пуцін ірацыянальны, а Расея – авантурны супернік. Калі б Пуцін перамог ва Украіне, гэтай ірацыянальнасці было б яшчэ больш», – падкрэсліў эксперт.
Нельга выключыць і ўдзелу войскаў рэжыму Лукашэнкі ў нападзе на Украіну, каб адцягнуць украінскія войскі з Поўдня ці Усходу.
Украінскі вайсковы эксперт Алег Жданаў таксама лічыць, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі рыхтуецца да вайны:
«Усе тыя дзеянні для рыхтавання да вайны, якія ажыццяўляе Лукашэнка, не трэба ўспрымаць як пусканне пылу ў вочы Пуціну, на жаль. Лукашэнка падвышае градус напружання, і ўжо ігнараваць ды казаць, што гэта гульня, стоадсоткава немагчыма».
Паводле Алега Жданава, «Лукашэнка, магчыма, з аднаго боку, працягвае адцягваць той час, калі трэба аддаваць загад на ўварванне, але пры гэтым Беларусь рэальна рыхтуецца да вайны».