Каму пагражае завочнае пакаранне ў Беларусі, і ці атрымаецца «перасядзець» за мяжою?
22.07.2022, 15:15
Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: Саша Альтэр / Белсат)
podpis źródła zdjęcia
Тэрмін даўніны – 15 гадоў.
21 ліпеня Лукашэнка падпісаў закон «Аб змене Крымінальна-працэсуальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь», які прадугледжвае з’яўленне ў Беларусі завочнага следства і суда над абвінавачванымі, калі тыя застаюцца па-за межамі Беларусі.
Завочныя крымінальныя справы, перадусім у дачыненні палітычных актывістаў, якія жывуць за межамі краіны, дазволяць уладам Беларусі выносіць прысуды, а таксама канфіскоўваць маёмасць у краіне.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: Белсат)
Пазіцыя афіцыйнага Менску тлумачыцца там, што апошнім часам шэраг краінаў, у прыватнасці, Польшча і Літва, адмаўляюць Беларусі ў выдачы асобаў, якія, паводле ўладаў Беларусі, учынілі злачынствы на тэрыторыі краіны, у тым ліку экстрэмісцкія.
«Дзеля таго каб рэалізаваць прынцып непазбежнасці крымінальнай адказнасці, уносіцца прапанова разглядаць у судах крымінальныя справы ў дачыненні такіх асобаў у выпадку, калі нам адмоўлена ў іх выдачы ці калі не паступала адказу на запыт аб выдачы, у завочным парадку, то бок без удзелу асобы, у дачыненні якой разглядаецца крымінальная справа», – тлумачыў пазіцыю сілавікоў кіраўнік Следчага камітэту Дзмітрый Гара.
Паводле эксперта НАУ Міхаіла Кірылюка, завочныя суды над людзьмі, якія застаюцца ў іншай краіне і не змогуць удзельнічаць у судовых працэсах, будуць груба парушаць прынцып прэзумпцыі невінаватасці. Чалавек не будзе мець магчымасці сябе абараніць.
«Я не знайшоў ніякай прыстойнай юрысдыкцыі, дзе такое практыкуецца. Можам параўнаць толькі з заявамі нейкіх крайне радыкальных тэрарыстычных арганізацыяў, калі яны заяўляюць, што мы прыгаворваем вось гэтага палітыка да смяротнага пакарання і любы з нашых паплечнікаў абавязаны яго забіць. На жаль, цяпер мая краіна апускаецца на такі ўзровень. Гэта не пра права – гэта пра запалохванне», – мяркуе юрыст НАУ Міхаіл Кірылюк.
Тэарэтычна, у выпадку нязменнасці рэжыму, дадому асуджаны можа бяспечна паехаць толькі праз 15 гадоў. «Асноўная праблема ў тым, што цячэнне тэрміну даўніны прыпыняецца, калі асуджаны ўхіляецца ад адбывання пакарання. То бок у прынцыпе агульная такая, апошняя лічба, калі абвінаваўчы прысуд не можа быць прыведзены ў выкананне, калі з моманту ўступлення яго ў законную сілу прайшло 15 гадоў і даўнасць не была перарваная», – тлумачыць юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павел Сапелка. Але гэта можа спрацаваць толькі тады, калі не пройдуць новыя завочныя суды ці не будуць змененыя тэрміны даўніны.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: Белсат)
Сярод тых, каго ўлады Беларусі патрабавалі дэпартаваць у Беларусь: лідарка дэмакратычнай Беларусі Святлана Ціханоўская, кіраўнік НАУ Павел Латушка, кіраўнік медыяпраектаў NEXTA Сцяпан Пуціла.