У Познані двух беларусаў будуць судзіць паводле абвінавачання ў шпіянажы
21.06.2023, 17:58
Паліцыя Познані. Крыніца: gloswielkopolski.pl
podpis źródła zdjęcia
Ім пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі.
Раённая пракуратура Познані завяршыла расследаванні ў дачыненні дваіх грамадзянаў Беларусі, якія збіралі інфармацыю пра польскае войска для беларускай выведкі. Беларусаў абвінавачваюць у здзяйсненні злачынства паводле артыкулу аб шпіянажы.
Паліцыя Познані. Крыніца: gloswielkopolski.pl
Беларусаў затрымалі ў красавіку 2022 года. Вайсковая контрвыведка высветліла, што пад выглядам працы ў Польшчы яны бралі ўдзел у дзейнасці беларускай вайсковай выведкі. Мужчыны атрымлівалі і збіралі інфармацыю пра Узброеныя сілы Рэспублікі Польшча і аб’екты інфраструктуры, якія маюць вырашальнае значэнне для абароны краіны.
,,
«Падазраваныя прыехалі ў Польшчу пад выглядам кіроўцаў і мелі аплатную працу. Шпіёнская дзейнасць падазраваных была засяроджаная на вайсковых частках і цывільных абʼектах, размешчаных у заходняй частцы Польшчы, у рамках гэтай дзейнасці яны выконвалі задачы, якія заключаюцца ў распазнаванні важных элементаў Узброеных сілаў Рэспублікі Польшча і цывільнай транспартнай інфраструктуры», – паведамілі ў пракуратуры.
На просьбу пракурора падазраваныя да суда ўтрымліваюцца ў зняволенні. Мужчынам пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі.