«Афтальмалогія адкаціцца гадоў на дваццаць за паўгода». Заснавальнік «Новага зроку» – пра пазбаўленне ліцэнзіі
27.07.2023, 22:22
Алег Каўрыгін, заснавальнік сеткі клінік «Новы зрок». (Фота: doktora.by)
podpis źródła zdjęcia
Міністэрства аховы здароўя проста выканала загад пазбавіць ліцэнзіі, замоўца – іншы
Міністэрства аховы здароўя пазбавіла сетку клінік «Новы зрок» ліцэнзіі. Адразу пасля гэтага на сайце медцэнтру з’явілася паведамленне пра сыход з беларускага рынку. Заснавальнік «Новага зроку» Алег Каўрыгін пракаментаваў Zerkalo.io гэтыя падзеі.
Алег Каўрыгін, заснавальнік сеткі клінік «Новы зрок». (Фота: doktora.by)
Алег Каўрыгін упэўнены, што рашэнне аб пазбаўленні ліцэнзіі прымаў не міністр аховы здароўя, што ён толькі выканаўца, а замоўца – іншы, і ён вядомы, аднак хто гэта – заснавальнік медцэнтру не сказаў.
Каўрыгін сцвярджае, што ўсе абвінавачванні Мінздароўя ў парушэнні медцэнтрам закону аб ліцэнзаванні, падробцы дакументаў – «поўная хлусня».
,,
«Гэта проста памылка Мінздароўя, ліцэнзійнага аддзелу, якая была дапушчаная трынаццаць гадоў таму. Падчас выдачы ліцэнзіі, натуральна, гэтыя ўсе дакументы правяраліся. Я ж не сам займаюся ліцэнзаваннем, – тлумачыць заснавальнік «Новага зроку». – Як мінімум дзіўна, што чалавек, якому ўсе ціснуць руку і які сябруе з найлепшымі афтальмолагамі свету, сядзіць на кангрэсах за адным сталом з імі ў прэзідыуме, займаецца нейкай падробкай дакументаў. Таму абліць брудам – гэта тыповы метад пэўных супрацоўнікаў».
Каўрыгін лічыць рашэнне Мінздароўя забаронай на працу, праз якую калектыў з 500 чалавек будзе вымушаны з’ехаць з краіны.
«Прапанова перайсці ў дзяржаўныя клінікі выклікае ў мяне толькі лёгкую ўсмешку. Сапраўдны прафесіянал, які ведае цану сваёй працы, будзе працаваць там, дзе яго цэняць і паважаюць, дзе з ім лічацца. Натуральна, топ-спецыялісты, якія неабходныя для нашай працы, цягам года стоадсоткава прыедуць у іншую краіну, і гэта будзе вырашана вельмі хутка», – кажа заснавальнік «Новага зроку».
Паводле Каўрыгіна, сыход «Новага зроку» стане для Беларусі адчувальнай стратай, бо сетка клінік аперавала да траціны ўсіх пацыентаў у Беларусі, якія мелі патрэбу ў афтальмалагічным лячэнні. За дзень на ўсе пяць клінік «Новага зроку» ў Беларусі прыпадала да 1000 зваротаў. Цяпер жа ўся гэтая нагрузка пакладзецца на дзяржаўныя медустановы.
,,
«Ці справяцца яны? Як прафесіянал скажу: не. Да чаго гэта прывядзе? Да павышэння цэнаў на паслугі, пагаршэння якасці: медыцына ў галіне афтальмалогіі адкаціцца гадоў на дваццаць за паўгода. Акрамя таго, нас чакае пагаршэнне дзелавога клімату», – перакананы Алег Каўрыгін.