Сетка клінік «Новы зрок» сыходзіць з беларускага рынку
27.07.2023, 18:37
Медцэнтр «Новы зрок» у Гомлі. (Фота: eyes.by)
podpis źródła zdjęcia
Міністэрства аховы здароўя пазбавіла медычную ўстанову ліцэнзіі
На сайце медычнага цэнтру «Новы зрок» з’явілася паведамленне аб тым, што з 28 ліпеня 2023 года сетка клінік цалкам спыняе працу і сыходзіць з рынку Рэспублікі Беларусь. Падкрэсліваецца, што гэта не рашэнне медцэнтру, а Міністэрства аховы здароўя, якому яны абавязаныя падпарадкавацца.
Медцэнтр «Новы зрок» у Гомлі. (Фота: eyes.by)
«Рашэннем Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, з 28 ліпеня 2023 года сетка клінік «Новы зрок» цалкам спыняе сваю працу і сыходзіць з рынку Рэспублікі Беларусь. Прычына нібыта ў дапушчаных 13 гадоў таму ліцэнзійных патрабаваннях пры падачы дакументаў. Прыносім выбачэнні нашым пацыентам, якім не паспеем аказаць бездакорную кваліфікаваную дапамогу, – гаворыцца ў абвестцы медцэнтру – Больш за 20 гадоў працы, 0 ускладненняў, новыя тэхналогіі. Усё было зроблена для людзей Рэспублікі Беларусь. Дадзенае рашэнне не нашае, а ліцэнзійнага органу, і мы абавязаныя яму падпарадкавацца».
Калегія Міністэрства аховы здароўя 27 ліпеня прыняла рашэнне аб спыненні дзеяння ліцэнзіі УП «Медычны цэнтр «Новы зрок» на медычную дзейнасць, а таксама ліцэнзіі на дзейнасць, звязаную з абаротам наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і іх прэкурсораў. У ведамстве паведамляюць, што Дэпартаментам фінансавых расследаванняў былі выяўлены парушэнні заканадаўства аб ліцэнзаванні.
У кастрычніку мінулага года супраць фактычнага ўладальніка медцэнтру «Новы зрок», які жыве ў Літве, і чатырох працаўнікоў медустановы была распачатая крымінальная справа за выплаты работнікам заробкаў у канвертах.
На чатырох работнікаў і фактычнага ўладальніка заведзеная крымінальная справа, а на маёмасць падазраваных накладзены арышт. Імаверна, размова ідзе пра заснавальніка медцэнтру Алега Каўрыгіна, які пераехаў з Менску ў Вільню ў 2012 годзе. У Літве клініка «Новы зрок» адкрылася ў 2009 годзе.