Церцель параўнаў харугвы з ИГИЛ, распавёў пра ЦРУ ў Менску і напужаў «тэрактамі»
13.12.2023, 15:54
Кіраўнік КДБ Іван Церцель. Крыніца: sb.by
podpis źródła zdjęcia
Украінскія спецслужбы, паводле яго, шчыльна супрацоўнічаюць з BYPOL.
Старшыня Камітэту дзяржаўнай бяспекі Іван Церцель распавёў, як у Беларусь рэгулярна прыбываюць супрацоўнікі амерыканскага ЦРУ, як Польшча рыхтуе пераемнікаў «Ісламскай дзяржавы» і заявіў, што супрацьстаяць вайне могуць толькі людзі з «перакуленай свядомасцю».
Кіраўнік КДБ Іван Церцель. Крыніца: sb.by
Кіраўнік КДБ заявіў, што ў Польшчы цяпер сем харугваў «рыхтуюцца да тэрактаў і захопу аб’ектаў на беларускай тэрыторыі». Магчыма, гаворка пра Паспалітае рушэнне.
«Найбольш агрэсіўная харугва трэнуецца ў Беластоку на вуліцы кардынала Вышыньскага, 6а [на гэтым адрасе месціцца беларускі хаб «Новая Зямля». – Рэд. belsat.eu]. Ёй кіруе наш грамадзянін Асадулаеў 1991 года нараджэння, які некалі навучаўся ў Вайсковай акадэміі і ўцёк за мяжу. Ён хаваецца пад псеўданімам «Шляхціц». Гэта адна з найбольш агрэсіўных структураў», – сказаў Іван Церцель.
Ён заявіў, што нават ведае імёны супрацоўнікаў польскіх спецслужбаў, якія нібы курыруюць дзейнасць гэтых харугваў. Паводле яго, «гэтая публіка хацела б здзейсніць правакацыі з ужываннем метадаў 1939 года», намякнуўшы на «правакацыі немцаў з выкарыстаннем польскай формы адзення».
Таксама Церцель згадаў і «Ісламскую дзяржаву» і «гісторыю іх дачыненняў з амерыканскімі спецслужбамі». Паводле яго, з харугвамі могуць быць «такія ж адмоўныя вынікі». Адзначым, што «Ісламскую дзяржаву» стваралі менавіта праціўнікі інтэрвенцыі ЗША ў Ірак, якія не мелі саюзных стасункаў з амерыканскімі спецслужбамі.
Старшыня КДБ таксама распавёў, што ў Беларусь прыбываюць замежныя выведнікі, у тым ліку «нядаўна былі супрацоўнікі ЦРУ», якія нібы здзівіліся, што народ у Менску «не галадае, транспарт працуе, людзі жывуць сваім жыццём».
Церцель пацвердзіў затрыманне ў Расеі беларуса, які дзеля супрацьстаяння расейскай агрэсіі ва Украіне здзейсніў дыверсіі на БАМе. Паводле кіраўніка КДБ, «матывам стала перакуленая свядомасць і перакуленыя ўяўленні і каштоўнасці». Ён сказаў, што беларуса нібы дыстанцыйна вербавалі ўкраінскія спецслужбы, якія, паводле яго, шчыльна супрацоўнічаюць з ByPol.
Старшыня КДБ заявіў, што ведамства ўдзельнічае ў следстве над затрыманым у Расеі беларусам.
Увечары 29 лістапада на перагоне Ітыкіт – Акусікан у Бураціі падчас руху па тунэлі на Байкала-Амурскай магістралі загарэўся вагон грузавога цягніка, у склад якога ўваходзіла 41 цыстэрна з палівам, тры з авіяцыйным палівам і шэсць вагонаў з чорным металам. Пазней на гэтым жа ўчастку адбыўся другі падрыў грузавога цягніка, які рухаўся па аб’язным пуці. У выніку чатыры цыстэрны з палівам згарэлі, яшчэ дзве атрымалі пашкоджанні. Выбухі цягнікоў у Паўночнамуйскім тунэлі БАМу кваліфікавалі як тэракт.
7 снежня ФСБ Расеі паведаміла аб затрыманні ў Омску падазраванага грамадзяніна Беларусі Сяргея Ерамеева. Суд арыштаваў яго да 30 студзеня 2024 года. Затрыманы заявіў, што выбухамі хацеў паралізаваць рух на чыгунцы, каб перашкодзіць перавозу ваенных грузаў.