навіны

«Ката забілі? Вы сур’ёзна?!» Як у Беларусі забіваюць жывёлінаў і як за гэта караюць

Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: pexels.com)
Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: pexels.com)
podpis źródła zdjęcia

У дзяржаве, дзе расстрэльваюць людзей, няма літасці і да жывёлінаў.

Летась у Беларусі было заведзена 35 крымінальных справаў за жорсткае абыходжанне з жывёлінамі, паведамілі «Белсату» у арганізацыі «BELPOL», якая здабыла статыстыку МУС аб крымінагеннай сітуацыі ў нашай краіне. Пры гэтым у судах у мінулым годзе разгледзелі толькі тры такія справы. Карэспандэнт «Белсату» спытаў у валанцёраў, чаму беларусы не шкадуюць гадаванцаў і як на заявы пра катаванне жывёлінаў рэагуюць у міліцыі, а ў адказ пачуў крык душы.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: pexels.com)
Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: pexels.com)
«Калі звяртацца з заяваю ў міліцыю, там на нас глядзяць, як на дурняў», – кажуць валанцёры, з якімі паразмаўляў «Белсат».
Летась за жорсткае абыходжанне з жывёлінамі было ўзбуджана 35 крымінальных справаў (адну завяла пракуратура, астатнія – Следчы камітэт). Адна справа адкрытая паводле другой, больш жорсткай частцы артыкула, што прадугледжвае да трох гадоў калоніі.
Паводле звестак, якія «Белсату» перадала ініцыятыва «BELPOL», расследаванне 14 справаў з 35 прыпыненае з розных прычынаў:
«З раскрытых крымінальных справаў 10 злачынстваў здзейснілі асобы, якія не працуюць і не навучаюцца, шэсць з іх былі ў стане алкагольнага ап’янення, два з іх – раней судзімыя».
Шэсць жывадзёраў – мужчыны ва ўзросце ад 18 да 29 гадоў, тры злачынствы ўчынілі жанчыны старэйшыя за 30 гадоў, адно – падлетак.
У 2021–2023 гадах у Беларусі, паводле базы судовых рашэнняў, было вынесена 18 прысудаў за жорсткае абыходжанне з жывёлінамі, з іх у мінулым годзе – тры. Самы жорсткі леташні вырак – два месяцы арышту. Так пакаралі жыхара Ваўкавыскага раёну, які ў нецвярозым стане на вачах у пяцярых дзяцей задушыў сабаку, зламаўшы шыйныя пазванкі, і кінуў яго ў хмызняк. У двух астатніх выпадках фігуранты атрымалі штраф (1850 і 6660 рублёў).
Акрамя крымінальнай, у нашай краіне існуе адміністратыўная адказнасць за катаванні жывёлінаў.
Адміністратыўных справаў супраць жывадзёраў значна болей у параўнанні з крымінальнымі. У банку судовых рашэнняў знайшлося 160 судовых пастановаў за апошнія тры гады, з іх летась – 56.
Адзін з апошніх выпадкаў, пра які вядома з рашэння суда Маскоўскага раёну Менску ад 27 кастрычніка, – забойства ката. У кватэры мужчына кінуў нож у свайго гадаванца, і той сканаў. Прычынаў свайго ўчынку фігурант не назваў, затое, як пазначана ў пастанове, «шчыра пакаяўся». Мужчыне далі 15 содняў арышту.
Як паведамляў раней начальнік аддзялення галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі МУС Міхаіл Жыльцоў, у 2021 годзе зафіксавана 31 злачынства ў дачыненні жывёлінаў, у 2022-м – 34, за студзень–верасень летась – 22:
«Гэта менш, чым рэгіструецца забойстваў у дачыненні людзей. Але, зноў жа, гэта тое, што нам стала вядомым, дзе грамадзяне звярнуліся, што стала здабыткам грамадскасці, з’явілася ў інтэрнэце, СМІ. Злачынствы досыць латэнтныя, схаваныя, багата фактаў мы не ведаем».
Пра тое, як насамрэч міліцыянты ставяцца да заяваў аб катаванні і забойствах сабак і катоў, «Белсату» апавялі валанцёры, якія ратуюць жывёлінаў:


,,

«Амаль няма правапрымяняльнай практыкі. Калі звяртацца з заяваю ў міліцыю, там глядзяць, як на дурняў. Самы распаўсюджаны адказ: «Вы сур’ёзна?! Ката забілі? У нас тут чалавека забілі, якія каты?!» З іншага боку, іх таксама можна зразумець: наркаман выйшаў з акна, прапойцы пабіліся, тры пакражы – і тут мы з катом. Міліцыянт зоймецца жывёлінамі ў апошнюю чаргу».


Акрамя таго, з міліцыі часта перанакіроўваюць у ЖЭС: маўляў, гадаванцамі займаюцца камунальнікі.
«Прыходзіць асоба з заяваю пра жорсткае абыходжанне з жывёлінаю, а ў міліцыі (часам адмыслова, часам яны самі не ведаюць) кажуць: «Пры чым тут мы да вашых катоў? Ідзіце ў ЖЭС». А ЖЭС зусім не пра гэта. Вось так ганяюць чалавека ад адной інстанцыі да іншай, пакуль ён не губляе імпэту», – прызнаюцца валанцёры.
Суразмоўцы «Белсату» не ўпэўненыя, што больш жорсткае пакаранне ў параўнанні з цяперашнім развяжа праблему катавання жывёлінаў:


,,

«Цяжка сказаць. Праблема нават не ў тым, што адказнасць не пужае, а ў тым, што людзі наогул не ведаюць, што яна існуе. Калі вясковы жыхар ідзе тапіць шчанюкоў, ён не разумее, што гэта жорсткае абыходжанне і артыкул. Хутчэй за ўсё, гэтага не разумее і мясцовы ўчастковы».


Акрамя «звычайных» забойстваў жывёлінаў у Беларусі маюцца і санкцыянаваныя. Пастанова міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, ухваленая яшчэ ў 2001 годзе, абавязвае работнікаў службаў, што адлоўліваюць бадзяжных сабак і катоў «прымаць ад насельніцтва непатрэбных жывёлінаў для эўтаназіі».
Пастанова ўраду, прынятая ў тым жа годзе, прадугледжвае, што сабакі і каты, якіх знайшлі на вуліцы, могуць знаходзіцца ў пунктах часовага ўтрымання толькі пяць содняў. «Далейшае выкарыстанне такіх жывёлінаў ажыццяўляецца ў парадку, што вызначае адпаведны мясцовы выканаўчы або распарадчы орган», пазначана ў дакуменце. Ахоўнікі жывёлінаў тлумачаць: амаль заўсёды гэта азначае забойства.


,,

«Валанцёры ратуюць жывёлінаў з дзяржаўных пунктаў часовага ўтрымання, бо найчасцей гадаванцаў там чакае смерць», – канстатуюць суразмоўцы «Белсату».


Яны не вераць, што масавае легальнае забойства жывёлінаў спыніцца з ухваленнем законапраекту, які цяпер рыхтуецца да фінальнага разгляду ў парламенце. Гэты дакумент вызначае толькі чатыры выпадкі, калі эўтаназія дазволеная:
«Паводле правілаў, што дзеяць цяпер, не ўсе жывёліны, якіх злавілі на вуліцы, мусяць быць забітыя. Але каго гэта хвалюе? Асабліва калі ў горадзе бракуе пункта часовага ўтрымання – жывёлінаў проста няма куды везці. Забіваюць – і ўсё», – з роспаччу кажуць валанцёры.
Яны мяркуюць, што агучаны прынцып «часам не да законаў» будзе ўжывацца і тут: за выкананнем агулам гуманнага закона аб адказным абыходжанні з жывёлаю, калі ён набудзе моц, сачыць асабліва не будуць.
Беларуская дзяржава захавала смяротнае пакаранне і забівае людзей. Калі нават людзей не шкада, ці будуць у такой краіне літасцівымі да жывёлы?
Сцяпан Кубік belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10