навіны

Працяг «хапуна» і затрыманне былых журналістаў

Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: Daniel Abbatt / pexels.com)
Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: Daniel Abbatt / pexels.com)
podpis źródła zdjęcia

Хроніка рэпрэсій за 24 студзеня.

«Белсат» працягвае весці хроніку палітычнага пераследу ў Беларусі, які штодня без перапынку чыніць рэжым Аляксандра Лукашэнкі.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: Daniel Abbatt / pexels.com)
Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: Daniel Abbatt / pexels.com)
23 студзеня затрымалі былую журналістку catholic.bу Аксану Ючкавіч. Як піша тэлеграм-канал «Хрысціянская візія», Аксана Ючкавіч паходзіць з парафіі ў Парафіянаве, яна асабліва вядомая сярод каталікоў Менску, дзе арганізоўвала шматлікія падзеі і мерапрыемствы.
Выкладчык крымінальнага права прывёў студэнтаў у РАУС на экскурсію, а яго затрымалі і адправілі на содні. Такую гісторыю распавёў журналіст-фрылансер Яўген Сухаверх, які двойчы адбыў адміністрацыйны арышт у 2023 годзе: аднойчы адзін былы сілавік і выкладчык крымінальнага права ў каледжы прывёў сваіх студэнтаў на экскурсію ў Маладзечанскі РАУС, які знаходзіцца побач з ІЧУ, дзе сядзеў Яўген. А па выхадзе адтуль супрацоўнікі РАУС яго паклікалі… і затрымалі. Прычынай сталі фота з адной з беларускіх акцый у Вільні, якія той выкладчык неяк зрабіў.
Сёння стала вядома, што жонку Міколы Статкевіча Марыну Адамовіч, якую затрымалі 23 студзеня, арыштавалі на 15 содняў. Праваабаронцы паведамляюць, што над жанчынай адбыўся суд паводле арт. 19.1 КаАП («Дробнае хуліганства»).
Яшчэ адной ахвярай «хапуна», які ладзіўся ў Беларусі 23 студзеня, стала актывістка стачкама на наваполацкім «Паліміры» Алена Вінакурава. Аб гэтым паведаміла яе дачка на «Facebook»: «Затрымана на 72 гадзіны. Адбываць будзе ў ІЧУ Віцебска».
Падчас рэйду сілавікі ладзілі ператрусы і ў людзей, якія ўжо пакінулі Беларусь. Так, стала вядома, што ператрус правялі ў Гомлі ў кватэры Валерыя Крахмалава, які пакінуў Беларусь у 2021 годзе пасля рэпрэсій. Кватэру абшуквала міліцыя, а пасля ператрусу маці Валерыя забралі ў пастарунак.
Праваабаронцы прызналі яшчэ пяць чалавек палітвязнямі. Сярод іх Ганна Крук, Пётр Патаповіч, Алена Патаповіч, Уладзіслаў Федаровіч, Вадзім Чараўко. Такім чынам, на сённяшні дзень лічба палітычных зняволеных у нашай краіне роўная 1420.
Таксама ў спіс «былых палітвязняў» праваабаронцы далучылі такіх асоб, як Павел Голаў, Захар Яноўскі, Мацвей Бяляй, Дзмітрый Смаляроў, Антон Нагела, Віталь Сірышка, Віктар Рудзько, Аляксандр Федарук, Улад Манюк. Па розных прычынах гэтыя людзі не мелі статуса палітзняволеных падчас свайго зняволення. У сваёй заяве праваабаронцы патрабуюць іх поўнай рэабілітацыі.
Першы міністр Шатландыі Хамза Юсаф стаў «хросным» беларускага палітвязня і ўдзельніка гурта «TOR BAND» Дзмітрыя Галавача. Гэта стала магчымым дзякуючы кампаніі салідарнасці з палітвязнямі #WeStandBYyou ад Libereco – упершыню ў свеце кіраўнік урада стаў «хросным» беларускага палітвязня.
Сёння стала вядома аб затрыманні жыхара Менску Сяргея Харытановіча. Відэа з мужчынам з’явілася ў тэлеграм-канале сілавікоў, у якім ён «прызнаецца», што ў 2020 годзе ўдзельнічаў у пратэстах, а з 2020-га да сярэдзіны 2023-га года ў чатах пакінуў больш за 2000 «абразлівых каментароў» на адрас Лукашэнкі, працаўнікоў пракуратуры і міліцыянтаў.
Днямі стала вядома аб прысудах, вынесеных тром мужчынам, за ўдзел у маршах 2020 года. 18 снежня 2023 года да двух с паловай гадоў «хатняй хіміі» быў асуджаны Сяргей Гучок з Менску. 8 студзеня 2024-га адбыліся суды над Аляксеем Дмухоўскім (прысуд – паўтара года «хатняй хіміі») і Віталём Паляковым (прысуд – тры гады «хатняй хіміі»). Усіх іх судзілі паводле так званага «народнага», 342-га артыкулу Крымінальнага кодэксу.
Сёння стаў вядомы прысуд берасцейцу Дзянісу Красько, якога абвінавацілі ў распальванні сацыяльнай варожасці альбо варажнечы паводле ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса. Мужчыну асудзілі на 3 гады з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму за тры каментары, якія ён пакінуў пад публікацыямі на тэлеграм-канале «Вусы Лукашэнкі».
Сёння стала з’явілася інфармацыя пра магчымае затрыманне былога журналіста і палітвязня Сяргея Гардзіевіча з Драгічына. Яго абінавачваюць у «распаўсюдзе, вырабе, захоўванні інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці» (артыкул 19.11 КаАП РБ).
Раман Шавель belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10