Сталася вядома, за што арыштавалі журналіста Сяргея Гардзіевіча
29.01.2024, 18:29
Журналіст Сяргей Гардзіевіч. (Фота: 1reg.by)
podpis źródła zdjęcia
Былы палітвязень адбывае 15 содняў пакарання.
Былога палітвязня і журналіста Сяргея Гардзіевіча, аб затрыманні якога сталася вядома 24 студзеня, арыштавалі на 15 содняў. 26 студзеня яму прызначылі пакаранне за рэпост з рэсурсу, прызнанага «экстрэмісцкім».
Журналіст Сяргей Гардзіевіч. (Фота: 1reg.by)
Сяргея Гардзіевіча затрымалі супрацоўнікі Драгічынскага РАУС за рэпост артыкулу з сайту «Ганцавіцкі час» 11 лістапада 2023 года, піша выданне 1pr.by. Што гэта была за публікацыя, невядома. У пратаколе, складзеным супрацоўнікам Драгічынскага РАУС, пазначана, што рэсурс, з якога быў зроблены перапост, ёсць «экстрэмісцкім».
Працэс над журналістам вяла суддзя Драгічынскага раённага суда Юлія Кукса. Яна, як піша выданне, не ўзяла пад увагу, што ў Сяргея Гардзіевіча значна пагоршылася здароўе, былі выпадкі страты прытомнасці і што ён неаднаразова звяртаўся ў лякарню, і абрала для журналіста пакаранне ў выглядзе арышту.
Акрамя таго, на судзе Сяргей Гардзіевіч спрабаваў давесці, што ягоныя дзеянні не былі правапарушэннем, бо свой акаўнт з сацсеткі «ВКонтакте» ён выдаліў яшчэ ў лістападзе 2023 года, а Міністэрства інфармацыі папярэдзіла ўладальніка інтэрнэт-рэсурсу пра блакаванне толькі 15 лістапада 2023 года.
Нягледзячы на гэта журналісту было прызначанае пакаранне ў выглядзе арышту на 15 содняў.
Нагадаем, што Сяргея Гардзіевіча затрымлівалі ў канцы 2020 года, а ў жніўні 2021 года яму прысудзілі 1,5 года зняволення. Журналіста прызналі вінаватым паводле трох крымінальных артыкулаў: у знявазе прадстаўнікоў улады (арт. 369 КК), у распаўсюдзе заведама непраўдзівых звестак, якія зневажаюць іншую асобу (арт. 188 КК), і публічнай знявазе Аляксандра Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК). У судзе сваёй віны ён не прызнаў. Летась у кастрычніку Сяргей выйшаў з калоніі ў Шклове, цалкам адбыўшы тэрмін.
З лістапада 2022 года Сяргей Гардзіевіч уключаны ў так званы спіс экстрэмістаў.
14 верасня журналіста затрымалі на мяжы пры вяртанні з Польшчы. У яго ўзялі для правярання мабільны тэлефон і склалі пратакол паводле арт. 19.11 КаАП («Распаўсюджванне, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая ўтрымлівае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць»).