навіны

Кантакты з дэмсіламі і разрыў з Менскам. Магда пра прызначэнне Кіевам амбасадара Кізіма

Яўген Магда
Яўген Магда
podpis źródła zdjęcia

На думку палітолага, гэта «адразу некалькі крокаў наперад».

Палітолаг Яўген Магда, дырэктар украінскага Інстытуту сусветнай палітыкі, пракаментаваў «Белсату» прызначэнне былога амбасадара Украіны ў Менску Ігара Кізіма амбасадарам ў асаблівых даручэннях у справе Беларусі.
Яўген Магда
Яўген Магда
«Само па сабе прызначэнне не можа змяніць цалкам палітыку. Але тое, што Ігар Кізім змяніў свой статус былога амбасадара на статус амбасадара ў асаблівых даручэннях, на маю думку, – плюс. То бок, ён цяпер можа весці як дыялог з беларускай дэмакратычнай апазіцыяй, так і з афіцыйным Менскам», – сказаў палітолаг.
Яўген Магда нагадаў, што дыпламатычныя стасункі паміж Кіевам і Менскам не разарваныя, а існуюць і да сёння.
«Зразумела, што для Ігара Кізіма зараз будзе галоўным заданнем – камунікаваць з прадстаўнікамі беларускіх дэмакратычных сілаў, бо размаўляць на сённяшні дзень з Лукашэнкам, відавочна, няма пра што. У нас мала супольных тэмаў. Ягоныя ўсе тэмы больш з Пуціным», – сказаў палітолаг.
Паводле яго, гэтым прызначэннем украінскія ўлады фактычна прызналі наяўнасць трыкутніка: «Кіеў – Менск – беларускія дэмакратычныя сілы».
«І цяпер за палітыку ў дачыненні Беларусі будзе афіцыйна вызначаны чыноўнік. У гэтым выпадку – чалавек са значным досведам, які мае пэўную палітычную адказнасць», – падкрэсліў Магда.
На думку палітолага, гэта «адразу некалькі крокаў наперад». Аднак ён не чакае пакуль радыкальных зменаў. Магда адзначыў, што амбасадару Кізіму яшчэ трэба сабраць неабходныя звесткі і потым вызначыць свае магчымасці. Таксама палітолаг заклікаў быць рэалістамі і прызнаць застарэласць двухбаковых праблемаў.


,,

«Нам трэба шукаць з іх эфектыўнае выйсце. І трэба казаць пра тое, як нам рухацца далей наперад», – сказаў ён.


Магда спадзяецца, што прызначэнне амбасадара спрычыніцца да паляпшэння стасункаў Украіны і беларускіх дэмакратычных сілаў.
Апроч таго, ён не выключыў у перспектыве разрывання дыпламатычных стасункаў з Беларуссю, у выпадку далейшага талеравання Лукашэнка расейскай акупацыйнай палітыкі ва Украіне. У прыватнасці, у выпадку адкрыцця кансулату Беларусі ў расейскім Растове-на-Доне, якому могуць падлягаць і акупаваныя тэрыторыі Украіны.
Ігар Кізім быў апошнім амбасадарам Украіны ў Беларусі. Ён быў прызначаны на пасаду ў 2017 годзе і вызвалены ад абавязкаў прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім 22 чэрвеня 2023-га. Гэта адбылося пасля сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніком непрызнаванай ДНР Дзянісам Пушыліным. Да гэтага Кізім заставаўся ў Менску.
2 лютага 2024 года ён паведаміў пра сваё прызначэнне спецпрадстаўніком у справе Беларусі. У абавязкі амбасадара для асаблівых даручэннях у справе Беларусі будуць уваходзіць «пытанні, звязаныя з дэмакратычнымі сіламі Беларусі як часткаю беларускага грамадства, якая выступае супраць палітыкі цяперашняга кіраўніцтва Беларусі, асабліва ў тым, што датычыць падтрымання расейскай вайсковай агрэсіі супраць Украіны».
Якуб Хруст belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10