Сілавікі пагражаюць «разумнікам» і знікненне палітвязня. Рэпрэсіі за 17 лютага
18.02.2024, 00:45
Факультэт журналістыкі БДУ. (Фота: bsu.by)
podpis źródła zdjęcia
Беларусаў пераследуюць толькі за тое, што яны выступаюць супраць вайны і за свабоду.
«Белсат» працягвае адсочваць рэпрэсіі, з якімі сутыкаюцца беларусы толькі за тое, што яны выступаюць супраць вайны, гвалту і фальсіфікацыяў.
Факультэт журналістыкі БДУ. (Фота: bsu.by)
Следчы камітэт Беларусі распавёў, што як найменш 155 супрацоўнікаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту пераводзілі грошы «экстрэмістам». У дачыненні да гэтых людзей «праводзяцца адпаведныя следчыя і працэсуальныя дзеянні». Тым, хто данаціў, прапанавалі «яўку з павіннай», каб пазбегнуць крымінальнага пераследу. Таксама папярэджанне атрымала кіраўніцтва БДУ.
У зняволенага 66-гадовага старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва, які хворы на анкалогію, надалей пагаршаецца здароўе. Цяпер ён знаходзіцца ў гарадзенскай турме. Скардзіцца на здароўе. Кажа, што апошнія два месяцы ў «Воўчых норах» былі вельмі цяжкімі, а доўгі этап у Горадню таксама падкасіў здароўе.
У Вялейцы знік былы палітвязень Андрэй Кудзік – ён не выходзіць на сувязь з 15 лютага. Яго неаднаразова затрымлівалі, штрафавалі, арыштоўвалі на працягу 2020 і 2021 гадоў, а ў лютым 2022 года Андрэю прысудзілі 2 гады калоніі паводле «народнага» арт. 342 КК. 18 ліпеня 2023 года палітвязень выйшаў на волю, а ўжо ў кастрычніку яго арыштавалі на 15 содняў за віншаванне Украіны з Днём Незалежнасці ў TikTok.
Як стала вядома, Аляксандр Лукашэнка прызначыў суддзёй Вярхоўнага суда Дзіну Кучук. Зроблена гэта было ў той жа дзень, калі яны вынесла ў Менскім гарадскім судзе прысуд у справе BYPOL, асудзіўшы завочна дзейных і былых чальцоў арганізацыі на тэрміны ад 11 да 25 гадоў калоніі.
Таксама сталі вядомыя падрабязнасці затрымання «дыверсантаў» у Лельчыцкім раёне. Як выявілася, у дыверсіях беларускія сілавікі вінавацяць кантрабандыстаў са стажам, якія за гэта знаходзіліся пад следствам ва Украіне.