навіны

Сустрэча з Уладзімірам Арловым у Вільні, якую адмянялі праз «ліцвінізм», усё ж адбудзецца

Уладзімір Арлоў. (Крыніца: Белсат)
Уладзімір Арлоў. (Крыніца: Белсат)
podpis źródła zdjęcia

Змененыя месца і час правядзення імпрэзы.

Тэлеграм-канал «Беларуская афіша» паведамляе, што сустрэча з пісьменнікам Уладзімірам Арловым у Вільні адбудзецца, але не на тым адрасе, дзе была запланаваная спачатку.
Уладзімір Арлоў. (Крыніца: Белсат)
Уладзімір Арлоў. (Крыніца: Белсат)
Новы адрас сустрэчы: «Замак», Naujoji Riovoniu 10. Час – 22 сакавіка, а 19:00.
21 сакавіка Цэнтр беларускай культуры і супольнасці ў Вільні абвясціў, што творчы вечар Уладзіміра Арлова ў літоўскай сталіцы адмяняецца праз абвінавачанні пісьменніка ў «ліцвінізме», у сувязі з чым арганізатары не маглі гарантаваць бяспекі для Арлова і гасцей імпрэзы.
Наконт адмены сустрэчы арганізатары задумаліся пасля таго, як літоўскі блогер Жыльвінас Світоюс зрабіў допіс у «Фэйсбуку», у якім назваў Арлова «галоўным ідэолагам ліцвінізму». Прэтэнзіі ў блогера ўзніклі да кніг Арлова «Краіна Беларусь: Вялікае Княства Літоўскае» і «Краіна Беларусь», якія ён назваў «прапагандысцкімі».
Пост атрымаў шмат увагі аднадумцаў Світоюса, пад ім з’явіліся каментары з пагрозамі, у выніку Цэнтр беларускай культуры і супольнасці ў Вільні прыйшоў да высновы, што яны не могуць гарантаваць нічыёй бяспекі.
«Беларусам відавочна, што Арлоў не ёсць ліцвіністам. Але хай гэта служыць нашай супольнасці папярэджаннем пра тое, што калі праблема камунікацыі між дзвюх супольнасцяў нам выглядае выдуманай, вырванай з кантэксту, зманіпуляванай прарэжымнымі маніпуляцыямі – гэта не робіць яе менш сапраўднай для іншага боку», – пішуць арганізатары і дадаюць:


,,

«Гэты канфлікт будзе працягвацца. Беларуская супольнасць у Літве мусіць актыўна яго вырашаць, і першым крокам гэтага вырашэння абавязкова мусіць быць намаганне зразумець прэтэнзіі літоўцаў са шчырай спагадай і цікаўнасцю».


Напярэдадні сёлетняга Дня Волі Уладзімір Арлоў робіць тур па краінах Балтыі і Фінляндыі. Падчас цыклу сустрэчаў з назвай «Насустрач Дню Волі» пісьменнік расказвае пра гісторыю Беларускай Народнай Рэспублікі, а таксама прадстаўляе свае кнігі «Імёны Свабоды», «Незалежнасць – гэта…», «Айчына» і іншыя папулярныя выданні, што пабачылі свет дзякуючы фонду Kamunikat.org. 20 і 21 сакавіка ён праводзіў сустрэчы ў літоўскіх Клайпедзе і Коўне, 22 сакавіка мелася прайсці сустрэча ў Вільні, а 23, 24 і 25 сакавіка яго чакаюць адпаведна Рыга, Таллін і Хельсінкі.
Праблема ліцвінізму стварыла напружанасць у інфармацыйнай прасторы ў 2023 годзе. Старшыня камітэту нацыянальнай бяспекі і абароны Сейму Лаўрынас Касчунас заявіў летам 2023 года, што беларуская апазіцыя мусіць быць занепакоеная ўсё больш відавочнымі праявамі ліцвінізму.
Згодна з азначэннем літоўскага Дэпартаменту дзяржаўнай бяспекі (ДДБ), ліцвінізм – гэта радыкальны кірунак беларускага нацыяналізму, «адная з асноўных ідэйных пазіцыяў якога – адмаўленне балцкага паходжання Вялікага Княства Літоўскага і княскіх дынастыяў, якія ў ім кіравалі, стаўленне пад сумнеў прыналежнасці значнай тэрыторыі да Літоўскай Рэспублікі са сталіцай Вільнюсам».
Марыя Міхалевіч belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10