Расея просіць Казахстан дапамагчы з бензінам у выпадку дэфіцыту паліва
08.04.2024, 17:22
Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Крыніца: azh.kz)
podpis źródła zdjęcia
Нястача бензіну ў Расейскай Федэрацыі чакаецца ўжо ў траўні.
Расейская Федэрацыя звярнулася да Казахстану з просьбаю стварыць аварыйны рэзерв аўтамабільнага бензіну на 100 тысяч тонаў для паставак у Расею, калі там паўстане дэфіцыт паліва, піша «Reuters».
Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Крыніца: azh.kz)
Факт такога звароту пацвердзілі тры крыніцы агенцтва. Паводле адной з іх, дамова наконт выкарыстання рэзерваў для Расеі ўжо ўзгодненая: «Падпісалі пагадненне пра рэзерв на 100 тысяч тонаў, усё аформілі ў рамках індыкатыўнага балансу».
Прадстаўнікі міністэрстваў энергетыкі Казахстану і Расеі не далі ніякіх каментароў з гэтае нагоды, адзначае «Reuters».
Вядома, што для таго, каб не давесці да дэфіцыту паліва ўнутры краіны, Расея ўвяла забарону на экспарт бензіну з 1 сакавіка тэрмінам на паўгода, але гэтая забарона не распаўсюджваецца на партнёраў з ЕАЭС, а таксама на краіны, з якімі падпісаныя міжурадавыя пагадненні пра пастаўкі паліва.
Тым не менш, паводле трэйдараў, у выпадку пагаршэння сітуацыі забарона можа быць пашыраная.
,,
Так, паводле словаў аднае з крыніцаў «Reuters», «у траўні ў Расеі можа не хапіць бензіну для ўнутранага рынку, таму ёсць рызыка закрыцця экспарту нават у ЕАЭС».
Прычынаю дэфіцыту стала скарачэнне вытворчасці бензіну пасля некалькіх паспяховых траплянняў украінскіх беспілотнікаў па нафтаперапрацоўчых заводах у Расеі. Цягам трох тыдняў сакавіка расейскія НПЗ знізілі аб’ёмы выпуску аўтамабільнага паліва на 10 %. Яшчэ адзін НПЗ у горадзе Орску 7 красавіка спыніў вытворчасць праз паводку.
У той жа час удзельнікі рынку сумняваюцца ў магчымасці Казахстану знайсці рэзервы бензіну для Расеі. Гэта звязана з планавымі рамонтамі на Шымкенцкім нафтаперапрацоўчым заводзе (выведзены ў рамонт з 25 сакавіка да 8 траўня) і Паўладарскім нафтахімічным заводзе (яго збіраюцца вывесці ў рамонт у чэрвені – ліпені), а таксама паводкамі, што сталі аднымі з найбольш маштабных за апошнія 80 гадоў.
Цяпер толькі Атыраўскі НПЗ можа выпускаць бензін экалагічнага класу К5 (Еўра-5), у той час як Шымкенцкі і Паўладарскі заводы робяць бензін толькі класу К4 (Еўра-4), забаронены для выкарыстання ў Расеі.
Акрамя таго, вядома, што Казахстан таксама ўвёў абмежаванні на экспарт паліва да канца года.
Як сцвярджае «Reuters», Беларусь ужо пагадзілася дапамагчы Расеі з пастаўкамі бензіну. Сапраўды, раней «Reuters» адзначала, што ў сакавіку РФ павялічыла імпарт нафтапрадуктаў з Беларусі, каб зліквідаваць рызыку дэфіцыту на ўнутраным рынку праз пазапланавыя рамонты на расейскіх нафтаперапрацоўчых заводах пасля нападаў беспілотнікаў.