Тры гады за данаты на палітвязняў і суды над журналістамі
08.07.2024, 22:14
Ірына Пагадаева. (Фота: Вясна / Правы чалавека ў Беларусі / Telegram)
podpis źródła zdjęcia
Хроніка рэпрэсій за 8 ліпеня.
«Белсат» расказвае пра арышты і затрыманні, якія праходзяць у Беларусі, нягледзячы на спробу беларускага рэжыму выставіць сябе ў святле «гуманістаў» пасля выпуску некалькіх асобаў 3 ліпеня.
У Берасцейскім абласным судзе агучылі прысуд бібліятэкарцы Ірыне Пагадаевай. Яе асудзілі на 3 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму за пераводы палітвязням. Жанчыну прызналі вінаватай паводле ч. 1 і 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»). Да матэрыялаў справы далучана больш за трыццаць выпадкаў адпраўкі грошай палітвязням у СІЗА Менска, Гомлі ды іншых гарадоў. Пераважна гаворка вялася пра сумы ў 4–5 рублёў.
Ірына Пагадаева. (Фота: Вясна / Правы чалавека ў Беларусі / Telegram)
Праваабаронцам стала вядома, што частка палітвязняў адмовілася выходзіць на волю на 3 ліпеня, не пагадзіўшыся з умовамі вызвалення. Верагодна, умовай было напісанне прашэння на імя Лукашэнкі. Замест іх на волю выпусцілі іншых людзей, што было зроблена вельмі спешна. Зараз вядома пра 18 палітзняволеных, выпушчаных на волю 3 ліпеня: 4 жанчыны і 14 мужчын (сярод іх былы старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў).
8 ліпеня ў Гарадзенскім абласным судзе распачаўся завочны суд над журналістам Алесем Кіркевічам, якога абвінавачваюць у садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці (ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК). Пра завядзенне справы на Алеся Кіркевіча стала вядома 29 сакавіка 2024 года.
14 чэрвеня 2023 года ў Берасцейскім абласным судзе да 14 гадоў зняволення асудзілі грамадзяніна Польшчы Томаша Бярозу. Яму выставілі абвінавачанні ў агентурнай дзейнасці (ч. 1 арт. 358-1 КК) і шпіянажы (арт. 358 КК). Пра прысуд стала вядома толькі цяпер. Свой тэрмін мужчына адбывае ў папраўчай калоніі № 22.
Сёння стала вядома пра затрыманне індывідуальнай прадпрымальніцы за ўдзел у маршах пратэсту ў 2020 годзе. На пакаяльным відэа жанчына кажа, што працуе ў сферы грузаперавозак і што патрапіла на фота з бела-чырвона-белым сцягам.
5 ліпеня Міністэрства ўнутраных справаў абнавіла так званы «Спіс экстрэмістаў», выдаліўшы з яго 15 чалавек. Але ў той жа час у ім з’явіліся 19 новых прозвішчаў. Так, праваабаронцы з «Вясны» звяртаюць увагу на тое, што ў спіс дадаліся прозвішчы асуджанай за негатыўны каментар пра Лукашэнку Алены Дуброўскай, студэнта БДПУ Германа Лебедзева, берасцейца Аляксея Германа.
У канале сілавікоў з’явілася відэапакаянне з мужчынам, які «прызнаецца» ў тым, што нібыта заклікаў да «супраціву», меў некалькі падпісак на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы, у якіх пісаў негатыўныя каментары. Таксама мужчына адзначае, што не браў удзелу ў пратэстах.
Палітзняволенага Дзмітрыя Загалаўца збіраюцца зноў судзіць за данаты. Зараз мужчына адбывае пакаранне ў выглядзе трох гадоў пазбаўлення волі, на якое быў асуджаны ў мінулым годзе паводле ч. 1 арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі), арт. 369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады»), ч.1 арт.361-1 КК («Садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці») і арт. 361-2 КК («Фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фармавання»). 11 ліпеня яго збіраюцца судзіць за данаты паводле арт. 361-2 КК. Працэс будзе разглядацца ў Віцебскім абласным судзе.
Сёння стала вядома пра затрыманне ўладальніка лідскага рэстарана «Vashi Guli» за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Інфармацыя аб гэтым з’явілася ў праўладных тэлеграм-каналах.
12 ліпеня ў Магілёўскім абласным судзе адбудзецца суд над палітзняволенымі журналістамі Алесем Сабалеўскім і Яўгенам Глушковым. Іх абвінавачваюць ва ўдзеле ў баявых дзеяннях на тэрыторыі замежнай дзяржавы (ч. 1 арт. 361-3 КК), стварэнні «экстрэмісцкага фармавання» (ч. 1 арт. 361-1 КК) і ўдзеле ў «экстрэмісцкім фармаванні» (ч. 3 арт. 361-1 КК).
Сёння стала вядома пра затрыманне Кацярыны Міцкевіч, яе абвінавачваюць ва ўдзеле ў акцыях пратэсту. Жанчына на «пакаяльным відэа» адмаўляе гэты факт. Кацярыну, па ўсім відаць, затрымалі пасля затрымання ейнага мужа Аляксандра Міцкевіча (гэта адбылося на мінулым тыдні).
Берасцейскі абласны суд вынес завочныя прысуды ЯўгенуВільскаму,ВадзімуДзмітранку,ВользеКарач,АнатолюКотаву іВераніцыЦапкала. Усім ім прысудзілі па 12 гадоў пазбаўлення волі. Акрамя таго, Котаў і Карач атрымалі 15 тысячаў базавых велічынь штрафу (600 тысячаў рублёў), Вільскі і Дзмітранок – 12 тысячаў і 11 тысячаў базавых адпаведна (480 тысячаў і 440 тысячаў рублёў), Вераніка Цапкала – тысячу базавых (40 тысячаў рублёў). Усіх абвінавачвалі паводле пяці артыкулаў крымінальнага кодэксу.
Сілавікі затрымалі ўдзельнікаў рок-канцэрту ў намётавым лагеры. Затрыманнем маладых людзей займаліся супрацоўнікі АМАП у поўнай амуніцыі са зброяй у руках. У ІЧУ было дастаўлена 11 чалавек.