навіны

У Беларусі хочуць цалкам забараніць вэйпы

Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: Freepik)
Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: Freepik)
podpis źródła zdjęcia

Рыхтуецца адпаведны законапраект.

На апошняй сесіі Савету Рэспублікі разглядалася пытанне аб поўнай забароне электронных цыгарэтаў – вэйпаў. Старшыня Савету Рэспублікі паставіў задачу распрацаваць адпаведны законапраект, распавёў у эфіры СТВ сябра Савету Віктар Кандратовіч.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: Freepik)
Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: Freepik)
«На апошняй сесіі Савету Рэспублікі гэтае пытанне разглядалася. Пастаўлена задача старшынём Савету Рэспублікі аб тым, каб прапрацаваць гэтае пытанне і вынесці законапраект аб забароне вэйпаў у нашай краіне», – сказаў Кандратовіч.
Паводле Віктара Кандратовіча, які таксама з’яўляецца галоўным лекарам Менскага гарадскога клінічнага анкалагічнага цэнтру, вэйпы могуць выклікаць не толькі сардэчна-сасудзістыя захворванні, але і анкалагічныя.


,,

«Яны ёсць з нікацінам, без нікаціну, у любым выпадку хімічны склад утрымлівае шмат фармальдэгідаў, якія выклікаюць у тым ліку анкалагічныя захворванні. Пухліны галавы, шыі, поласці рота, глоткі ў мужчын стаяць на пятым месцы. Асноўныя палільшчыкі – гэта мужчыны. Я хачу сказаць, што хворыя на пухліны поласці рота і глоткі – цягам года паміраюць 30% хворых», – заявіў госць тэлеэфіру.


Галоўную рызыку, паводле Кандратовіча, прадстаўляе не нікацін, а цяжкія металы – нікель, свінец, і фармальдэгід, якія ўтрымліваюцца ў вэйпах. Нікацін жа асабліва шкодны ў падлеткавым узросце, таму што моцна ўплывае на ўвагу, памяць, навыкі навучання і кантролю сваіх імпульсаў, што ў далейшым можа прывесці да больш сур’ёзных залежнасцяў.
Загадчыца падлеткавым аддзяленнем Менскага гарадскога клінічнага наркалагічнага цэнтру Людміла Шпакоўская распавядала, што ў Беларусі пік палення электронных цыгарэт прыходзіцца на пераходны ўзрост, а пачынаюць карыстацца вэйпамі дзеці з 10 гадоў.
Напрыканцы траўня законапраект аб поўнай забароне на продаж вэйпаў і вадкасцяў для іх быў унесены ў расейскую Дзярждуму.
У красавіку 2024 года продаж і рэклама вэйпаў былі забароненыя ў Казахстане.
З 2025 года забараніць аднаразовыя вэйпы хочуць у Вялікай Брытаніі.
Марыя Міхалевіч belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10