Рост рэальных прыбыткаў беларусаў упершыню сёлета запаволіўся
16.07.2024, 13:05
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларускія грошы. (Фота: Белсат)
podpis źródła zdjęcia
У студзені – траўні рэальныя прыбыткі грамадзянаў павялічыліся на 9,6 % год да года.
У студзені – траўні рэальныя прыбыткі грамадзянаў павялічыліся на 9,6 % год да года, паведаміў Белстат. Месяцам раней рост быў 9,8 %. Упершыню сёлета разгон прыбыткаў запаволіўся.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларускія грошы. (Фота: Белсат)
З сёлетняга студзеня рост рэальных прыбыткаў у Беларусі толькі паскараўся, дасягнуўшы ў студзені – красавіку рэкордных 9,8 %. Але вынікі пяці месяцаў сведчаць, што тэмпы прыросту запаволіліся: 9,6 % год да года.
Рэальныя прыбыткі – грошы, што застаюцца на руках пасля выплаты падаткаў і ўнёскаў ды ўлічваюць інфляцыю.
Цяпер у агульным аб’ёме прыбыткаў 64,6 % складаюць заробкі, 22,4 % – пенсіі, стыпендыі, грашовая дапамога, 7,9 % – прыбыткі ад прадпрымальніцкай дзейнасці, 5,1 % – прыбыткі ад уласнасці ды іншыя.
Як тлумачыў раней «Белсату» эканаміст даследчага цэнтру BEROC Дзмітрый Крук, заробкі – частка прыбыткаў грамадзянаў – растуць з увагі на дэфіцыт кадраў:
«За ростам заробкаў стаяць праблемы на рынку працы, перш за ўсё звязаныя з вялікаю колькасцю асобаў, якія з’ехалі. Гэта прыводзіць да таго, што працадаўцы падвышаюць заробкі больш, чымся гэта дыктуе фінансавая логіка, і часам сыходзяць у фінансавыя праблемы. Прадпрыемствы часткова ахвяруюць сваім фінансавым здароўем, каб падтрымаць рост заробкаў ва ўмовах нястачы працаўнікоў. Пакуль ім дазваляе гэта ўласнае фінансавае становішча, яны на максімум гэта робяць».
Такім чынам, як казаў аналітык, калі рост заробкаў запаволіцца, гэта будзе сведчыць, што кампаніі падышлі да мяжы, пасля якой далейшае асыпанне працаўнікоў грашыма будзе пагражаць зруйнаваннем прадпрыемства.
Заробкі, што растуць, штурхаюць пашырэнне крэдытавання і падаграваюць спажывецкі попыт – і з улікам штучнага стрымлівання цэнаў гэта стварае той самы інфляцыйны навес, пра які папярэджваюць незалежныя эканамісты.
«Пры тым, што мы маем рэгуляванне цэнаў, інфляцыя ўсё адно расце, і гэта забяспечваецца агромністым нутраным попытам, што правакуецца ўласна ўрадам: заробкі растуць не ў адпаведнасці з прадукцыйнасцю працы плюс нізкія крэдытныя стаўкі. Гэта стымулюе ўнутраны попыт, і цэны ўсё адно будуць расці нават з істотным рэгуляваннем», – адзначала ў размове з «Белсатам» эканамістка Аліса Рыжычэнка.