навіны

У Менску праз залеву людзей заблакавала ў трамваях: яны не могуць выйсці ўжо 2 гадзіны

Залева ва Уруччы. (Фота: minsknews_by / Telegram)
Залева ва Уруччы. (Фота: minsknews_by / Telegram)
podpis źródła zdjęcia

Улады папярэджваюць, што цягам дня дажджы будуць працягвацца.

У Менску праз моцныя дажджы падтопленыя вуліцы і двары, парушаны рух грамадскага транспарту. Улады змагаюцца з наступствамі стыхіі і папярэджваюць: цягам дня дажджы будуць працягвацца.
Паводле «Менсктрансу», у розных раёнах гораду фіксаваліся збоі ў руху грамадскага транспарту. Як паведамляе БелТА, на вуліцы Якуба Коласа ў Менску людзі ўжо амаль дзве гадзіны заблакаваныя ў трамваях, што стаяць у вадзе, кіроўцы не могуць адчыніць дзвярэй.
Праўда, на відэа, якое выклала БелТА, бачна, што дзверы ў трамваі ўсё-ткі адчыняюцца, а людзі не могуць выйсці, імаверна, таму, што вакол усё затоплена.
У Міністэрстве надзвычайных сітуацыяў заявілі, што на 13:00 у сувязі з залевамі ў Менску зафіксаваныя 38 падтапленняў праезных частак, аднаго паркінгу, аднаго будынку і двух падземных пераходаў.
Найбольш складаны ўчастак – раён станцыі метро «Парк Чалюскінцаў». На месцы працуюць ратавальнікі. Закрыты вестыбюль на станцыі метро «Усход».
Паводле агенцтва «Минск-Новости», на асобных участках дарог размыла тратуары.
Старшыня ўпраўлення «Цэнтр» дзяржаўнага абʼяднання «Гаррамаўтадар» Менскага гарвыканкаму Генадзь Фралоў заявіў БелТА, што робяцца захады для ліквідацыі падтаплення:
«Ёсць план «Пасейдон», у якім замацаваныя ўсе месцы магчымых падтапленняў. Туды аператыўна выязджаюць брыгады слесараў аварыйна-аднаўленчых працаў для забеспячэння максімальна хуткага скіду вады і ліквідацыі наступстваў падтапленняў».
Залева ва Уруччы. (Фота: minsknews_by / Telegram)
Залева ва Уруччы. (Фота: minsknews_by / Telegram)
У МНС папярэджваюць, што сёння захоўваецца імавернасць залеваў на працягу дня. У ведамстве рэкамендуюць абмежаваць паездкі, а таксама пазбягаць хісткіх канструкцыяў, розных збудаванняў, не паркаваць аўтамабіляў пад дрэвамі і кіравацца рэкамендацыямі ратавальнікаў.
Менскі метрапалітэн абвесціў, што а 12:38 станцыя «Парк Чалюскінцаў», якую раней зачынялі праз залеву, зноў працуе.
Глеб Нержын belsat.eu
больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10