навіны

Для каго Лукашэнка ўвёў бязвіз: для Захаду, Крамля, Кітаю?.. Наўрад ці проста для турыстаў

Мяжа Рэспублікі Беларусь. (Фота: Gpk.gov.by)
Мяжа Рэспублікі Беларусь. (Фота: Gpk.gov.by)
podpis źródła zdjęcia

Пачатак прэзідэнцкай кампаніі, амбіцыі міністра замежных справаў ці нешта яшчэ?

19 ліпеня Беларусь увяла бязвізавы рэжым для грамадзянаў 35 еўрапейскіх краінаў, ад Андоры да Эстоніі. Але каму гэты крок напраўду адрасаваны? «Белсат» спытаў аналітыкаў.
Мяжа Рэспублікі Беларусь. (Фота: Gpk.gov.by)
Мяжа Рэспублікі Беларусь. (Фота: Gpk.gov.by)
Бязвізавы рэжым уезду і выезду будзе дзеяць з 8:00 19 ліпеня да 31 снежня 2024 года для грамадзянаў не толькі Польшчы, Літвы і Латвіі, але і яшчэ 35 краінаў Еўропы. Яны могуць уехаць у Беларусь без візаў праз усе аўтадарожныя і чыгуначныя міжнародныя пункты пропуску на тэрмін побыту не больш за 30 дзён, а таксама рухацца транзітам у трэція краіны, за выключэннем Расеі, у тым ліку праз пункты пропуску ў аэрапортах.
Улады Польшчы, Літвы, Латвіі ды іншых краінаў заклікалі сваіх грамадзянаў адмовіцца ад паездак у Беларусь, каб не зрабіцца «аб’ектам правакацыяў з боку беларускіх спецслужбаў». Калі гэты бязвіз не патрэбны суседзям, то для каго яго напраўду ўвялі?
Палітычны аглядальнік радыё «Свабода» Валер Карбалевіч ставіць ідэю пра бязвіз у адзін шэраг з «міралюбствам» на адрас Украіны, прадэманстраваным Аляксандрам Лукашэнкам, прапановай міністра замежных справаў Максіма Рыжанкова Польшчы пра пачатак дыялогу, вызваленнем каля двух дзясяткаў палітычных зняволеных.


,,

«Беларускія ўлады пачалі нейкую пэўную гульню, – мяркуе Карбалевіч. – Пакуль незразумела, з якой мэтай і да чаго яна прывядзе. Ва ўсялякім разе, бачыцца нейкае невялікае карэктаванне вонкавай палітыкі».


Аналітык бачыць некалькі нагодаў:
• Пачатак прэзідэнцкай кампаніі-2025. Магчыма, Лукашэнка хоча палепшыць свой імідж і пазбавіцца вобразу чалавека, які стварыў «жалезную заслону» на заходняй мяжы.
• Ціск Кітаю, што незадаволены праблемамі з транзітам тавараў праз Беларусь. Кітай можа ціснуць і на Беларусь, і на Польшчу з прапановай дамовіцца і не перашкаджаць.
• Амбіцыі новага міністра замежных справаў. Рыжанкоў, магчыма, хоча прадэманстраваць паляпшэнне стасункаў з Захадам – такое, якога не здолеў дамагчыся мінулы міністр.
• Нейкія прыхаваныя рэчы, якія наўмысна робяць непрыметнымі звонку.
Мяжа Рэспублікі Беларусь. (Фота: Gpk.gov.by)
Мяжа Рэспублікі Беларусь. (Фота: Gpk.gov.by)
Што да ўласна бязвізу, Карбалевіч бачыць у гэтым спробу прапагандысцкай PR-акцыі «на кантрасце». Маўляў, суседзі вунь ускладняюць беларускім грамадзянам паездкі ў краіны Еўразвязу і абмяжоўваюць перавоз тавараў, а мы ж адчыняем дзверы. Гэта таксама спроба зарабіць на ўязным турызме – незразумела, наколькі вялікі прыбытак з гэтага можа быць, але нейкі будзе.
Старэйшы аналітык «MediaIQ» Паўлюк Быкоўскі адзначае, што Лукашэнка спрабуе пазіцыянаваць сябе як незалежнага гульца, і калі глядзець на гэта звонку, яно можа выглядаць даволі пераканаўча: пакуль Захад апускае «жалезную заслону», Беларусь праводзіць палітыку адкрытасці і паказвае сябе як канструктыўную і перамоўную пляцоўку… Быкоўскі сумняецца, што лукашэнкаўскай Беларусі ўдасца зноў стаць перамоўнай пляцоўкай, але такая мэта можа стаяць. Прапаганда не можа палепшыць жыццё людзей, але можа стварыць бачнасць таго, што жыццё добрае і зайздроснае.


,,

«Добрыя словы, сказаныя міністрам замежных справаў Беларусі Рыжанковым упіраюцца ў тое, што польскі бок кажа: „Ну, хацелася б і дзеянняў добрых“. І тут акурат дзеянняў няма», – заўважае Быкоўскі.


Бязвіз не з тых дзеянняў, што чакае ад Беларусі тая ж Польшча. Быкоўскі таксама сумняецца, што ўвядзенне бязвізу прынясе шмат грошай: турысты і ў лепшыя часы прыносілі не так многа, а цяпер у Беларусь па зямлі проста фізічна цяжка трапіць праз доўгія чэргі.
Хутчэй разлік можа быць на людзей, якія з’ездзяць у Беларусь, вернуцца дамоў і будуць расказваць, як у Беларусі добра, як чыста і бяспечна на вуліцах, якія нізкія цэны, працягвае Быкоўскі. Для турыста карцінка можа быць пераканаўчай. Ён нагадвае, што былі і людзі, якія хацелі бачыць большую дэмакратыю ў сталінскім СССР, бачыць адкрытасць Савецкага Саюзу і яго мірныя ініцыятывы, калі сітуацыя зусім не была падобнай да мірнай. А што там адбываецца з іншадумцамі, з вокнаў турыстычнага аўтобуса не відаць.
Расейскія праваенныя «Z-блогеры» негатыўна адрэагавалі на выказванні Лукашэнкі пра «ліквідацыю напружанасці на мяжы з Украінай». З імі завялі завочныя спрэчкі лукашэнкаўскія прапагандысты, а пасля ў Беларусь чамусьці пачалі залятаць расейскія дроны-камікадзэ. І яшчэ Беларусь правяла супольныя вучэнні з Кітаем. Можа, Уладзімір Пуцін хацеў бы больш уцягнуць Лукашэнку ў вайну ва Украіне, а той гэткімі жэстамі спрабуе адбіцца і паказаць, што яшчэ мае самастойнасць?
Карбалевіч адказвае: можна, канешне, шукаць прыкметы «цёрак» паміж Менскам і Масквой, але незадаволенасць блогераў – не надта яскравы паказнік. Вось бязвіз сапраўды можа стварыць праблему, бо беларуска-расейская мяжа адкрытая, а значыць, тэарэтычна з еўрапейскіх краінаў праз Беларусь у Расею могуць заехаць і простыя грамадзяне, і супрацоўнікі якіх-небудзь спецслужбаў.
Дроны, што зноў і зноў залятаюць, не падобныя на памылку, але што гэта значыць, аналітык не бярэцца гадаць. Цалкам рэальна, што назапашваюцца нейкія канфлікты, але гэта толькі гіпотэзы, якія немагчыма пацвердзіць і абвергнуць, рэзюмуе Карбалевіч.
Мяжа Рэспублікі Беларусь. (Фота: Gpk.gov.by)
Мяжа Рэспублікі Беларусь. (Фота: Gpk.gov.by)
Такія разважанні, канстатуе Быкоўскі, гэта толькі «гаданні па ценях на сцяне пячоры»: варта разумець, што можам памыляцца.
Крытыка «Z-блогераў» і «турбапатрыётаў», мяркуе Быкоўскі, можа быць як натуральнай крыўдай асабіста гэтых блогераў на ўяўную «здраду Лукашэнкі Расеі», так і часткай больш тонкай стратэгіі Крамля.
Другое можа быць спробай «захаваць дыстанцыю» і не скампраметаваць Лукашэнку ў вачах заходняй аўдыторыі: пахваліць за такое. А для Расеі гэтая сітуацыя можа быць выгадная, бо дазваляе захаваць Беларусь як патэнцыйны канал камунікацыі з Захадам, не выклікаючы залішніх падазрэнняў.
Але гэтыя рэчы не абавязкова звязаныя: можа, гэта гульня Крамля, а можа, гульня асабіста Лукашэнкі, інтарэсы якога не заўсёды супадаюць з інтарэсамі Пуціна. Аналітык упэўнены, што ў Лукашэнкі ёсць нейкая суб’ектнасць, але сумняецца ў поўнай самастойнасці.


,,

«Працуе схільнасць чалавечага розуму знайсці тлумачэнне, рацыянальнасць у нейкіх рэчах. Пры гэтым не заўсёды „пасля чагосьці“ значыць „у выніку чагосьці“», – нагадвае Быкоўскі.


Пошук дадатковых саюзнікаў – даўняя палітыка, дадае Карбалевіч. Ужо пару дзясяткаў гадоў Беларусь робіць гэта, не першы раз ладзіць вучэнні з Кітаем. Але палітолаг сумняецца, што Кітай можа замяніць Беларусі Расею або абараніць яе ад вонкавай пагрозы незалежнасці. Расея робіць вялікія субсідыі ў беларускую эканоміку, без якіх тая не выжыве, а Кітай дзейнічае вельмі прагматычна і не гатовы на такія субсідыі, а таксама не можа даць Беларусі нафту і газ.
Уладзіслаў Корсак, Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10