У Беларусі знялі абмежаванні на продаж біяактыўных дадаткаў (БАД). Гэта кепска, і вось чаму
25.07.2024, 13:29
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Біялагічна актыўныя дадаткі (БАДы). (Фота: Innosfera.by)
podpis źródła zdjęcia
У продажы стане больш «пустышак», якія выглядаюць як лекі.
Міністэрства аховы здароўя Беларусі паведаміла, што набыла моц пастанова Савету Міністраў, якая здымае абмежаванне на продаж часткі біялагічна актыўных дадаткаў, якія раней было забаронена прадаваць па-за аптэкамі. Самі па сабе БАДы рэдка калі шкодныя і часам нават карысныя, але небяспечна тое, што іх могуць пераблытаць з лекамі.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: Sukhjinder / Pixahive.com, CC0)
Згодна з пастановай аб БАДах, апублікаванай 17 ліпеня, змены ўводзяцца для рэалізацыі закону за 7 сакавіка аб зменах у Закон аб дзяржаўным рэгуляванні гандлю і грамадскага харчавання. Адметна, што дакумент, на які спасылаецца пастанова аб БАДах, не абавязвае здымаць абмежавання продажу БАДаў па-за аптэкамі. Але, як тлумачыць Мінздароўя ў сваім Telegram-канале, пастанова «гарманізуе» беларускія нормы з расейскімі.
Пастанова ўносіць змены ў палажэнне аб парадку вытворчасці і абароту БАДаў з 2004 года і здымае забарону на продаж па-за аптэкамі «біялагічна актыўных дадаткаў да ежы, якія ўжываюцца для падтрымання ў фізіялагічных межах функцыянальнай актыўнасці арганізму». Цяпер такія БАДы можна прадаваць у любой краме, калі зрабіць там спецыяльны аддзел ці секцыю, а таксама праз інтэрнэт (пры ўмове, што інтэрнэт-крама мае гандлёвы аб’ект ці склад, дзе прадае або захоўвае БАДы).
Паводле палажэння пра абарот БАДаў, да іх адносіць можна практычна любы прадукт.
Калі ў складзе ёсць вітаміны, мікраэлементы, мінеральныя рэчывы ды іншае, што «нармалізавальна ўплывае на склад і біялагічную актыўнасць мікрафлоры стрававальнага тракту», тады гэта будзе лічыцца БАДамі для падтрымання функцыянальнай актыўнасці арганізму. Або калі ёсць «дадатковыя крыніцы бялкоў, тлушчоў, вугляводаў, харчовых валокнаў», тады гэта БАДы для ўзбагачэння харчавання чалавека.
Другую катэгорыю БАДаў і раней можна было прадаваць у звычайных крамах, але першую можна было прадаваць толькі праз аптэкі.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: Sukhjinder / Pixahive.com, CC0)
Што менавіта адносіць да БАДаў гэтых катэгорыяў, вырашае камісія Мінздароўя паводле вызначэння парадку рэгістрацыі і рэалізацыі дадаткаў. Складу гэтай камісіі і парадку яе прызначэння не ўдалося знайсці ў адкрытых крыніцах.
Але вядома (PDF), што тэхнічнае забеспячэнне дзейнасці камісіі ляжыць на Рэспубліканскім цэнтры гігіены і эпідэміялогіі – ён мусіць правяраць БАДы на склад, смак і бяспеку.
У Беларусі БАДы аднесеныя да харчоў і не згадваюцца ў Законе аб абароце лекавых сродкаў (хоць той дакумент і называе лекамі гамеапатыю, якая лекамі не ёсць). «БАДы – не лекі», – заяўляюць, напрыклад, у Дзяржстандарце.
Гэта не азначае, што БАДы аўтаматычна шкодныя. Але медычная карысць ад іх – як ад яблыкаў, ёгуртаў ці мінеральнай вады. Насуперак брытанскай прымаўцы «an apple a day keeps the doctor away», аднымі яблыкамі – як і аднымі БАДамі – ад візітаў да дактароў не ўратуешся.
Ёсць выпадкі, калі чалавеку сапраўды варта ўжываць БАДы, але ёсць выпадкі, калі патрэбныя не БАДы, а лекі. Нават у дзяржаўных медыях прыводзяць такі прыклад: у бальшыні беларусаў – дэфіцыт вітаміну D, таму шмат каму варта прымаць БАДы з вітамінам D, але калі дэфіцыт гэтага вітаміну завялікі, трэба ўжо прымаць вітамін D у лекавай форме, бо ў БАДах – паніжанае ўтрыманне неабходных арганізму рэчываў.
Год таму беларусы збіралі подпісы супраць «фуфламіцынаў» і «біяпалёў» у дзяржаўнай медыцыне (Мінздароўя сказала пачакаць снежня і «забыла» пра зварот). У кантэксце той петыцыі доктар Станіслаў Салавей расказваў, што БАДы часам выпісваюць замест лекаў пасля псеўданавуковых даследаванняў «біярэзанансу». БАДы ён адносіў якраз да «фуфламіцынаў», то бок «прадуктаў, якія ў найлепшым выпадку, трапіўшы ў ваш арганізм, неўзабаве з яго выйдуць, не даўшы ніякага ўплыву, а ў найгоршым – нашкодзяць».
Супольнасць беларускіх дактароў «Белыя халаты» рабіла серыю публікацыяў пра «фуфламіцыны», да якіх яны адносілі і тое, што лічыцца лекамі, але не мае даказанай эфектыўнасці. У «фуфламіцыны» занеслі папулярныя анафэрон, валідол, нова-пасіт і пэрсэн, пірацэтам, фэнібут, мазь Вішнеўскага ды іншае. У спіс «Белых халатаў» таксама трапілі такія БАДы, як ашвагада, вабэнзім і трыптафан.
,,
«Трыптафан ніякім чынам не нашкодзіць, вы можаце з такім жа поспехам з’есці кавалачак мяса, – пісалі «Белыя халаты». – Ён можа стаць нават карысным, але, напэўна, не акажа таго дзеяння, на якое вы разлічваеце».
І з гэтым праблема: БАДы вонкава могуць выглядаць як лекі і мець рэпутацыю лекаў па-за медычнаю супольнасцю. Горш за тое, недасведчаны доктар можа параіць БАДы тым, каму патрэбныя лекі. І чалавек можа «адчуць, што дапамагае» дзякуючы эфекту плацэба.
Яшчэ адна праблема – БАДы могуць утрымліваць рэчывы, карысныя ў адных выпадках і шкодныя ў іншых або пры празмерным спажыванні. БАДы таксама могуць мець пабочныя эфекты.
Акрамя таго, БАДы могуць правяраць і кантраляваць не так пільна, як лекі, і як вынік – БАДы могуць утрымліваць шкодныя рэчывы, як некалі славутае муміё, або прыводзіць да масавых атручванняў.
Зняцце абмежаванняў на продаж БАДаў не нашкодзіць здароўю наўпрост. Але можа нашкодзіць тым, хто не любіць хадзіць да дактароў і любіць самастойна вырашаць, што прымаць у якасці лекаў. Калі хвароба сапраўдная (ці хоць той жа дэфіцыт вітаміну D моцны), а замест лекаў такі чалавек прыме БАДы, можа стаць горш. Застаецца заклікаць такіх асобаў звяртацца да адмыслоўцаў.
Калі надзейных спецыялістаў паблізу няма, можна скарыстацца кансультацыямі праекту «еЗдароўе» (сайт праекту заблакаваны ў Беларусі, заходзіць трэба праз VPN).