Чалага, Івашкевіча і трох былых журналістаў БРЦ абвясцілі ў міждзяржаўны вышук
31.07.2024, 08:14
Станіслаў Івашкевіч і Сяргей Чалы. (Калаж: Белсат)
podpis źródła zdjęcia
«Міждзяржаўны» – гэта вышук у краінах Садружнасці Незалежных Дзяржаваў.
Заснавальніка і кіраўніка «Беларускага расследавальніцкага цэнтру» Станіслава Івашкевіча і аўтара перадачаў праекту Сяргея Чалага ўнеслі ў базу міждзяржаўнага вышуку расейскага Міністэрства ўнутраных справаў, а раней у гэтую базу трапілі тры былыя журналісты БРЦ, расказвае Беларуская асацыяцыя журналістаў.
Станіслаў Івашкевіч і Сяргей Чалы. (Калаж: Белсат)
Як расказаў БАЖ Станіслаў Івашкевіч, цяпер вядома пра абвяшчэнне ў міждзяржаўны вышук пяці былых і дзейных супрацоўнікаў «Беларускага расследавальніцкага цэнтру». Гэта сам Івашкевіч, эканаміст і тэлевядоўца Сяргей Чалы, а таксама раней абвешчаныя ў вышук журналісты Аляксандр Ярашэвіч, Аляксей Карпека і Вольга Альхіменка, якія працавалі ў БРЦ, а цяпер уваходзяць у каманду «Бюро Медыя».
«Міждзяржаўны» – гэта вышук у краінах Садружнасці Незалежных Дзяржаваў, то бок у Азербайджане, Арменіі, Беларусі, Казахстане, Кыргызстане, Малдове, Расеі, Таджыкістане і Узбекістане. Грузія і Украіна раней выйшлі з СНД, Туркменістан фармальна так і не ўвайшоў – застаецца асацыятыўным сябрам-назіральнікам.
У верасні 2022 года пастановаю Вярхоўнага суда Беларусі «Беларускі расследавальніцкі цэнтр» быў названы «экстрэмісцкай арганізацыяй». На думку Івашкевіча, уключэнне пяці дзейных і былых супрацоўнікаў БРЦ не звязанае з нейкай крымінальнай справаю ў Расеі – імаверна, гэта проста адлюстраванне «саюзнага» вышуку праз наводку Беларусі з нагоды крымінальных справаў, заведзеных у нашай краіне. Паводле якіх артыкулаў справы, невядома.
«Той факт, што ў Беларусі сілавікі прыходзілі на адрасы мяне і іншых людзей, не абавязкова звязаных з БРЦ сёння, прыблізна ў адзін час, можа сведчыць, што гэта ўсё працяг справы, заведзенай крыху раней, – разважае Івашкевіч. – Мяркую, што ўнясенне ў расейскую базу – гэта тэхнічнае наступства таго, што нас абвясцілі ў вышук беларускія ўлады».
,,
«А чаму ўлады звяртаюць на нас асаблівую ўвагу? Сярод іншага, на маю думку, праз тое, што нашыя публікацыі ў тым ліку прыносілі істотную эканамічную шкоду карупцыйным схемам пад прыкрыццём беларускіх уладаў у абыходзе заходніх санкцыяў супраць Беларусі і Расеі».
Івашкевіч называе гэта «прыкрым і абуральным», але кажа, што каманда была даўно гатовая да ціску і адкажа актывізацыяй высілкаў і выданнем гучных расследаванняў.
Станіслаў Івашкевіч заснаваў «Беларускі расследавальніцкі цэнтр» у 2018 годзе, арганізацыя зрабілася партнёрам глабальнай расследавальніцкай сеткі OCCRP. Каманда медыяпраекту вымушана з’ехала з Беларусі ў 2021 годзе пасля разгрому сілавікамі студыі БРЦ у Менску. Каманда «Бюро» пачала дзейнасць восенню 2023 года, першае расследаванне апублікавала ў снежні 2023 года, вясною 2024-га таксама далучылася да партнёращ OCCRP.
Івашкевіч – неаднаразовы пераможца конкурсу БАЖ «Вольнае слова», лаўрэат прэміі «Global Anti Corruption Champions Award» у 2023 годзе.
Чалы – эканаміст, публіцыст і журналіст, з 2022 года вядзе перадачы на YouTube-канале «Беларускага расследавальніцкага цэнтру» і на ўласным канале, раней вёў перадачу на «Белсаце», да таго 10 гадоў быў вядоўцам перадачы «Экономика на пальцах» на Tut.by. Лаўрэат прэміі «Global Belarus Solidarity Award 2020».