Польшча закупляе амерыканскія радарныя сістэмы для маніторынгу мяжы


Польшча падпісала дамову з ЗША аб куплі сістэмы выведкі паветранай прасторы коштам $ 960 млн для назірання за паўночна-ўсходнімі межамі, распавёў міністр абароны Польшчы Владыслаў Касіняк-Камыш, піша «Reuters».

Мяжа Польшчы з Беларуссю.
Фота: Straż Graniczna / X

«Польшча будзе другой краінай у свеце, якая будзе выкарыстоўваць гэтую сістэму, – сказаў Владыслаў Касіняк-Камыш. – Гэтае пагадненне вызначае нашую бяспеку, гэта яшчэ адзін акт супрацы паміж Польшчай і ЗША».

Згодна з кантрактам, Польшча атрымае чатыры аэрастаты, якія будуць размешчаныя ўздоўж усходняй і паўночна-ўсходняй межаў Польшчы. Яны будуць дапамагаць сістэме супрацьпаветранай абароны і сістэме назірання за ўзбярэжжам. Радары, падвешаныя да аэрастатаў, будуць з польскай паветранай прасторы назіраць за небам аж да Украіны, Беларусі і расейскага Калінінграду.

Яны здольныя выяўляць шырокі спектр аб’ектаў, такіх як ракеты, самалёты, беспілотнікі і надводныя караблі ў радыусе больш за 300 км.

Кантракт таксама прадугледжвае адпаведнае лагістычнае і праграмнае падтрыманне. Сістэма будзе атрыманая і цалкам уведзеная ў эксплуатацыю да 2027 года, сказаў Касіняк-Камыш.

Польшча плануе павялічыць выдаткі на абарону сёлета да 4 % ад валавога ўнутранага прадукту, бо імкнецца ўмацаваць свае ўзброеныя сілы пасля ўварвання Расеі ва Украіну. Польшча мае намер інвеставаць 10 млрд злотых (больш за $ 2,5 млрд) у абарону мяжы. Гэта выдаткі на праграму «Шчыт “Усход”», што мае абараніць польскую мяжу ад патэнцыйнага нападу з боку Беларусі і Расеі і зрабіць яе непераадольнай.

Hавiны
Урад Польшчы выдзеліў больш за 2,5 мільярды долараў на ўмацаванне мяжы з Беларуссю і Расеяй
2024.05.18 18:06

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў