ЕЗ хоча пашыраць санкцыі супраць Беларусі за абыход антырасейскіх абмежаванняў – FT


Еўразвяз плануе зрабіць больш жорсткімі санкцыі на пастаўкі некаторых тавараў у Беларусь. Гэта звязана з абыходам антырасейскіх абмежаванняў за агрэсію супраць Украіны. Новыя санкцыі мусяць «мінімізаваць рызыку абыходу», распавядае «Financial Times» са спасылкай на праект, з якім азнаёміліся журналісты выдання.

Сцяг Еўразвязу. Брусель, Бельгія. 21 чэрвеня 2022 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Новыя санкцыі забароняць экспарт у Беларусь і праз яе тэхналогіяў і тавараў, што могуць мець вайсковае прызначэнне. ЕЗ таксама спыніць імпарт алмазаў з Беларусі, што будзе люстэркавай захадай пасля нядаўняй забароны на камяні расейскага паходжання.

Калі новыя санкцыі будуць прынятыя 27 краінамі – чальцамі блоку, адной з асноўных спыненых  плыняў стануць аўтамабілі класу люкс», – піша «Financial Times».

Пасля забароны на завоз у Расею аўтамабіляў, даражэйшых за 50 тысяч еўраў, рэзка выраслі пастаўкі аўтамабіляў з ЕЗ у Беларусь. Як пісаў «Белсат», гэта пачалося з ліпеня 2022 года. Пазней журналісты-расследавальнікі з «Бюро» знайшлі цэлыя сеткі паставак люксавых аўтаў з ЕЗ у Расею праз Беларусь.

Агляд
«Якія шэрыя схемы?!» Як Беларусь дапамагае Расеі абыходзіць санкцыі на люксавыя аўты
2023.12.11 08:10

Найбольшы рост экспарту быў зафіксаваны ў найдаражэйшых катэгорыях аўтамабіляў, на якія пашыраюцца санкцыі ЕЗ у дачыненні Расеі, адзначае «Financial Times». Напрыклад, «Rolls-Royce» або «Maybach».

«Для расейца купіць машыну ў Беларусі – не праблема», – заявіла FT прэм’ер-міністарка Літвы Інгрыда Шыманіце.

З ейных словаў, невялікая мытная служба Літвы з цяжкасцю спраўляецца са складанай сістэмай забароненых тавараў пры даглядзе грузаў, што накіроўваюцца ў суседнюю Беларусь, а перадухіленне абыходу санкцыяў стала вельмі цяжкой працай. Адрозненні ў санкцыях супраць Расеі і Беларусі пакінулі «вельмі відавочныя дзіркі», сказала Шыманіце.

Лідарка дэмакратычных сілаў Беларусі Святлана Ціханоўская сказала FT, што санкцыі, накладзеныя на Расею ці на менскі рэжым, не могуць працаваць эфектыўна, калі яны не сінхранізаваныя.

«Дыктатары выкарыстоўваюць адзін аднаго, каб абысці санкцыі і працягваць гандляваць. Рэжым у Беларусі купляе вайсковыя рэчы, раскошныя аўтамабілі для Расеі», – адзначыла Ціханоўская.

Hавiны
«Словаў падтрымання недастаткова». Святлана Ціханоўская і Інгрыда Шыманіце апублікавалі супольны артыкул
2023.11.13 09:35

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў