Кватэру журналіста Змітра Казакевіча канфіскуюць: «Рана ці позна я вярну свой дом»


Кватэру журналіста-фрылансера Змітра Казакевіча ў Беларусі канфіскуюць, паведаміў прапагандыст Ігар Тур на дзяржаўным тэлебачанні 20 траўня. Адзначаецца, што яе прададуць, каб «кампенсаваць страты ад санкцый» дзяржаве. «Белсат» даведаўся падрабязнасці ў Змітра Казакевіча.

Зміцер Казакевіч.
Фота: БАЖ

З таго, што казаў Ігар Тур, вынікае, што да Змітра Казакевіча ў рэжыму Лукашэнкі дзве прэтэнзіі – ён быў заўважаны на святкаванні Дня волі і нібыта заклікаў да санкцыяў. 16 траўня кватэра журналіста была арыштаваная. Верагодна, гэта адбылося ў межах справы супраць 104 чалавек, якіх Следчы камітэт хоча прыцягнуць да крымінальнай адказнасці і адабраць маёмасць за ўдзел у святкаваннях Дня Волі за мяжой.

«Акрамя таго, што распавёў нам “журналіст” Тур, я нічога не ведаю. Сваімі каналамі я спрабую здабыць нейкую інфармацыю, што за крымінальная справа, за што яе завялі і хто вядзе папярэдняе следства.

Паглядзеўшы ўчора гэты ролік, як рэжуць мае дзверы, я проста думаю, што гэта ўсё можна назваць рабаўніцтвам з узломам на дзяржаўным узроўні ў прысутнасці КДБ.

Мая прыватная прастора была апаганеная, апаскуджаная людзьмі ў брудных ботах. Мая прастора, якая нагрэтая, абжытая. І гэта, канешне, гідка і прыкра. Калі будзе з’яўляцца нейкая інфармацыя, наконт таго, што за справа, то, думаю, яна будзе з’яўляцца хутчэй з тых крыніц, якія ўчора на ўсю Беларусь спрабавалі паказаць, што гэта будзе кампенсацыя за выдаткі, якія нясе дзяржава з прычыны санкцыяў», – кажа Казакевіч.

Што тычыцца абвінавачванняў, якія агучыў прапагандыст, то яны выглядаюць бессэнсоўна, лічыць суразмоўца.

«Я не ведаю, як яны гэта ўсё ўвязваюць. Яны ж не ведаюць, выступаю я за санкцыі ці не. І якім чынам я мог выступаць за гэта, ходзячы на культурніцкія і сацыяльна-палітычныя імпрэзы, якія ладзіліся ў Варшаве, напрыклад? Я не разумею. І не думаю, што кошт маёй кватэры хоць на дзясятую долю пакрые тыя наступствы, якія Беларусь цяпер нясе праз санкцыі. Гэта ўсё хлусня, бздура і помста», – падкрэслівае Зміцер Казакевіч.

У сваёй кватэры ў Беларусі журналіст з сям’ёй пражылі 12 гадоў. З іх 9 гадоў плацілі крэдыт за жыллё. Там дасюль прапісаныя чатыры чалавекі, у тым ліку непаўналетні сын Казакевіча. Тур параіў ім і памерлай маці журналіста шукаць іншае месца і заявіў, што «выканкамы пойдуць насустрач, але ў межах разумнага».

МНС выразае дзверы ў кватэры Змітра Казакевіча.
Скрыншот: БАЖ

«Я так разумею, што ён хацеў абагульнена на маім прыкладзе паказаць, што, калі там былі прапісаныя яшчэ нейкія сваякі, то, маўляў, няхай не хвалююцца, нейкі куток ім прапануюць. А тое, што ён увогуле ўзгадаў маю маці – гэта вельмі брыдка і неэтычна, бо яна ў лепшым свеце. Думаю, калі б яна была зараз у гэтым, то яна б яму добра адказала, бо ў мяне была выдатная маці.

І ўвесь ролік ён не этычны, там нейкія жартачкі з прозвішча. Гэта проста гнілая прапаганда, я гэта ўсур’ёз не ўспрымаю. Але я хоць пабачыў дзверы сваёй кватэры і выяву яшчэ аднаго пакойчыка, дзе ўсё было пранізана духам любові і сямейнай салідарнасці. Яны гэта апаскудзілі», – працягвае Казакевіч.

У далейшым ён наважаны скардзіцца і змагацца за сваю маёмасць, хоць і разумее, што цяпер гэта не прынясе вынікаў.

«Зразумела, я буду рабіць усе магчымыя захады юрыдычнага характару, каб яны займалі свае рукі, думалі пра гэта, адказвалі мне. Рана ці позна я вярну свой дом. І людзі, якія раптам спакусіліся б купіць маю кватэру, няхай ведаюць, што, калі мы ўсе вернемся і ў нас будзе новая дэмакратычная ўлада, ім давядзецца проста аддаць гэтае жыллё. І не факт, што новая ўлада будзе кампенсаваць ім грошы, якія яны выклалі ўладзе лукашэнкаўскай», – падводзіць рысу Зміцер Казакевіч.

Аб’ектыў
Ціск на дыяспару: у 104 беларусаў замежжа адбяруць маёмасць на радзіме
2024.05.16 20:39

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў