Канфлікты сілавікоў і лукашысты супраць бондараўшчыны. Галоўныя сваркі беларусаў у 2023 годзе


У 2023 годзе беларусы працягнулі традыцыю сварак, у выніку якіх ствараюцца дзве структуры, што займаюцца адным і тым жа.  Былі сёлета і даволі нечаканыя канфлікты. Успамінаем, пра што спрачаліся і з якіх нагодаў сварыліся і дэмакратычныя сілы, і прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі.

Калаж: Аліса Ганчар / Белсат

«BYPOL» і «BELPOL»

У чэрвені адбыўся скандал у аб’яднанні былых сілавікоў Беларусі. Зʼявіўся «BELPOL», куды пайшла частка каманды «BYPOL». Прэтэнзіі ў былых працаўнікоў былі да фінансавай справаздачнасці першай арганізацыі. Прадстаўнік «BELPOL» Аляксандр Азараў заявіў, што праблемы пачаліся праз перабоі ў фінансаванні пасля атакі на самалёт А-50 у Мачулішчах і праз тое, што частка працаўнікоў адмовілася праходзіць паліграф.

Пазней Аляксандр Азараў казаў пра падазрэнні, што фактычна ў «BELPOL» кіруе працаўнік КДБ, які, са словаў Азарава, ужо спрабаваў схіліць «BYPOL» да дзеянняў, якія прывялі б да вытурвання дэмакратычных сілаў з Еўропы.

«BYPOL» прайшоў фінансавы аўдыт, які не выявіў парушэнняў, але «BELPOL» гэта не задаволіла. «Нас цікавіў не фінансавы, а грамадзянскі аўдыт», – сказаў прадстаўнік «BELPOL» Уладзімір Жыгар.

Разбор
Скандал у «BYPOL»: што вядома, чаму гэта важна і чаму вельмі кепска
2023.06.09 16:43

«Рэйдарскі захоп»

Улетку таксама разгарэўся скандал вакол Беларускага моладзевага хабу ў Варшаве. Нечаканасцю стала тое, што ў гэтай гісторыі зʼявіўся Сяргей Бульба – былы вайсковец, заснавальнік «Белага легіёну».

Ён зрабіўся кіраўніком хабу, а навіна пра гэта разышлася пасля таго, як яго заўважылі там разам з паліцыяй. Былы дырэктар Беларускага моладзевага хабу Алесь Лапко назваў падзеі рэйдарскім захопам. Паводле ягонай версіі, Сяргей Бульба і чальцы Назіральнай рады арганізацыі Андрэй Ракевіч і Анастасія Баравікова «з парушэннем статуту і рэгламенту Беларускага моладзевага хабу змянілі кіроўныя органы».

Бульба ж кажа, што яго папрасілі выратаваць хаб, як раней прасілі пра гэта і Паўла Латушку. Аднак ён не кажа, хто звяртаўся. Не зразумела, што канкрэтна пагражала пляцоўцы. Тым часам у Варшаве з’явіўся другі Моладзевы хаб, які стварыла старая каманда.

Лукашысты супраць прарасейскіх лукашыстаў

Аднак не толькі ў дэмакратычных сілах можа быць нязгода. Хоць рэжым Лукашэнкі з усіх сілаў спрабуе паказаць, што справы ў яго ідуць выдатна, некаторыя прыкметы канфліктаў можна заўважыць.

Калаж: Аліса Ганчар / Белсат

Напрыклад, адыёзная «інфаказачка» Вольга Бондарава стаміла нават пралукашэнкаўскіх дзеячаў. У лютым Бондарава паскардзілася ў Генеральную пракуратуру на дэпутата Ігара Марзалюка за прапанову прасоўваць беларускую мову.

«У беларускай мовы няма іншай Радзімы, акрамя Беларусі», – адзначыў Марзалюк.

У адказ дэпутат паскардзіўся асабіста генеральнаму пракурору Андрэю Шведу з аргументам, што абразы дзяржаўных службоўцаў мусяць пераследавацца паводле закону, і наогул, соцыум трэба ўмацоўваць, а не разрываць.

Незадаволенасць «азаронкаўшчынай» і «бондараўшчынай» выказала ў сваім блогу і намесніца кіраўніка «Белай Русі» ў Гарадзенскай вобласці Святлана Вараніца. Азаронка «глядзець немагчыма», кажа яна.

«Я не хачу, каб мая краіна станавілася азаронкаўшчынай і бондараўшчынай, не хачу, каб іх запалохвалі казематамі Лубянкі і новым Жданавым са Сталіным», – напісала Вараніца.

З увагі на тое, што Азаронак таксама ў «Белай Русі», кіраўніку абʼяднання Алегу Раманаву прыйшлося апраўдвацца і запэўніваць, што ніякіх расколаў у партыі няма.

Полк Каліноўскага не роўны штабу палка?

У верасні на сайце палка Каліноўскага зʼявілася паведамленне, што штаб палка непразрыста размяркоўвае рэсурсы. Прэс-служба палка заявіла, што сайт узламалі.

Яшчэ ў 2022 годзе былі прыкметы незадаволенасці некаторых экс-каліноўцаў штабам. У 2023 годзе байцы працягвалі выказваць прэтэнзіі. Іхны пасыл быў такі: тыя, хто ваююць, – героі, але не трэба блытаць іх са штабам палка. Напрыклад, экс-каліновец Яўген Міхасюк распавёў, што «сотні людзей» пакідаюць ПКК праз «хлусню і падман» у штабе, «неадукаваных камандзіраў», «непразрыстасць і кумаўство». Былы беларускі добраахвотнік Сяргей Бяспалаў таксама казаў пра «нездаровую атмасферу», праблемы з кіраўніцтвам і выпадкі гвалту.

Калаж: Аліса Ганчар / Белсат

Тым не менш, Фонду палка Каліноўскага ўдалося арганізаваць канферэнцыю «Шлях да волі», але сярод звычайных байцоў знайшліся незадаволеныя. Напрыклад, баец батальёна «Волат» Дзяніс Урбановіч, які вельмі рэзка крытыкуе штаб палка, паведаміў, што байцоў, якія «сапраўды ваююць і маюць некалькі раненняў, прайшлі пекла вайны, бахмуцкае пекла» і хацелі б выступіць, проста не ўключылі ў спісы.

«Зразумела, канечне, пачуць праўду ніхто не хоча, як і слухаць большасць», – падкрэсліў Урбановіч.

КДБ супраць МУС

Гучным скандалам супрацьстаянне КДБ з МУС не назавеш, але схаваная барацьба дакладна ідзе. Альянс расследавальнікаў Беларусі даведаўся, што МУС «стукае» ў адміністрацыю Лукашэнкі на працаўнікоў КДБ.

Аднак сёе-тое можна ўгледзець і ў інфаполі, дзе вельмі актыўнічаюць намеснік міністра МУС і камандуючы ўнутранымі войскамі Мікалай Карпянкоў. Дзяржаўныя СМІ і праўладныя паблікі моцна піярылі «аперацыю» КДБ у атрыманні інфармацыі з канферэнцыі «Шлях да волі». Хайп прапаганды працягваўся ўжо тыдзень, як зʼявіўся Карпянкоў і сказаў Азаронку:

«Мы нават сабакаў не прыводзілі ў баявую гатовасць з нагоды таго, што там дзесьці сабраліся».

Атрымалася не толькі звычайная бравада Карпянкова, але і шпілька на адрас КДБ.

Hавiны
Вайна паміж КДБ і МУС у Беларусі выйшла на новы ўзровень?
2023.06.06 19:33

«Крызіс рэпутацыі» Каардынацыйнай рады

Каардынацыйная рада Беларусі, прызнаная ЕЗ і ЗША, на ўсю моц рыхтавалася да выбараў на пачатку 2024 года, як раптам адбыўся скандал. Зʼявілася петыцыя наконт роспуску другога (цяперашняга) складу КР. Аўтары петыцыі – сябры КР, якія заяўляюць пра «крызіс рэпутацыі» і нават кажуць пра выпадкі карупцыі. На думку намесніка Святланы Ціханоўскай і кіраўніка НАУ Паўла Латушкі, прычына крызісу зʼявілася яшчэ тады, калі КР рэфармавалі і туды стала магчыма трапіць праз працэдуру дэлегавання. Цяпер трэба абавязкова захаваць КР, але правесці туды непасрэдныя выбары, кажа Латушка.

Hавiны
«Працягваем настойваць на прамых выбарах». Павел Латушка – пра петыцыю аб роспуску Каардынацыйнай рады
2023.12.16 22:35

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў