Дэлегаты другога складу Каардынацыйнай рады распачалі збор подпісаў за яе роспуск


«Распусціць другі склад Каардынацыйнай рады Беларусі ў сувязі з крызісам рэпутацыі!». Петыцыя з такім заклікам з’явілася на сэрвісе change.org.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Каардынацыйная рада арганізуе слуханні прадстаўнікоў Аб’яднанага пераходнага кабінета. Варшава, Польшча. 3 жніўня 2023 года.
Фота: Белсат

Аўтары петыцыі – дэлегаты другога складу КР – пішуць, што КР Беларусі была створаная для транзіту ўлады ад аўтарытарнага рэжыму Лукашэнкі да дэмакратычных інстытутаў, сфармаваных у выніку свабодных і сумленных выбараў.

«Мы, дэлегаты другога складу Каардынацыйнай рады, перакананыя ў тым, што Каардынацыйная рада з’яўляецца важнейшым інструментам грамадства Беларусі ў барацьбе за незалежнасць сваёй краіны, за дэмакратычны шлях развіцця, за захаванне сваёй унікальнай культуры. Мы верым у тое, што асноўным капіталам Каардынацыйнай рады зʼяўляецца давер беларускага народу і яго інтарэс да дзейнасці дэлегатаў», – гаворыцца ў тэксце петыцыі.

Далей дэлегаты распавядаюць, што на працягу апошніх месяцаў усё часцей чуюць на публічных і непублічных пляцоўках заклікі КР да пачатку перамоваў з Лукашэнкам аб вызваленні зняволеных у абмен на прызнанне імі сваёй віны за іх палітычную пазіцыю з умовай прызнання легітымнасці рэжыму, у абмен на поўнае ці частковае зняцце эканамічных санкцыяў з падкантрольных яму бізнесаў, у абмен на адмову ад палітычнага ціску на незаконны рэжым з боку міжнароднай супольнасці.

«У грамадскіх дыскусіях мы чуем ад дэлегатаў публічныя прызнанні паразы беларускага народу ў яго барацьбе за незалежнасць сваёй краіны, за захаванне сваіх культуры і мовы, за дэмакратычны шлях развіцця краіны, заснаваны на прыярытэце правоў чалавека і вяршэнстве закону», – кажуць ініцыятары збору подпісаў.

Дэлегаты, якія падпісаліся пад петыцыяй, з трывогай назіраюць «распаўсюджванне ў Каардынацыйнай радзе карупцыйных практык, які выяўляюцца ў частых адмовах ад сумленнай дыскусіі, у кансервацыі рашэнняў у вузкім коле лідараў палітычных фракцыяў, у адкрытым канфлікце інтарэсаў пры фармаванні арганізацыйнага камітэту па выбарах у трэці склад КР, у атрыманні дэлегатамі фінансавай выгады ад сваёй дзейнасці ў Каардынацыйнай радзе праз непразрыстыя схемы».

«Усё гэта бачаць і беларусы, – гаворыцца далей у звароце. – У СМІ і ў сацыяльных сетках мы чуем ад лідараў меркаванняў і простых беларусаў крытыку Каардынацыйнай рады і заклікі «разагнаць гэтую КР». Мы не можам ігнараваць гэтыя крытыку і заклікі. Галасы беларусаў павінны быць пачутыя».

Давер да Каардынацыйнай рады і цікавасць беларусаў да яе дзейнасці, паводле складальнікаў петыцыі, пачынаецца з простага дзеяння – публічнага прызнання памылак. Кожны наступны склад Каардынацыйнай рады павінен быць лепшым за папярэдні. Памылкі і ўрокі павінны быць прызнаныя, вывучаныя і не паўтораныя пераемнікамі ў трэцім складзе Каардынацыйнай рады.

Hавiны
«Важна хутчэй прайсці да згоды і распачаць арганізацыю кампаніі». Валер Мацкевіч – пра выбары ў КР
2023.12.08 20:23

Дэлегаты другога складу КР заяўляюць пра сваю нязгоду з кожным выпадкам парушэння прынятых і ўзгодненых працэдур у Каардынацыйнай радзе, з кожным выпадкам канфлікту інтарэсаў і карупцыі. Для аднаўлення даверу да інстытуту Каардынацыйнай рады і для яе захавання ў барацьбе за незалежнасць Беларусі, яе дэмакратычны шлях, аўтары петыцыі заклікаюць:

  • дэлегатаў другога складу Каардынацыйнай рады, якія згодныя з гэтай заявай, неадкладна і датэрмінова скласці з сябе свае паўнамоцтвы;
  • нацыянальную лідарку Святлану Ціханоўскую, спікера Каардынацыйнай рады Андрэя Ягорава, віцэ-спікерку Алену Жываглод, прадстаўнікоў Абʼяднанага пераходнага кабінету стварыць групу з прафесіяналаў і экспертаў для фармавання трэцяга складу Каардынацыйнай рады і прыняцця ўзгодненага палажэння па выбарах у трэці склад у адпаведнасці са Статутам у выніку бяспечнага, простага і таемнага галасавання ўсіх грамадзянаў Беларусі;
  • беларускія незалежныя СМІ і блогераў максімальна шырока распаўсюдзіць гэтую заяву;
  • беларусак і беларусаў падтрымаць гэтую петыцыю сваімі галасамі, калі гэта бяспечна.

Па стане на вечар 16 снежня петыцыя сабрала 19 подпісаў.

8 снежня ў Каардынацыйнай радзе прайшло галасаванне, падчас якога было вызначана, што выбары трэцяга складу КР пройдуць не пазней за другі тыдзень сакавіка 2024 года. Новы склад будзе абраны тэрмінам на два гады. Туды ўвойдуць 120 чалавек (цяпер 115 месцаў). Восем з іх – палітвязні, якія ўсё яшчэ знаходзяцца ў беларускіх турмах.

Hавiны
Каардынацыйная рада вырашыла, як правядзе выбары
2023.12.08 17:10

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў