Вайна паміж КДБ і МУС у Беларусі выйшла на новы ўзровень?


Аб канкурэнцыі МУС і КДБ вядома з часоў СССР. Глабальныя падкавёрныя вайны, як і баі мясцовага значэння, паміж ведамствамі ніколі не спыняліся. Варта прызнаць, Лукашэнка ўдала выкарыстоўвае такія кулуарныя звады, не дазваляючы сфармаваць кааліцыю для магчымай змовы. Як гавораць, падзяляй і ўладар.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: AFP / East News

Здавалася, падзеі 2020 года павінны аб’яднаць лукашэнкаўскіх сілавікоў з розных ведамстваў у барацьбе з іншадумствам. Неазнаёмленаму чалавеку можа падацца, што спецслужбы рэжыму сапраўды адзіныя і маналітныя, але гэта ілюзія. Міжведамасная барацьба КДБ і МУС не спыняецца ні на секунду. Яны да гэтага часу вядуць паміж сабой непрымірымую барацьбу за лідарства, для чаго выкарыстоўваюць любыя метады і магчымасці.

КДБ лічыць сябе «старэйшым братам» у шматдзетнай сямʼі спецслужбаў Беларусі. На гэтай падставе чэкісты перакананыя, што валодаюць абсалютнай недатыкальнасцю, таму і закон для іх не пісаны, пра што ў свой час голасна заявіў Аляксандр Лукашэнка. Міліцыя вымушаная трываць такі стан спраў, але метадычна збірае тэчку з кампраматам, каб у зручны час зрушыць суперніка і заняць месца фаварыта.

Пасля падзеяў 2020 года ўплыў МУС у стратэгічным плане істотна ўзрос: першапачаткова Міністэрства вызначылася ў сілавым падаўленні пратэстаў, выкліканых фальсіфікацыяй выбараў, а цяпер грае адну з галоўных роляў у рэпрэсіях, і такім чынам забяспечвае ўтрыманне ўлады Лукашэнкам.

Альянс следчых Беларусі пры падтрымцы «Кіберпартызан» атрымаў аператыўныя зводкі МУС аб злачынствах і правапарушэннях, учыненыя супрацоўнікамі сілавога блока. Прааналізаваўшы інфармацыю, АРБ робіць выснову, што МУС з некаторых часоў «перастала заплюшчваць вочы» на правапарушэнні супрацоўнікаў КДБ. Гэта паказвае, што карыстаючыся сітуацыяй, якая склалася пасля 2020 года, жадаючы замацаваць дамінуючыя пазіцыі, якія сфармаваліся, і далей развіваць поспех, кіраўніцтва МУС магло аддаць сакрэтны загад аб тактычных атаках на «калегаў-сумежнікаў».

Вось вытрымка з аператыўнай зводкі, якую звычайна МУС накіроўвае ў адміністрацыю Лукашэнкі:

«У ноч з 13 на 14 сакавіка 2021 года ДАІ Маладзечанскага РАУС па вуліцы Вялікі Гасцінец, 145 у Маладзечне за кіраванне ў стане алкагольнага апʼянення асабістай аўтамашынай CITROEN EVFSION, затрыманы Аксючыц Сяргей Антонавіч – старэйшы оперупаўнаважаны мясцовага раённага аддзелу КДБ. Згодна з актам агляду №556, канцэнтрацыя пароў абсалютнага этылавага спірту ў выдыханым паветры склала 2.78 праміле. У дачыненні да Аксючыца складзены адміністрацыйны пратакол паводле ч. 2 арт. 18.15 КаАП» («Кіраванне транспартным сродкам асобай, якая знаходзіцца ў стане алкагольнага апʼянення пры наяўнасці абсалютнага этылавага спірту ў крыві ці выдыханым паветры ў канцэнтрацыі звыш 0,8 праміле». Санкцыя артыкула прадугледжвае штраф у памеры 200 базавых велічынь з пазбаўленнем права займацца пэўнай дзейнасцю тэрмінам на 5 гадоў).

Аксючыц Сяргей Антонавіч. Фота перададзенае рэдакцыі
Дакумент перададзены рэдакцыі, арфаграфія захаваная

Для разумення стану, у якім знаходзіўся оперупаўнаважаны КДБ Аксючыц у момант кіравання аўтамабілем: утрыманне алкаголю ад 2,5 да 3,0 праміле зʼяўляецца моцнай ступенню апʼянення; ад 3,0 да 5,0 праміле – цяжкім алкагольным атручваннем (можа наступіць смерць); больш за 5,0 праміле – смяротнае атручэнне.

Для моцнай ступені апʼянення характэрныя зніжэнне адчувальнасці, абцяжаранасць разумення мовы і сітуацыйнай абстаноўкі (чалавек папросту не арыентуецца ў навакольным становішчы), парушэнне маторыкі, ступар (поўнае абезрухоўліванне), правалы ў памяці і магчымая страта свядомасці. У такім стане опер КДБ Аксючыц кіраваў аўтамабілем.

У невялікім Маладзечне сілавікі добра ведаюць адзін аднаго, таму памылка або выпадковасць тут выключаная: у ДАІ загадзя ведалі, чый «Сітраен» спыняюць і хто за рулём. У Беларусі такія дзеянні не могуць быць здзейсненыя без загаду або адабрэння вышэйшага кіраўніцтва.

Інфармацыю ў МУС, так бы мовіць, «на самы верх міліцэйскай вяршыні», аб затрыманні пʼянага аператыўніка КДБ дакладваў намеснік начальніка УУС Менскага аблвыканкама – начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Віталь Казлоў, вядомы як адзін з адказных за сілавое падаўленне пратэстаў і арганізацыю катаванняў у ІЧУ.

АРБ даследаваў значны масіў спец данясенняў і прыйшоў да высновы, што для бюракратычнай сістэмы органаў унутраных спраў такі парадак нетыповы: звычайна даклады аб дробных адміністрацыйных правапарушэннях накіроўваюцца з РАУС у толькі УУС, а МУС не інфармуюць. Аднак у дадзеным выпадку спец данясенне прайшло па ланцужку: РАУС – УУС – МУС. Магчыма, гэта зроблена наўмысна: па-першае, каб засцерагчы нізавых выканаўцаў, па-другое, для справаздачы перад МУС аб выкананні задання, і, па-трэцяе, для падставаў да ўключэння дадзенай інфармацыі ў рэспубліканскую зводку МУС, якая перадаецца ў Саўмін і адміністрацыю Лукашэнкі, у канчатковым выніку кладзецца на стол Лукашэнкі.

У міліцэйскай зводцы няма інфармацыі аб наступствах, тым больш звальненні пʼянага чэкіста. У цяперашняй беларускай рэальнасці закон не працуе, таму справу пазней маглі і замяць, спісаўшы ўсё на «мянтоўскае бязмежжа». Толькі факт застаецца фактам: супрацоўнікі КДБ і да гэтага выпадку ездзілі пʼянымі за рулём, але міліцыя баялася іх чапаць. Цяпер сітуацыя мяняецца. Вайна паміж ведамствамі выходзіць на новы ўзровень.

Hавiны
Журналісты-расследавальнікі знайшлі яшчэ адзін выпадак смерці ў РАУС
2023.06.05 18:43

Альянс даследчыкаў Беларусі

Іншыя расследаванні АРБ тут і ў Telegram-канале.

Дзякуем «Кіберпартызанам» за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу.

Стужка навінаў