Гарэлка, тролінг, шопінг, адпачынак. Чым уцеклы польскі суддзя Шмыт займаецца ў Беларусі


Польскі суддзя Томаш Шмыт 6 траўня абвесціў, што ўцёк у Беларусь і папрасіў палітычнага прытулку. Пакуль у Польшчы разбіраюцца, ці ён расейскі шпіён, сам Шмыт адпрацаваў на прапаганду і паехаў адпачываць.

Уцеклы польскі суддзя Томаш Шмыт у Менску, Беларусь. 14 траўня 2024 года.
Фота: Tomasz Szmydt / Telegram

Варшаўскі суд 15 траўня выдаў рашэнне аб завочным арышце Томаша Шмыта. Паседжанне праходзіла ў закрытым рэжыме, таму дэталяў паведамляюць няшмат. Раней у Польшчы ў дачыненні Шмыта распачалі справу аб удзеле ў шпіянажы і дзейнасці замежнай выведкі.

Прынамсі на момант публікацыі выглядае, што Шмыту не пагражае зняволенне: ён не збіраецца вяртацца ў Польшчу, застаецца ў Беларусі, дзе Аляксандр Лукашэнка абяцае  яму абарону і нават ахову, хоць і не даў яшчэ статусу ўцекача.

Што пра Шмыта пішуць у Польшчы

Пасля ўцёкаў Шмыта ў Польшчы ствараюць адмысловую камісію для расследавання расейскага і беларускага ўплыву ў краіне. Ды на момант публікацыі камісія яшчэ не распачала працу, палітыкі абмяркоўваюць, як яна павінна дзейнічаць, а медыі гадаюць, ці быў ён напраўду шпіёнам (міністр-каардынатар спецслужбаў у гэтым не сумняецца, але непасрэдных доказаў яшчэ не публікавалі).

З 2018 года ўцеклы суддзя фігураваў у 37 справах са згадкамі сакрэтнай інфармацыі. Гэта, як напісала вядомая ў Польшчы журналістка Эва Сядлецка, «адчыніла дзверы шафаў, з якіх пасыпаліся шкілеты».

Уцеклы польскі суддзя Томаш Шмыт у Менску, Беларусь. 14 траўня 2024 года.
Фота: Tomasz Szmydt / Telegram

Праз уцёкі Шмыта польскія медыі спрабуюць разабрацца, як суддзя мог атрымаць доступ да сакрэтных звестак, як ён наогул атрымаў працу і як выехаў з краіны. Паводле адной з версіяў, датычнасць да палітычнага «хейтарскага скандалу» (аб зборы і публікацыі кампрамату на суддзяў, не згодных са спрэчнай судовай рэформай) не знішчыла кар’еру Шмыта, а наадварот, у выніку дапамагла з доступам да сакрэтных дакументаў.

У тым скандале сам Шмыт меў не такую гучную ролю, як ягоная тагачасная жонка Эмілія Шмыт. Адносна яе аднавілі расследаванне якраз незадоўга да ўцёкаў Томаша Шмыта, але яна застаецца ў Польшчы і кажа, што здзіўленая дзеяннямі былога мужа, адчувае сябе «спаралізаванай і напалоханай». Былы муж пра яе цяпер практычна не згадвае.

Гісторыі
Хто такі суддзя Шмыт, які папрасіў прытулку ў Беларусі, і чым ён можа нашкодзіць Польшчы
2024.05.07 16:52

Як Шмытам карысталася прапаганда

Беларускі палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман лічыць, што справа Шмыта стала для ўладаў Беларусі «бяспройгрышным латарэйным білетам»: пагрозы і наступствы для Польшчы ад здабытых суддзём сакрэтаў яшчэ цяжка ацаніць, але спецслужбы Беларусі могуць хваліцца ўкараненнем агента на высокай пасадзе ў дзяржаве NATO – а поспехаў ім якраз бракавала на тле правалаў кшталту ўцеклай базы даносаў.

Па прыездзе ў Беларусь Шмыт завёў новыя старонкі ў сацсетках, даў прэс-канферэнцыю і пачаў раздаваць інтэрв’ю беларускім і расейскім прапагандыстам, у тым ліку з «Russia Today». Асноўныя тэзы прымітыўныя: уцёк «з таталітарнай Польшчы ў свабодную Беларусь», «Злучаныя Штаты і Злучанае Каралеўства ўцягваюць Польшчу ў вайну з мірнай і міралюбнай Расеяй» і гэтак далей.

Уцеклы польскі суддзя Томаш Шмыт у студыі БелТА ў Менску, Беларусь. 15 траўня 2024 года.
Фота: Tomasz Szmydt / Telegram

У сваіх каналах Шмыт выкарыстоўвае штампы пра «добрыя дарогі і прыгожую архітэктуру» ў Менску. Ён таксама робіць рэпосты расейскіх і беларускіх мэдыяў з крытыкай Польшчы, у тым ліку дзяржаўнага «Міжнароднага радыё Беларусі» (Międzynarodowe radio Białoruś) і непрыкрыта антыпольскага расейскага каналу «Русский тролль для Польши».

Сярод іншага Шмыт анансаваў, што апублікуе сакрэтныя дакументы, якія вывез з Варшавы. У выніку ж апублікаваў карыкатуру на дзейнага прэм’ер-міністра Польшчы Дональда Туска ў форме савецкага НКВД. Зрабіў ён гэта з тэрыторыі краіны, дзе ва ўладзе ёсць сапраўдны фанат НКВД.

Або не сам Шмыт: вельмі імаверна, што ягоны Telegram-канал вядзе не ён сам і нават не паляк. У тым жа допісе з карыкатурай на Туска заўважылі шмат памылак, якіх паляк не зрабіў бы. Палякі звярнулі ўвагу на памылкі і ў іншых ягоных пастах – падобна да таго, як пісаў бы расеец.

Шмыт працягвае запісваць інтэрв’ю з прапагандыстамі, але ўвага да яго ўпала. Напрыклад, на сайце дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА з 6 траўня пра яго было 56 згадак, што больш за прэм’ер-міністра Рамана Галоўчанку (15), старшыню Савету Рэспублікі Наталлю Качанаву (25) і нават Уладзіміра Пуціна (43), менш хіба толькі за Лукашэнку (143). Але калі за першы тыдзень яго згадвалі 48 разоў, то за першыя тры дні бягучага тыдня – толькі 8.

Меркаванні
Былы суддзя Томаш Шмыт: некалькі высноваў для беларусаў і палякаў
2024.05.11 12:58

Чым Шмыт займаецца ў Беларусі

У нядзелю Шмыт вырашыў, што калі ўжо «сказаў словы праўды», то можна адпачыць. І паехаў у Горадню. Там схадзіў на экскурсію ў Стары замак, наведаў касцёл, даў чарговы каментар прапагандыстам. Сказаў, у Польшчу вяртацца не хоча, застанецца ў Беларусі. І сфатаграваўся, узяўшыся за вялізную дэкаратыўную сякеру з надпісам «Не трогать руками».

Уцеклы польскі суддзя Томаш Шмыт у Горадні, Беларусь. 12 траўня 2024 года.
Фота: Tomasz Szmydt / Telegram

Затым Шмыт з’ездзіў у гандлёвы цэнтр у Менску – той, дзе прадаецца атрыбутыка фан-клубу Лукашэнкі, беларускія прадукты і, як адзначыў сам Шмыт, прадукты з Еўразвязу, нягледзячы на санкцыі. Сярод іншага фатаграфаваў там вялікі выбар каўбасаў. Цешыўся, што ў Беларусі прадаюць абутак польскага брэнду «Ryłko». Мяркуючы з аднаго са здымкаў, раніцу 14 траўня Шмыт сустрэў у раскошным катэджы ў Драздах.

Уцеклы польскі суддзя Томаш Шмыт у Менску, Беларусь. 14 траўня 2024 года.
Фота: Tomasz Szmydt / Telegram

Захапленне Шмыта беларускай архітэктурай і гандлёвымі цэнтрамі можа выклікаць здзіўленне тых, хто хоць раз бачыў, якая ў Польшчы сітуацыя з захаваннем архітэктурнай спадчыны ці які асартымент у польскіх гандлёвых цэнтрах. Ды яшчэ большае здзіўленне можа выклікаць адзін з першых пастоў перабежчыка: яшчэ 6 траўня ён апублікаваў фота бутэлькі гарэлкі «Бульбаш» без усялякіх подпісаў – незразумела, ці хацеў ён гэтак выказаць павагу да беларусаў (многія з якіх крыўдзяцца на расейскую мянушку «бульбашы»), ці анансаваў планы на жыццё ў Беларусі.

Шмыт заяўляў, што ў Польшчы яго нібыта хацелі забіць (за што менавіта, толкам не растлумачыў). У Беларусі Лукашэнка распарадзіўся выдаць яму ахову і абяцаў разглядзець заяву на атрыманне Шмытам палітычнага прытулку. Ды на момант публікацыі не было ні афіцыйнай выдачы статусу ўцекача, ні прыкметаў персанальнай аховы.

Сам Шмыт казаў расейскім медыям, што верыць Лукашэнку і ягоным абяцанням бяспекі, але не мае плану Б. Таксама казаў, што хацеў бы заняцца развіццём беларуска-польскага сяброўства, «палітыкай і геапалітыкай».

Можна ўявіць, што гаваркі і па-свойму харызматычны перабежчык знойдзе працу ў беларускай прапагандзе – напрыклад, у тым жа «Międzynarodowym radio Białoruś» або ў «Stowarzyszeniu Pojednanie Polsko-Białoruskie», закінуты акаўнт якога ў сацсетцы X актываваўся 13 траўня. Можна нават уявіць, што Шмыт не паўторыць лёс папярэдняга такога перабежчыка Эміля Чэчкі (а пра гэты лёс Шмыту нярэдка нагадваюць у каментарах да яго пастоў у сацыяльных сетках).

Hавiны
Удзельнік штурму Капітолію, які папрасіў прытулку ў Беларусі, адчыняе рэстарацыю ў Берасці
2024.05.13 19:19

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў