У Славаччыне стралялі ў прэм'ер-міністра. Ён у цяжкім стане, аперацыя цягнецца гадзінамі


У Славаччыне стралялі ў прэм’ер-міністра Робэрта Фіца, яго павезлі ў лякарню. Стрэлы прагучалі перад Домам культуры, дзе было паседжанне ўраду, калі прэм’ер выйшаў да народу. Пра здарэнне пішуць мясцовыя медыі.

Робэрт Фіца.
Фота: dennikn.sk

21:50. Чалавек, які напаў на Робэрта Фіцу, у мінулым быў звязаны з прарасейскай групоўкай «Славацкія жаўнеры», паведаміў венгерскі журналіст-расследавальнік Сабальч Паньі. Таксама паведамляецца, што нападнік быў чальцом левага літаратурнага клуба «Вясёлка» і пісаў вершы. Восем гадоў таму ён абвясціў у інтэрнэце, што збірае подпісы за стварэнне палітычнай партыі «Рух супраць гвалту».

Што датычыць параненага прэмʼера, то ён усё яшчэ змагаецца за сваё жыццё, заявіла міністарка аховы здароўя Славаччыны Зузана Далінкава.

21:00. Робэрт Фіца пасля аперацыі знаходзіцца ў стабільным стане, паведамляюць медыі. У шпіталі ў Банска-Бістрыцы, куды прэм’ера даставілі пасля нападу, пакуль не каментуюць ягоны стан здароўя.

20:40. Як паведамляецца, нападнік рыхтаваўся да замаху на прэм’ер-міністра месяц. Свае дзеянні ён патлумачыў палітыкай Робэрта Фіцы, у тым ліку ў дачыненні да медыяў. Сын падазраванага заявіў, што не ведаў нічога пра планы бацькі.

20:25. Міністр працы, сацыяльных справаў і сям’і Славаччыны Эрык Томаш паведаміў, што стан здароўя прэмʼер-міністра цяжкі. Яго яшчэ аперуюць, бо нападнік параніў некалькі органаў.

19:20. Славацкае рэгіянальнае тэлебачанне «RTV Prievidza» апублікавала кадры з нападу на прэм’ер-міністра. Як паведамляецца, агулам было зроблена пяць стрэлаў у палітыка.

Нападнік страляе ў прэм’ер-міністра Славаччыны. Скрыншот з
відэа: RTV Prievidza / Youtube

19:00. Паводле «Denník N», прэм’ер-міністр Робэрт Фіца ўсё яшчэ знаходзіцца ў аперацыйнай.

18:00. Як паведамляецца, нападнікам мог быць 71-гадовы пісьменнік і паэт Юрай Цынтула з гораду Левіцэ на поўдні Славакіі. Паводле шэрагу крыніц, ён страляў з легальнага пісталету.

17:50. Сваё асуджэнне замаху на прэм’ер-міністра Славакіі выказалі сусветныя лідары, у тым ліку старшыня Еўракамісіі, прэзідэнты Польшчы, Украіны, Чэхіі, прэм’ер-міністры Вялікай Брытаніі і Вугоршчыны.

«Я шакаваная нападам на прэмʼер-міністра Славаччыны Робэрта Фіцу. Гвалт у любой форме павінен быць асуджаны. Мае думкі зараз з ім і ягонай сямʼёй. Я дасылаю яму найлепшыя пажаданні найхутчэйшага акрыяння. Я заклікаю ўсіх праяўляць асцярожнасць і заставацца ў бяспецы, дзе б вы ні знаходзіліся», – адзначыла абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская.

Асудзілі напад на палітыка і ў МЗС Беларусі.

17:15. Робэрта Фіцу ўжо даставілі выратавальным верталётам у больніцу Рузвельта ў Банска-Бістрыцы. Згодна з кадрамі TV Markiz, яго на насілках даставілі з верталёта ў аддзяленне неадкладнай дапамогі. Паколькі ратавальнікі накрылі ляжачага прэмʼер-міністра прасцінай, паглядзець, ці знаходзіцца ён у прытомнасці і якія ў яго траўмы, не ўдалося.

Паводле звестак урадавай канцылярыі, жыццё Фіцы знаходзіцца ў небяспецы. Менавіта гэтым тлумачыцца тое, што яго даставілі не ў сталіцу краіны Браціславу, а ў бліжэйшую Банска-Быстрыцу: «Наступныя некалькі гадзін вырашаць».

16:55. Denník N са спасылкай на некалькі крыніцаў адзначае, што жыццю Робэрта Фіцы нічога не пагражае. У яго раны жывата і, мяркуючы з усяго, рук і ног. Цяпер яго вязуць у больніцу ў Банска-Бістрыцы.

16:40. У сацыяльных сетках распаўсюджваецца відэа, знятае праз некалькі секундаў пасля страляніны. На ім відаць, як ахоўнікі і паліцыя садзяць нападніка ва ўрадавы лімузін.

Рэпарцёр Denníka N, які быў на месцы здарэння, бачыў, як ахоўнікі паднялі прэмʼер-міністра з зямлі, пагрузілі ў машыну і павезлі. Паводле сведак, Робэрт Фіца падышоў да людзей, якія яго віталі, пасля чаго прагучала некалькі стрэлаў. Затым прэм’ер упаў на зямлю. Адна са сведак бачыла крывавыя раны на грудзях і галаве палітыка.

Меркаваны нападнік быў затрыманы паліцыяй. Паліцыя ачапіла тэрыторыю, культурны цэнтр эвакуявалі.

Паседжанне Нацыянальнай рады было прыпыненае на нявызначаны тэрмін з прычыны страляніны. Прадстаўнік кіроўнай партыі абвінаваціў у здарэнні дэпутатаў ад апазіцыі і журналістаў. Прадстаўнікі апазіцыйных партыяў асудзілі замах на кіраўніка ўраду.

Робэрт Фіца стаў прэмʼер-міністрам, калі ягоная партыя «Кірунак – сацыяльная дэмакратыя» атрымала перамогу на выбарах у кастрычніку 2023 года. Падчас выбараў ягоная партыя выступала з крытыкай дапамогі Украіне і за нармалізацыю стасункаў з Расеяй і Беларуссю. Саюзны кандыдат Фіца ў 2024 годзе перамог і на прэзідэнцкіх выбарах.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў