Генпракурор Швед: У Беларусі пасля 2020 года зарэгістравана больш за 16 тысяч злачынстваў «экстрэмісцкага характару»


Генеральны пракурор Беларусі Андрэй Швед паведаміў, што пасля пратэстаў 2020 года ў Беларусі ягоным ведамствам было зарэгістравана больш за 16 000 злачынстваў «экстрэмісцкага характару». Пра гэта ён заявіў падчас выступу на паседжанні генеральных пракурораў краінаў ШАС у кітайскім горадзе Сіань.

Генеральны пракурор Андрэй Швед. Скрыншот з відэа. Крыніца: Генеральная Прокуратура Республики Беларусь / YouTube

Андрэй Швед назваў падчас прамовы ў Кітаі яшчэ адну лічбу: 70 % злачынстваў «экстрэмісцкага характару» ў Беларусі былі ўчыненыя з ужываннем інфармацыйных тэхналогіяў.

«Паводле рашэнняў пракурораў аператыўна абмяжоўваецца доступ да інтэрнэт-рэсурсаў і сеткавых выданняў, праз якія распаўсюджваецца кантэнт экстрэмісцкага зместу», – дзяліўся досведам са сваім калегамі з ШАС (Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва) Андрэй Швед.

Цікава, што інфармацыя пра 16 тысяч «экстрэмісцкіх» злачынстваў адсутнічае (ці ўжо прыбраная адтуль) у паведамленні на афіцыйным сайце Генпракуратуры. Але гэтую лічбу падаюць некаторыя прапагандысцкія СМІ, прыкладам – «Sputnik Беларусь».

Злачынствы «экстрэмісцкага характару» ў перакладзе з афіцыйнай мовы беларускага рэжыму на чалавечую азначаюць крымінальныя справы, заведзеныя з палітычных прычын. Гэта «злачынствы» за перапосты і падпіскі на незалежныя беларускія СМІ, «няправільныя» аватаркі ў сацсетках, каментары пад пастамі і г.д.

На 8 лістапада праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала палітвязнямі 1460 чалавек. Паводле ініцыятывы «Dissidentby», за кратамі ў Беларусі знаходзіцца 1685 палітзняволеных. Лічбы, агучаныя Шведам, даюць падставы меркаваць, што колькасць палітычных зняволеных можа быць нашмат большая.

Hавiны
«Вясна»: У журналіста-палітвязня Любенчука пачаліся праблемы з хрыбетнікам
2023.11.08 13:28

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў