Расследаванне «BYPOL»: сапраўдны кіраўнік «BELPOL» – дзейны супрацоўнік КДБ


«BYPOL» апублікаваў расследаванне, у якім сцвярджае, што за расколам у арганізацыі, а таксама за тымі, хто стварыў другое аб’яднанне былых сілавікоў «BELPOL», стаіць дзейны агент беларускага КДБ.

Імя чалавека, пра якога ідзе гаворка ў сюжэце «BYPOL», не раскрываецца. Паводле прадстаўніка арганізацыі Станіслава Лупаносава, з прычыны таго, што арганізацыя былых беларускіх сілавікоў не мае права займацца аператыўнаю працаю на тэрыторыі чужой дзяржавы, а таксама таму, што ўся інфармацыя была перададзеная польскім спецслужбам. Акрамя таго, прадстаўнікі «BYPOL» не хочуць самасуду з боку беларусаў.

Містар Х, як яго называюць аўтары расследавання, звярнуўся да Аляксандра Азарава 9 жніўня 2022 года, у дзень стварэння Аб’яднанага пераходнага кабінету, у якім Азараў заняў пасаду прадстаўніка ў справе аднаўлення правапарадку.

Містар Х распавёў, што ён былы высокапастаўлены супрацоўнік КДБ, які звольніўся адтуль, каб змагацца з рэжымам Лукашэнкі, і з’ехаў у Грузію. Ён паведаміў, што ёсць унікальным спецыялістам у галіне нацыянальнай бяспекі, аператыўна-вышуковай дзейнасці і да т. п. Мужчына хацеў далучыцца да «BYPOL» і прасіў дапамагчы яму з візай.

Містар Х пераконваў, што ў пераходным кабінеце няма спецыялістаў ягонага ўзроўню, што ён кінуў высокааплатную працу дзеля барацьбы. Паводле ягоных словаў, пасля звальнення з КДБ ён працаваў у кіраўніцтве прыватнага прадпрыемства, але гэта ў хадзе расследавання не пацвердзілася – не было ніякіх звестак пра ягонае звальненне з КДБ. У ФСАН і іншых базах не знайшлося інфармацыі, што ён працаваў у цывільных арганізацыях пасля імавернага звальнення з КДБ. Было выяўлена, што ў сярэдзіне 2000 гадоў мужчына некалькі разоў уладкоўваўся ў прыватныя фірмы, а потым звальняўся і лёгка вяртаўся на працу ў КДБ. Паводле «BYPOL», гэта падобна да працы пад прыкрыццем.

Нягледзячы на ўсе гэтыя пытанні, «BYPOL», аднак, дапамог Містару Х адкрыць візу і запрасіў у Варшаву.

«Перасцярогі, што ён дзейны агент, былі ад самага пачатку. Мы разумелі ўсе рызыкі такога кроку. Аднак нават мінімальныя шанцы атрымаць у каманду такога высокапастаўленага супрацоўніка з такім высокім узроўнем допуску былі вартыя такой рызыкі. Ад самага пачатку мы вырашылі вельмі абмежавана пасвячаць яго ў справы арганізацыі. Да звестак плану «Перамога» і планаваных мерапрыемстваў увогуле не дапускалі. Яму даручылі выключна медыйную працу», – распавёў Станіслаў Лупаносаў.

Містар Х пачаў працу ў арганізацыі былых сілавікоў. Праз некаторы час ён пачаў правакаваць канфлікты паміж супрацоўнікамі, падбухторваць іх супраць Азарава, таксама настойліва спрабаваў даведацца пра дэталі плану «Перамога», прасіў пазнаёміць яго з замежнымі амбасадарамі, каб папрасіць у іх грошай на ягоныя радыкальныя ініцыятывы ў Беларусі, патрабаваў кантактаў партызанаў унутры Беларусі, каб яны выконвалі ягоныя заданні. Выступаў за радыкальныя сілавыя метады барацьбы.

Беларускі свет
Колькі байполаўцаў застаецца ў Беларусі? Лічба ўражвае
2023.12.05 17:04

Супрацоўнікі «BYPOL» запрасілі найлепшага паліграфіста Усходняй Еўропы, каб яшчэ раз праверыць свайго новага калегу, аднак Містар Х паспрабаваў дыскрэдытаваць спецыяліста і адмовіўся.

Новаму працаўніку «BYPOL» было даручана правесці і напісаць расследаванне пра КДБ. Ён гэтага так і не зрабіў і не перадаў ніякай важнай сакрэтнай інфармацыі, настойваў на тым, што КДБ не мае дачынення да злачынстваў супраць беларускага народу, маўляў, гэтым займалася толькі невялікая частка яго супрацоўнікаў і толькі падчас выбараў.

«Ён патрабаваў пазнаёміць яго з украінскім партнёрамі, каб атрымаць у іх зброю і выбуховыя прылады, нібыта каб знішчыць Лукашэнку і найвышэйшае кіраўніцтва рэжыму. Навязліва цікавіўся тэхнічнымі рэсурсамі плану «Перамога», асабліва дронамі дальняга радыусу дзеяння, і настойваў на ўдарах па Беларусі з тэрыторыі Польшчы і Літвы, у прыватнасці падчас параду 3 ліпеня, каб узарваць трыбуну Лукашэнкі з усімі высокапастаўленымі асобамі», – распавядае Лупаносаў.

Гэтая ідэя вельмі насцеражыла сябраў «BYPOL».

«Калі б мы рэалізавалі ідэю Містара Х, мы б сталі ў адзін шэраг з тэрарыстамі, таму што ўдар па трыбуне прывёў бы да ахвяраў сярод мірных жыхароў, – кажа Станіслаў Лупаносаў. – Пасля такога ўдару Польшча б арыштавала і аддала б пад суд усіх удзельнікаў аперацыі. Беларускі рэжым у такім выпадку запатрабаваў бы выдачы ўсіх, хто звязаны з «BYPOL» і Кабінетам як тэрарыстаў. Хутчэй за ўсё, польскі бок пагадзіўся б, каб не быць уцягнутым у вайну. А далей беларускую дыяспару прызналі б пагрозай нацыянальнай бяспецы і запатрабавалі б пакінуць краіну».

«BYPOL» сцвярджае, што цяпер дакладна вядома, што чалавек, пра якога ідзе гаворка ў расследаванні, – рэальны кіраўнік арганізацыі «BELPOL» і стаіць у ценю за тымі, хто выступае публічна ад яе імя. Ён таксама мае доступ да ўсёй канфідэнцыйнай інфармацыі, якая паступае ў «BELPOL».

«Белсат» звярнуўся за каментаром у «BELPOL» адносна інфармацыі агучанай у расследаванні «BYPOL». Там адказалі, што каментаваць гэта не будуць.

Каментар
Скандалы ніколі не скончацца? «ByPol» назваў датычных да дыскрэдытацыі арганізацыі
2023.11.29 16:18

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў